Общество

“ЯЕ ДАБРЫНЯ – ПА ЖЫЦЦІ НАМ ПАДТРЫМКА”, –

гавораць сябры, былыя калегі і ўдзячныя вучні, віншуючы з 70-гадовым юбілеем настаўніцу беларускай мовы і літаратуры СШ №3 г. Лунінца Соф’ю Міхайлаўну ГУЗ.

Ніна Піпчанка, ветэран педагагічнай працы:

–З Соф’яй Міхайлаўнай пазнаёмілася ў 1966 годзе, з пачатку адкрыцця СШ №3, дзе разам сталі працаваць. Пасябравалі. Так я даведалася, што калега нарадзілася ў старажытным Кажан-Гарадку. Тата з мамай нядоўга разам выхоўвалі дзвюх дачушак. У 1944-ым Міхаіл Іванавіч Малафейчык быў прызваны ў Чырвоную Армію і загінуў на фронце. У 1970-ыя дочкі абаронцы Айчыны наведалі Германію, пакланіліся магіле роднага чалавека… Ці трэба нагадваць, у якой нястачы гадаваліся “дзеці вайны”?! Але жыццёвыя цяжкасці загартоўвалі характар, выхоўвалі сумленнасць і адказнасць. Закончыўшы школу, пачала працу ў калгасе. Праз год запрасілі ў Кажан-Гарадоцкую СШ лабаранткай. Сустрэлася з настаўнікам Раманам Антонавічам, у маі 1961-га згулялі вяселле. З гэтага года Соф’я Міхайлаўна працавала ў СШ №2 г. Лунінца. Завочна вучылася ў педагагічным інстытуце. У трэцяй школе спачатку была выхавальніцай групы падоўжанага дня, праз два гады – стала выкладаць родную мову і літаратуру.

Таццяна Богдан, выпускніца-1971, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь:

–Са школьных год захаплялася педагагічным талентам Соф’і Міхайлаўны. Як цудоўна і пранікнёна настаўніца чытала вершы беларускіх паэтаў! Як мы чакалі яе ўрокаў, як праглі новых адкрыццяў нацыянальных адметнасцей на старонках даўно знаёмых твораў! Прыгожая жанчына з заўсёднай усмешкай, дорачай дабрыню… Калі я вырашыла звязаць лёс з выкладчыцкай працай, не апошнюю ролю ў гэтым вызначэнні адыграла адна з любімых настаўніц.

Дзмітрый Онгейберг, выпускнік-1972, пісьменнік (Ізраіль):

–Наша мама і Соф’я Міхайлаўна сябравалі не толькі ў сценах школы, а і па жыцці. Яна часта заходзіла да нас дамоў. Настаўніц называлі “дзве Софы з трэцяй школы”. Мая сястра Ірына з Амерыкі перадае пажаданні ўсяго найлепшага, галоўнае ж – здароўя Соф’і Міхайлаўне і яе мужу. Прыміце нашы павагу і любоў за пакаленні вучняў, якіх з годнасцю вывучылі. Было дело Ваше – не земля, не камень,
С Господом занятие под стать –
Жизнь свою делить с учениками,
Словом добрым в душах прорастать.
К Богу ближе я, и мысль одну лелею:
Пусть от бед хранит Вас пуще он,
Пусть пошлет Вам много юбилеев!
Cо Святой земли Вам мой поклон…

Святлана Парфёнава, выпускніца-1976, дырэктар прыватнага прадпрыемства (г. Мінск):

– Соф’я Міхайлаўна – вельмі вытрыманы чалавек, з пачуццём уласнай годнасці і павагай да іншых людзей. Вельмі любіла дзяцей, хаця, пэўна, гэта было ўласціва кожнаму настаўніку іх пакалення. Такія чулыя і добрыя людзі, як яна, – рэдкія ў наш час. Сустракаемся з Соф’я Міхайлаўнай з такой жа радасцю, з якой настаўніца вітае навакольных, таму што яна адкрывае душу сваім выхаванцам. І заўсёды звяртаецца да нас, ужо сярэдняга ўзросту людзей, па памяншальна-ласкальных імёнах: Светачка, Танечка, Сашачка. Адчуваючы сябе ў яе вачах такімі ж вучнямі, як калісьці ў дзяцінстве, хочацца адпавядаць таму ўзору чалавека і грамадзяніна, якіх выхоўвала настаўніца, каб нічым не азмрочыць яе бескарыслівую любоў…

Наталля Сыцэвіч, выпускніца-1996, сакратар прыёмнай ДУ “Лунінецкі райЦГіЭ”:

–Педагагічны стыль Соф’і Міхайлаўны ўвасабляў яе жыццёвыя прынцыпы. У нашага класнага кіраўніка не было любімчыкаў ці дрэнных вучняў. Да ўсіх адносілася роўна і справядліва. Не ўсе захапляліся беларускасцю. Але на ўроках роднай мовы і літаратуры панавалі цішыня і ўвага. Соф’я Міхайлаўна заварожвала нас сваім голасам, вучні міжволі траплялі ў палон спрадвечнай замілаванасці матчынай мовай… Прайшло 15 год, як закончылі школу. Сустракаючыся з Соф’яй Міхайлаўнай, адчуваем, як мы не абыякавыя ёй: яна ўсіх памятае і кожным цікавіцца. Яна называла нас “мае дзеткі”. З таго часу адчуваем, што маем другую маму, любоў якой таксама падтрымлівае па жыцці. Застаецца дадаць, што толькі такія прыгожыя і таленавітыя людзі, сапраўдныя настаўнікі ад Бога, спрыяюць аднаўленню ў нашым грамадстве належнага статусу роднага слова! З пачуццём шчырай павагі да Соф’і Міхайлаўны да пажаданняў юбілярцы мужнасці, цярпення, сілы духу, спагады далучаецца выпускніца-1975 Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть