ХТО ТВОРЧАСЦЮ САГРЭЎ ЛІЦЭЯ СЦЕНЫ, ТОЙ ГОДНУЮ САБЕ РЫХТУЕ ЗМЕНУ!
Общество

ХТО ТВОРЧАСЦЮ САГРЭЎ ЛІЦЭЯ СЦЕНЫ, ТОЙ ГОДНУЮ САБЕ РЫХТУЕ ЗМЕНУ!


НАМ ПАШЧАСЦІЛА ВУЧЫЦЦА Ў ПРАФЛІЦЭІ Ў ЮБІЛЕЙНЫ ГОД!

Дружны рознаўзроставы калектыў прафесійнага ліцэя прыборабудавання яшчэ больш згуртавала падрыхтоўка да святкавання 30-годдзя навучальнай установы. Сёння навучэнцы (разам з педагогамі і майстрамі) прымаюць віншаванні і дораць гасцям энергію маладосці, радасць дасягненняў, прагу ўдасканалення!

Фота Рыгора ЖУКА.

ТАКОЕ НЯДАЎНЯЕ МІНУЛАЕ…

Вытрымка з загада №56 Дзяржаўнага камітэта па прафесійна-тэхнічнай адукацыі БССР ад 7 сакавіка 1980 года: «Адкрыць у г. Лунінцы прафесійна-тэхнічнае вучылішча на 460 месцаў з мэтай падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых для Лунінецкага завода па вытворчасці электрарухавікоў Міністэрства электратэхнічнай прамысловасці СССР…”. Будучыя спецыялісты набывалі наступныя тэхнічныя спецыяльнасці: абмотчык электрычных машын і апаратаў; зборшчык электрычных машын і апаратаў; наладчык агрэгатных станкоў і агрэгатаў; аператар станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем; электраманцёр па рамонту і абслугоўванню электрабасталявання; слесар-мантажнік; слесар КІПіА. З 1984 года пачалася падрыхтоўка навучэнцаў па спецыяльнасці «прадавец харчовых тавараў; прадавец нехарчовых тавараў”. У 1999-ым – адкрыта ліцэйская група па прафесіі «аператар ЭВМ” з паглыбленым вывучэннем фізікі і матэматыкі. Праз год пачаліся заняткі ў ліцэйскай групе з эканамічным ухілам па прафесіі «прадавец харчовых тавараў; прадавец нехарчовых тавараў”. У маі 2000 года рашэннем Брэсцкага аблвыканкама прафтэхвучылішчу №146 прысвоены статус прафесійнага ліцэя прыборабудавання. Праз 4 гады навучальная ўстанова паспяхова вытрымала атэстацыю Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і творчую справаздачу перад упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

«Я Б РАБОЧЫМ СТАЦЬ ХАЦЕЎ…” «МЫ ЦЯБЕ НАВУЧЫМ!”

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка па наступных адзінкавых кваліфікацыях: на аснове базавай адукацыі з атрыманнем сярэдняй (на працягу 2 год і 10 месяцаў) – токар, фрэзероўшчык, электразваршчык ручной зваркі; электраманцёр па рамонту і абслугоўванню электраабсталявання, электрамеханік па рамонту і абслугоўванню СВМ; аператар ЭВМ; прадавец, прадпрымальнік; электраманцёр па рамонту і абслугоўванню электраабсталявання; слесар-рамонтнік, электразваршчык ручной зваркі; на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (на працягу 10 месяцаў) – электраманцёр па рамонту і абслугоўванню электраабсталявання; токар; слесар-рамонтнік, электразваршчык ручной зваркі; прадавец.

ЛЯ РУЛЯ ЎЛАДЫ

Першым дырэктарам установы прафтэхадукацыі быў Аляксандр Гардзеевіч Гнедзька. Праз тры гады яго змяніў Леанід Іванавіч Казлоў. У 1990-1993 гг. калектыў узначальваў Яўген Яўгенавіч Богдан. Год кіраваў Уладзімір Іванавіч Харытановіч, з 1995-га – на чале вучылішча стаяў Мікалай Рыгоравіч Якубовіч. У жніўні 2009 года дырэктарам прафліцэя прызначаны Андрэй Рыгоравіч БАЎКУНОВІЧ. Новыя ідэі маладога сучаснага кіраўніка падтрымліваюць спецыялісты, якія адказваюць за разнастайныя напрамкі дзейнасці. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Трафімаўна МІЛЮК мае 34 гады педагагічнага стажу. Выпускніца філфака Брэсцкага педінстытута была выхавальніцай, потым загадчыцай дзіцячага садка №2, на базе якога ў 2003 годзе стварала сацыяльны прытулак. Блізка да сэрца ўспрыняўшы абяздоленасць лёсам сваіх падапечных, усвядоміла, што доўга не вытрымае… Вось ужо тры гады ўзначальвае вельмі адказны працэс і, адначасова, выкладае навучэнцам псіхалогію і этыку дзелавых адносін. З удзячнасцю прыгадваючы першы працоўны калектыў, шчаслівая новай работай з творчымі калегамі. Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Уладзімір Георгіевіч ЕРМАЛОВІЧ у пэўным сэнсе – ветэран прафліцэя, працуе з 1983 года. Ураджэнец Лунінца вядомы грамадскай актыўнасцю са школьных год, калі ўзначальваў клуб «Гвардзеец” тагачаснага Дома піянераў. Выпускнік Горацкай сельгасакадэміі быў размеркаваны ў новую навучальную ўстанову роднага горада. Пазней набыў і другую вышэйшую адукацыю – педагагічную – па спецыяльнасці інфарматыка. Выкладае чарчэнне. Прызнаецца, што не церпіць аднастайнасці, работа захапляе, таму што кожны дзень даводзіцца вырашаць новыя справы. Званне настаўніка лічыць самым вялікім гонарам на свеце! Віктар Пятровіч КАРАТЫШ адказвае за грамадска-масавую работу, у тым ліку фізкультурнікаў, сацыяльна-псіхалагічнай службы, бібліятэкі, інтэрната, клуба, сталовай. Адукацыю настаўніка фізкультуры набываў у Гродненскім тэхнікуме і Гомельскім універсітэце. Больш як 20 год выкладаў у Кажан-Гарадоцкай СШ, з 1993-га – родным стаў другі калектыў. Занятасць адміністрацыйнай работай не адцягвае ад захаплення – вядзе гурток баскетболу. Летась яго спартсменкі занялі другое месца сярод 30-ці аналагічных устаноў Брэстчыны. Яшчэ большы гонар – стварэнне каманды аднадумцаў-дарослых, якія «гараць на рабоце”, асвятляючы жыццё калектыву. Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік пратэхадукацыі”. Мікалай Андрэевіч КАРАТЫШЭЎСКІ – старшы майстар, у падпарадкаванні якога 23 майстры, два слесары, механік. За плячамі спецыяліста – 9 год працы ва вучэбна-курсавым камбінаце сістэмы меліярацыі, 12 – у ПТВ-160, 15 – у цяперашнім калектыве. Ён прызнаецца, што любіць навучэнцаў, да якіх заўсёды звяртаецца на «вы”. Падводзілі – адзінкі, пра якіх не хочацца прыгадваць. Затое з гонарам пералічвае прозвішчы выпускнікоў, якіх «вывеў у майстры”. Адладжаны майстэрні і электралабараторыя, дзе аказваюцца платныя паслугі. Шкадуе, што не ўсе прадпрыемствы, уключаючы РВУП «Граніт”, бяруць на практыку дзяцей, годную падрыхтоўку якіх гарантуе.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть