Общество

Выпрабаванне памяццю

28 лютага ў Брэсце з удзелам польскага консула і прадстаўнікоў звязаных з Польшчай неўрадавых і некаторых маладзёжных арганізацый прайшло мерапрыемства, прысвечанае “дню праклятых салдат”, а прасцей сказаць – ушанаванню банды Рамуальда Райса (Бурага).

Некалькі слоў пра тое, хто такі Рамуальд Райс. Польскі атрад спецыяльнага прызначэння пад камандаваннем былога байца Арміі Краёвай Рамуальда Райса, вядомага пад мянушкай Буры, у першы пасляваенны год расстраляў больш як 80 мірных жыхароў Бельск-Падляскага павета Польшчы, 79 з іх па нацыянальнасці былі беларусамі. Па звестках, для 32-гадовага Рамуальда Райса было прынцыпова важным знішчаць менавіта праваслаўных беларусаў…

Зразумела, што такое жудаснае злачынства не засталося без пакарання: Буры быў арыштаваны польскімі органамі дзяржбяспекі і па прыгавору суда павешаны. Два гады таму вывады пра тое, што Буры быў бандытам і забойцам, польскі бок прызнаў памылковымі.

Такія дзеянні, на жаль, не выпадаюць з рэчышча сучасных адносін да нашай. Пазіцыю Польшчы вызначаюць адкрытыя выклікі, якія ахвотна падтрымліваюць антыбеларускія СМІ. Чарговы дэмарш у апошні дзень лютага атрымаў адэкватную рэакцыю з боку нашага МІДа: на мінулым тыдні консулу, які браў удзел у мерапрыемстве, у сувязі з грубым парушэннем Венскай канвенцыі было прапанавана пакінуць Беларусь. А ўпраўленне абласнога Следчага камітэта прыняло да вытворчасці крымінальную справу па факту ўчынення 28 лютага групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю нацызма і распальванне нацыянальнай розні. Для яркасці малюнка варта дадаць, што ў час мерапрыемства на бачным месцы за спінамі беларускай дзетвары была разгорнута карта Польшчы, межы якой распасціраліся далёка за сённяшнія. Няцяжка здагадацца, на якія вобласці Сінявокай упаў панадны позірк “картографаў-самазванцаў”.

Але ж сёння гаворку хачу веці не толькі пра гэта. “Гістарычная памяць – гэта фундаментальная рэч… Беларуская нацыя існуе, яна сфарміравалася. Не трэба інтарэсы нацыі падстройваць пад свае палітычныя перакананні, на мінулае трэба глядзець шырока раскрытымі вачамі. І тады больш аб’ектыўным будзе погляд на сучаснае”, – гэтыя словы дэкана факультэта філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэта, кандыдата гістарычных навук Вадзіма Гігіна (“СБ Беларусь сегодня” за 13.03.2021.) вельмі дакладна характарызуюць сённяшнюю сітуацыю.

Аднак ці ўсё робім мы з вамі, каб глядзець на гэтае гістарычнае мінулае шырока раскрытымі вачамі? Ці расказваем настойліва, мэтанакіравана, пераканаўча маладому пакаленню пра Вялікую Айчынную вайну – падзеі не такой і далёкай, здавалася б, даўніны? Паклаўшы руку на сэрца, скажыце, колькі экскурсій з удзелам дзетвары наладзілі мы (няхай не ў 2020-ым, пазначаным пандэміяй, а крыху раней) ва ўнікальны музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, на мемарыяльны комплекс “Лінія Сталіна”, у Хатынь, на Курган Славы ці на святую зямлю Брэсцкай крэпасці?

Непасрэдных сведкаў гераічнага мінулага застаецца ўсё менш. На Лунінеччыне на 15 сакавіка 2021 года – усяго 8 удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай. Яшчэ 69 – прайшлі праз выпрабаванні прымусовых работ у Нямеччыне, двое лічацца работнікамі тылу. Сёння ў большасці сваёй гэта нямоглыя людзі, але ж іх сведчанні застаюцца каштоўнай крыніцай звестак пра жудаснае ліхалецце.

Дзяржавай шмат робіцца для таго, каб зберагчы памяць пра ліхалецце, увекавечыўшы неўміручы подзвіг савецкага салдата, які вызваліў свет ад карычневай чумы. Аднак жадаючых наноў перапісаць гісторыю, як бачым, менш не становіцца. Менавіта таму вельмі важна сёння выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы далучэння падрастаючага пакалення да ўражваючых старонак мінуўшчыны.

Пэўныя крокі ў гэтым накірунку робяцца, у тым ліку – і на Лунінеччыне. Некалькі год запар з удзелам грамадскіх арганізацый і і мясцовых крязнаўцаў ладзяцца акцыі, прысвечаныя ўшанаванню памяці спаленых вёсак. Учора такая прайшла ў чарговы раз. Навучэнцы політэхнічнага каледжа і СШ №1 г. Мікашэвічы разам з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў пабывалі на брацкай магіле ў Сітніцкім Двары, дзе апошняе супакаенне знайшлі зажыва спаленыя фашыстамі 482 жыхары гэтага населенага пункта, і каля памятнага знака Беламу возеру – знішчанай акупантамі і так і не адрадзіўшайся вёскі. Немагчыма без шчымлівага пачуцця тугі знаходзіцца каля гэтых помнікаў. Сёння данінай сведчанням жудаснага мінулага з’яўляецца памяць. Менавіта яна павінна, у ліку іншага, стаць магутнай аб’ядноўваючай сілай у асаблівы для нашага грамадства год – Год народнага адзінства.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть