Вырашаць пытанні лепш разам
Общество

Вырашаць пытанні лепш разам

собраниеАгульны сход грамадзян — адна з найбольш дзейсных формаў узаемадзеяння ўлады з насельніцтвам. Дзе, як ні тут, можна адкрыта параіцца з людзьмі, выслухаць іх заўвагі і прапановы, на падставе якіх прымаць далейшыя рашэнні.

На такую сустрэчу з жыхарамі аграгарадка Сінкевічы в.а. старшыні сельвыканкама Валерый Краснікевіч і кіраўнік спраў Вольга Клеўжыц запрасілі начальніка Мікашэвіцкага аддзялення міліцыі Сяргея Дзенісеню, першага намесніка начальніка РАНС Эдуарда Санюковіча, майстра ўчастка Мікашэвіцкай ЖКГ Яўгена Нагорнага, дэпутата райсавета Мікалая Кочыка.

Кола разглядаемых пытанняў было даволі разнастайным. Па-першае, трэба было выбраць старастаў населеных пунктаў. Публічна абмеркаваўшы прапанаваныя кандыдатуры, прыйшлі да высновы, што ўсе яны аўтарытэтныя і з пастаўленымі задачамі абавязкова справяцца. Большасць галасоў аддалі за Мікалая Філюка (ляснічага Сінкевіцкага лясніцтва), які будзе садзейнічаць згуртаванасці жыхароў Сінкевіч; Настассю Пракаповіч (актыўная пенсіянерка) — Мокрава; Настассю Малую (настаўніцу фізічнай культуры Сінкевіцкай СШ) — Намакрава; Галіну Крывулец (былога дырэктара Сітніцкадворскай школы) — Сітніцкі Двор; Уладзіміра Капліча (работніка станцыі Сітніца) — Лутавень.

Валерый Краснікевіч пазнаёміў прысутных з дзейнасцю прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, падзяліўся з планамі работы на бягучы год. Зала ажывілася, як толькі перайшлі да абмеркавання пытанняў добраўпарадкавання. Людзей хвалявала, куды падзець галлё, абрэзанае з садовых дрэў. Вывозіць яго камунальнікі адмаўляюцца. Было растлумачана, што яго таксама забяруць на прычэп, але толькі падрыхтаванае да здачы: пасечанае і перавязанае шпагатам. Жыхар Сітніцкага Двара паскардзіўся, што машына па збору смецця часта мінае некаторыя вуліцы населенага пункта. А жанчына з Сінкевіч папрасіла агарадзіць міні-палігон для смецця, які знаходзіцца на шляху прагону кароў на пашу. Хваляваў людзей і стан дарогі, якая вядзе на Сітніцкі Двор.

Вяскоўцам паабяцалі пракантраляваць работу па вывазу смецця, да пачатку пашавага сезона агарадзіць міні-палігон, а грэйдзіраванне дарогі на Сітніцкі Двор трымаць пад увагай.

З цікавасцю слухалі прысутныя інфармацыю аб крымінагеннай сітуацыі на тэрыторыі сельсавета, а таксама аб аналізе супрацьпажарнага стану домаўладанняў і мерах бяспекі, з якімі выступілі запрошаныя на сход прадстаўнікі ад органаў правапарадку і РАНС.

Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся і пра культурны адпачынак вяскоўцаў. Пасля дзелавой размовы сцэнай завалодалі самадзейныя артысты Сінкевіцкага СДК і аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якія ад душы дарылі слухачам сваё мастацтва.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть