АгропромНовости районаОбщество

Як займаюцца конегадоўлей у Лунінецкім раёне

Сучасная конегадоўля нічым не нагадвае перыяд яшчэ недалёкага мінулага, калі чатырохногія надзейныя памочнікі выконвалі ролю цягавой сілы, іх утрымлівалі на падворках і ў калгасных канюшнях з мэтай апрацоўкі зямлі і перавозкі грузаў. З развіццём тэхнічнага прагрэсу гаспадары пераселі на невялікія мотаблокі, а прадпрыемствы забяспечаны машынамі і трактарамі рознай магутнасці.

Над прыгожымі і добрымі жывёламі ўзнікла пагроза знікнення. Але, дзякуючы веянням новага часу, яна не спраўдзілася – коней пачалі разводзіць у мэтах развіцця турыстычнай галіны. На Лунінеччыне першапраходцам у гэтай справе і стала дзяржаўнае прадпрыемства “Гарадоцкі”, дзе зараз утрымліваюцца 89 галоў.

– Пачыналі з набыцця 24 асобін палескай запражной пароды, – расказвае дырэктар Сяргей Дублянін. – За два гады іх наяўнасць пабольшылася ў некалькі разоў. Дакупілі дарослых коней, паявіліся на свет малышы. Агульную колькасць плануем павялічыць да 130! 16 жарабят прадалі ў лячэбна-рэабілітацыйны цэнтр, дзе нашы гадаванцы будуць паляпшаць самаадчуванне хворых дзетак. Спецыяльны масаж рэкамендаваны пры многіх недамаганнях.

Развядзенне коней – справа клапатлівая і не танная. Але, дзякуючы энтузіязму калектыву і падтрымцы дзяржавы, яна развіваецца. Становяцца рэгулярнымі экскурсіі, арганізаваныя на аграсядзібе “Гарадоцкі рай”, якая належыць прадпрыемству. Асноўныя ўдзельнікі паездак на арыгінальных санях і павозках – школьнікі. Для дзетвары важнымі з’яўляюцца некалькі фактараў: задавальненне ад дзейства і выхаваўчая роля ад бліжэйшага знаёмства з жывёльным светам. Набывае папулярнасць незвычайны адпачынак і ў дарослых – нядаўна правялі некалькі экскурсій для гасцей з Міншчыны, якія засталіся вельмі задаволенымі і паабяцалі, што парэкамендуюць наведацца на Палессе сваім знаёмым.

– Мы атрымалі племянное пасведчанне. Такі дакумент маюць усяго некалькі гаспадарак у краіне, – дзеліцца набыткамі і планамі Сяргей Аркадзьевіч. – Удзельнічаем у семінарах, сустракаемся з аматарамі конегадоўлі з іншых рэгіёнаў. Падчас мерапрыемстваў шмат чаго даведваемся, нешта бяром на ўзбраенне. Сёлета парадаваў Полукс. Яго прывезлі да нас тры месяцы таму, але, дзякуючы належнаму догляду галоўнага канявода Міхаіла Казуна (на здымку), атрымалася падрыхтаваць жывёліну да выставы. Прырода не пакрыўдзіла, такога прыгажуна рэдка сустрэнеш, што і адзначылі на “Белагра-2022”. Таму з селекцыйнай накіраванасцю ў рабоце ў нас усё ў парадку. Вялікую цікавасць  у дзетвары выклікалі поні. Ёсць чатыры асобіны, улічваючы запатрабаванасць, будзем займацца іх развядзеннем. Не хачу загадзя агучваць больш смелыя планы, але спадзяюся, што ў бліжэйшы час зможам здзівіць землякоў сваімі задумкамі. 

Нагадаем, што на міжнароднай выставе «Белагра-2022», якая праходзіла нядаўна ў Мінску, было прадстаўлена мноства разнастайных экспазіцый, маючых дачыненне да сельскагаспадарчай галіны. Знайшла, што паказаць, і дэлегацыя з дзяржаўнага прадпрыемства «Гарадоцкі» – яны прывезлі на мерапрыемства адразу трох удзельнікаў: два поні – Іскарку і Саманту, каня-прыгажуна чорнай масці па мянушцы Полукс. Іх удзел адзначаны спецыяльнымі дыпломамі.

Марыя Яраховіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть