Общество

«Я цябе люблю»

поздникинаСвой 60-гадовы юбілей адсвяткавала Вольга ПАЗДНІКІНА.

У прадчуванні прыемнай сустрэчы спяшаюся ў дзіцячы садок №8 “Крынічка”, які мая гераіня ўзначальвае вось ужо 33 гады запар. З цікавасцю разглядваю прылягаючую тэрыторыю. Здзіўляюся! Вось жартоўнае мядзведзяня і божая кароўка, а тут у хваёвым лясочку схаваўся казачны домік Бабы Ягі, вунь вадаёмчык з бусламі ды зайчыкі і парсючок… Паўсюль – ідэальная чысціня. На ганку вітаюся з намеснікам загадчыка па гаспадарчай частцы Галінай Ігнаткевіч. Выказваючы сваё ўражанне, пытаю:
– Цяжка працаваць з Вольгай Канстанцінаўнай?
– Вельмі патрабавальны чалавек, але мы прывыклі да такога кіраўніка. Галоўнае, што яна – справядлівая. Асабіста лічу, што больш прыемна і лёгка працаваць там, дзе парадак, а не анархія.
У самым будынку таксама чыста і ўтульна – па-дамашняму. А вось і гаспадыня вялікага казачнага царства – Вольга Пазднікіна. Наша гаворка нетаропка зайшла ўвогуле пра сістэму сучаснага дашкольнага выхавання, шматлікія праблемы – перш за ўсё, гаспадарчыя, якія нярэдка даводзіцца вырашаць самім.
– Адкуль чэрпаеце сілы?
Адказ атрымаўся шчырым, як на духу:
– Часам адольвае пачуццё бязвыхаднасці, стомленасці ад вялікай адказнасці за жыццё дзетак, ад пастаяннага напружання не толькі днём, але і ўначы. На шчасце, такі настрой хутка праходзіць. Натхняюць нашы поспехі. І ўжо здаецца, што не можа быць раднейшым дом, чым мой дзетсад. Калі б жыццё пачаць спачатку, зноў выбрала б такую дарогу. Уявіце, якое шчасце, калі бягуць да цябе насустрач, абганяючы адзін аднаго, малышы, абступяць з усіх бакоў, і нехта ціхенька на вушка прамовіць: “Я цябе люблю…”. Вось з-за такіх момантаў варта жыць і працаваць!
– Разумею вашых выхаванцаў. Пашанцавала ім на “галоўную маму”. А якія шляхі прывялі вас у наш край?
– Недалёкія. Я – паляшучка, з суседняга Столінскага раёна. Выхоўвалася ў дружнай і працавітай сям’і. Мяне і сястрычку бацькі заўсёды вучылі не баяцца любой работы. З ранняга маленства спазналі смак сялянскіх клопатаў. Пастаянна палолі бясконцыя гектары калгасных буракоў, пасвілі кароў, гусей. Мелі даручэнні і абавязкі па дому. Да таго ж, павінны былі добра вучыцца. Пачатковую школу закончыла ў сваёй вёсцы Ворсынь. Потым ха-дзіла ў васьмігодку за 7 кіламетраў ад дома. Нярэдка гэтую адлегласць пераадольвалі пехатой. У непагадзь жылі на кватэры.
Мы з сястрой – педагогі. Я закончыла аддзяленне дашкольнага выхавання і навучання Пінскага педагагічнага вучылішча. Па размеркаванню трапіла ў Баранавічы, дзе 2 гады выхоўвала дзетак і 4 – займала пасаду метадыста. Завочна атрымала дыплом Мінскага педінстытута.
Неяк аднойчы запрасілі ў Лунінец на вяселле, дзе адчула цікавасць з боку маладога чалавека. У новым знаёмым спадабаўся вясёлы характар. На свяце ён быў цэнтрам увагі, усіх зачароўваў прыгожай бравай постаццю і запальнымі танцамі. Як аказалася, ён доўгі час з’яўляўся заўзятым удзельнікам танцавальнага калектыву пры Лунінецкім ДК. Прыкмеціла ў ім упэўненасць, настойлівасць і надзейнасць. Кожныя выхадныя ён прыязджаў (нават на таварных цягніках!) у Баранавічы, і ўсё часцей настойваў на маім пераез-дзе. Так у 1978 годзе я стала Пазднікінай і лунінчанкай.
Вольга Канстанцінаўна адрозніваецца зайздросным пастаянствам: верная і адданая сям’і, другой малой радзіме, калектыву “Крынічкі”, дзе спачатку была выхавальніцай, а з 1980-га – загадчыцай. За сваю гісторыю садок часта мяняў ведамасную падпарадкаванасць: то адносіўся да завода “Палессеэлектрамаш”, то да раённага аддзела адукацыі.
– Калі ласка, прыгадайце дасягненні і ўзнагароды?
– У нас дружны, працаздольны і творчы калектыў, якому ёсць чым ганарыцца. У 1996-ым “Крынічка” ўвайшла ў дзясятку лепшых дашкольных устаноў Беларусі і атрымала Дыплом рэспубліканскага конкурсу “Дзетсад года”. Яшчэ раней – у 1989-ым – мы перамаглі ў рэспубліканскім, а ў 2008-ым – у раённым аглядзе-конкурсе метадычных кабі-нетаў. Цяпер можам пахваліцца, што самі выхоўваем сабе кадры. Узначалілі калектывы іншых садкоў шасцёра нашых былых спецыялістаў – Л.П. Шкабара, В.І. Лазіцкая, Г.П. Сыціна, Т.А. Шпак, А.І. Харытановіч, Н.Н. Карпец. Гэтыя пераводы з кар’ерным ростам – як выключэнне ў адсутнасці цякучасці кадраў.
Звярну ўвагу на яшчэ адзін важкі паказчык. Многія нянечкі, якія выпадкова прыйшлі на работу (часцей з-за дзіцяці), пасля завочнай адукацыі пераводзіліся на пасаду выхавальнікаў.
– А як адзначаны ваш уклад на ніве выхавання і навучання маленькіх лунінчан?
– Дзякуй, увагай не абдзелена. Шматлікія Ганаровыя граматы раённага і абласнога ўзроўняў, а ў 1999-ым чытачы “Лунінецкіх навін” ушанавалі званнем “Чалавек года”.
– Неяк сказалі, што марыце аб заслужаным адпачынку. Калі такая пара прыдзе, што будзеце рабіць?
– Спачатку высплюся, – смяецца суразмоўніца. – Зараз на сон зусім мала часу застаецца. З намі жыве мая 85-гадовая мама, якая кожны вечар чакае мяне з работы. Ёй таксама неабходна ўдзяляць увагу. Ёсць дача, не страчваю сувязі з родным домам і вялікім прысядзібным участкам. У мяне шмат кветак. І, увогуле, планаў процьма. Люблю вязаць, вышываць. Чакае “сустрэчы” вялікая колькасць непрачытаных кніг. З маім Іванам Аркадзьевічам марым аб падарожжах. Якое задавальненне для дваіх – рыбалка на роднай Прыпяці! Але самае запаветнае жаданне – напісаць гісторыю “Крынічкі”.
– Дай Божа вам сіл, здароўя і вечнага натхнення, каб ажыццявіліся ўсе задумкі і пачынанні! Пенсійны перыяд – цудоўныя гады жыцця чалавека, калі паяўляецца магчымасць і час для глыбокага раскрыцця свайго ўнутранага свету, для ажыццяўлення высокіх мар і планаў. Працягвайце радаваць навакольных і наш край добрымі справамі.
– Дзякуй.
– Вам неабыякавы лёс
дзіцячага садка. Ці падрыхтавалі
сабе годную замену?
– У калектыве многа моцных, вопытных спецыялістаў, здольных заняць пасаду кіраўніка, у тым ліку Ала Паўлаўна Нікалаевіч – вельмі адказны і творчы метадыст. З ёй у нас добры кантакт, узаемаразуменне.
Каб больш не адрываць В.К. Пазднікіну (тым больш, нашу размову пастаянна перарывалі тэлефонныя званкі), вырашыла сустрэцца з яе намеснікам і яшчэ раз упэўнілася, што няўрымслівы і неабыякавы кіраўнік акружае сябе такімі ж аднадумцамі. Ала Паўлаўна правяла невялікую экскурсію па экалагічным кабінеце, дзе размешчана выстава гліняных вырабаў не толькі знакамітай дымкаўскай цацкі, але і беларускіх народных матываў. Сапраўдная кузня будучых скульптараў!
Пакідала садок з думкамі: “Здавалася б, усё проста: будзь неабыякавым, шчырым чалавекам, паважай людзей – і яны адкажуць той жа ўзаемнасцю. Пры такой гармоніі можна ставіць і вырашаць вялікія задачы”.
Наталля КАЗАНКОВА, старшыня савета ветэранаў педагагічнай працы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть