Выпрабаванне для падпісчыкаў
Общество

Выпрабаванне для падпісчыкаў

IMG_2081Самыя гарачаўстойлівыя парыльшчыкі з ліку падпісчыкаў “Лунінецкіх навін” сабраліся ў басейне “Дэльфін”. Раённая газета ў чарговы раз заклікала на конкурс па спорт-саўне “З лёгкай парай!”.

Ветлівыя гаспадары гасцінна запрасілі прайсці ў частку будынка, дзе размяшчаюцца дзве цудоўныя саўны. Адна — з вільготнай парай, другая — з сухой. Мы выбралі ПЕРШУЮ. Кіраўніцтва ДЮСШ па водных відах спорту паклапацілася пра тое, каб стварыць максімум зручнасцей для правядзення конкурсу.

Перад пачаткам выпрабаванняў пазнаёмілі з умовамі. Сутнасць конкурсу заключаецца ў тым, хто дольш прасядзіць у саўне пры высокай тэмпературы і вільготнасці. Улічваючы вопыт правядзення падобных мерапрыемстваў, сёлета вырашылі ўскладніць выпрабаванне. Нельга было апранаць шапачкі і падсцілаць што-небудзь на паліцу. Дазвалялася абапірацца рукамі і нагамі на калені, паварочваць галаву, выціраць пот, але без затрымкі на якім-небудзь участку цела. Забаранялася апускаць галаву ніжэй плеч, уставаць і хадзіць па парылцы.

I вось, пасля невялікай “размінкі”, за канкурсантамі зачыніліся дзверы парылкі. Мужчыны, трэба сказаць, што жанчыны не выказалі жадання паўдзельнічаць у конкурсе, у бадзёрым настроі пачалі дзяліцца ўражаннямі і нешта абмяркоўваць. Але гэта працягвалася толькі некалькі хвілін. Пры тэмпературы 115-120 градусаў шмат не пажартуеш. Суддзі ўважліва сачылі, каб не было парушэнняў і за станам іх здароўя парыльшчыкаў. У выпадку неабходнасці медработнік басейна была гатова аказаць першую дапамогу. Забягаючы наперад скажу, што канкурсанты аказаліся не з дзясятка слабых. Між тым, час ішоў, і з кожнай хвілінай парыльшчыкаў на паліцах заставалася ўсё менш…

Анатоль Баўкуновіч:

— У парылцы бываю кожную суботу. Таму аб цудадзейным уплыве на здароўе саўны ведаю не па чутках. Цудоўна, што наша раённая газета ініцыіруе і праводзіць конкурсы, арыентаваныя на здаровы лад жыцця. Нават не ведаў, што ў басейне ёсць парылка, ды яшчэ і дзве. Раскажу знаёмым і парэкамендую абавязкова наведаць.

Уладзімір Кузьмянчук:

— Нават не думаў атрымаць такі падарунак ад “Лунінецкіх навін”. Парылка — гэта цудоўна. Дзякуй усім, хто падарыў такое выдатнае свята напярэдадні Новага года.

Перад пачаткам конкурсу ўдзельнікам абвясцілі, што іх чакаюць падарункі. Але аб тым, якія гэта прызы, не ўдакладнілі. Калі ў парылцы засталася тройка прызёраў, а канкурсанты ўпарта спрабавалі выведаць сакрэт, члены журы пажартавалі: “Пераможцу чакакае масаж на працягу адной гадзіны, які зробіць прыгожая дзяўчына”.

— Міша, трымайся, прыз цудоўны, калі б ведаў, не выскачыў бы так хутка з парылкі, — падтрымліваў выбыўшы ўдзельнік аднаго з самых гарачаўстойлівых.

I вось яны фінішныя хвіліны. З парылкі выходзіць бронзавы прызёр — лунінчанін Анатоль Дзеніс, на хвіліну больш пратрымаўся Міхаіл Баўкуновіч. А пераможцам стаў Уладзімір Пінчук з Язвінак.

Як пазней расказаў юнак, 2014-ты для яго асаблівы — закончыў сельскагаспадарчы каледж і атрымаў запатрабаваную зараз прафесію тэхнік-будаўнік. А ў наступным годзе маладога чалавека чакае новае выпрабаванне — тэрміновая служба ў арміі.

Супрацоўнікі “Лунінецкіх навін” павіншавалі канкурсантаў з тым, што ўсе паспяхова вытрымалі выпрабаванне. Уручылі падарункі прызёрам і суцяшальныя прызы тым, хто крыху не дацярпеў — Ігару Грыневічу, Раману Харкевічу, Уладзіміру Кузьменчуку і Анатолю Баўкуновічу.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть