МикашевичиМолодежьОбразованиеОбщество

Я+Я=Сям’я. Разважанні настаўніка (Мікашэвічы)

“Я+Я = Сям’я” – прыгожа сказаў беларускі пісьменнік У.Ліпскі. І кожнае Я ў Сям’і напаўняецца мудрасцю, сілай, жыццёвым зарадам. Усім тут добра, бо жывуць родныя людзі.

         Кветкі, шары… Ляцяць у блакітную высь белыя галубы. І вось яны-замілаваныя, закаханыя- Ён і Яна. Маладажоны, не, лепш Маладыя: жаніх і нявеста. На крылах любові яны імчацца ў Храм, каб атрымаць благаславенне Найвышэйшага.

               Прыгажуня-нявеста, уся ў белым, асляпляльна чаруе прысутных, і строгі, крыху няўпэўнены жаніх. Ім па-добраму зайздросцяць сябры, госці, іх суправаджаюць дзеці. На іх не могуць наглядзецца бацькі.

              Маладыя перад імі і Богам даюць слова на добрае жыццё,на верную сям’ю.

           Так было.Так ёсць .Так будзе.

           З часоў Антычнасці шматлікіх філосафаў і мысліцеляў цікавіла пытанне сапраўднага Жыцця, вартага Чалавека. Што лепш: імкнуцца задаволіць свае ўласныя жаданні ці дапамагаць таму, хто поруч? Радавацца сваім набыткам ці падзяліцца  імі з іншымі? Гуляць у хованкі з сумленнем ці перажываць узлёты і падзенні блізкага чалавека?

           Які даць адказ? Дзе знайсці час, каб думаць не толькі пра сябе, а і пра іншых?

          Час, як карусель, і ў ёй поруч ідуць два сэрцы, два Я. Прыгожа сказаў У. Ліпскі:  “Я+Я=Сям’я. І няхай гэтая жывая карусель будзе вечнай, каб мацнелі сем’і, каб трымаўся род”.

            Сям’я  —  ячэйка грамадства. Яна заснавана на шлюбе, роднасці яе членаў. А апостал Павел назваў сям’ю “асновай і падмуркам грамадства”.

У сям’і чалавек атрымлівае духоўна-маральнае выхаванне. Яе ядро — гэта прадаўжальнікі роду чалавечага — дзеці, імі, як і сям’ёй, нельга  ахвяраваць ні пры якіх абставінах.

          Любоў гэта праяўляецца праз цёплае слова, добры прыклад, шчырую ўсмешку. Уменне адобрыць дзеянне дзяцей поглядам ці словам заўсёды фарміруе ў падрастаючага пакалення пачуццё асабістай годнасці.Тактоўныя бацькі, прад’яўляючы патрабаванні да да сыноў і дачушак, заўсёды забаўляюць: “Можа, я не ўпэўнены, але факты сцвярджаюць аб гэтым…” ці “Ну, добра, ты, вядома, можаш  заставацца  пры сваіх думках. Але вырасцеш- па-другому глянеш на гэта…”.

          Сучасныя псіхолагі лічаць, што для падлетка вельмі важна, каб яго разумелі тата і мама, ацэньвалі яго магчымасці, пазбягалі прыніжаючых славесных характарыстык. Негатыў заўсёды на віду, а добрае? Выхадных жа ў выхаванні няма, але ёсць святы-  святы бацькоўскага шчасця : у сям’і расце Чалавек! Недарэмна М.Горкі лічыў, што ў кожным чалавеку ёсць званочак, і калі яго крануць,ён зазвініць самым цудоўным, што ў яго ёсць.

На вялікі жаль, сёння сям’я перажывае складаны час. Час крызісу- маральнага. Распадаюцца сем’і… Дзеляцца дзеці… Паўстае пытанне: куды ж дзеліся абяцанні, дадзеныя перад Богам і людзьмі.Сям’я жыве ці існуе?

           Шкала каштоўнасцей зведзена да дзвюх велічынь: культу сілы і грошай. Сумна і трывожна, што ікона стала звычайным таварам, а тавар набыў статус іконы. І гэты ідэалізаваны  сямейны рай( а гэта ж пекла!), які нахабна прапануецца сучасным экранам і ў якім дзейнічае супергерой, пераносіцца ў наша рэальнае жыццё. А што можа такая сям’я?  Што ў іх на абедзенным стале? Пра што і як яны размаўляюць, якія песні спяваюць? Не, там не гучыць матчына калыханка. Там малы пяцікласнік не пахваліцца, што разам з бацькам складаў кадраплан па літаратурным творы. У сілу аб’ектыўных  і суб’ектыўных  прычын  у такіх сем’ях усё зводзіцца толькі да матэрыяльнага забеспячэння.

          Вядомы польскі пхіхолаг Я.Пулікоўскі, які меў вялікі вопыт работы ў сямейнай кансультацыі, называе асноўную прычыну гэтаму- адсутнасць у сям’і  бацькі, які рэальна выконвае свае функцыі як муж і тата. Сыну ён пакажа на ўласным вопыце пачуццё мужчынскай любові, а з дарослай дачкой тонка распавядзе гаворку пра адносіны з маладым чалавекам. І гэта яе, магчыма, у будучым зберажэ ад мноства расчараванняў, дапаможа знайсці выбранніка на ўсё жыццё.

           У час знаёмства з кнігай У.Ліпскага “ Мама.Малітва сына” вучні –васьмікласнікі былі здзіўлены: як можа чалавек сталага узросту, сам ўжо дзядуля, столькі ў душы трымаць цёплых слоў пра сваю маці: “ Маміны ўрокі самыя ясныя і простыя. Працуй з малых год. Стаміўся, змакрэў- прысядзь, адпачні.Залаценькі мой. Любенькі мой… От і дачакаліся ад цябе помачы…”Узвышана ацэнена матчынае слова- гэта божы дар. Маці ,нястомная працаўніца, яна і ў святочны дзень паказвала, як трэба цаніць дараваны  Богам свет.” Дзякуй,мама, за тваю навуку, якой грэюся цяпер я і ўся мая сям’я”.

            Мяне як настаўніка і маці вельмі непакоіць лёс маіх выхаванцаў. Праглядаю сацыяльны пашпарт сям’і : некаторыя вучні выхоўваюцца ў няпоўных, ненадзейных сем’ях, не ведаюць матчынай ласкі, не чуюць бацькоўскага слова. А якія няшчасныя і пакрыўджаныя тыя рабяты, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем,  не працуюць,  вядуць амаральны лад жыцця!

              Як прабіць асфальт бездухоўнасці? Ці дойдуць да іх словы Н.Гілевіча:

Страціў слова, страціў спадчыннае слова…

Страціў штосьці ў душы абавязкова…

           Ці разумеюць сёння бацькі, што галоўная мэта стварэння сям’і-выратаванне?Гэта  саюз дзеля выратавання  душы сваёй, дзеля выканання запаведзяў Божых і, самае галоўнае, дзеля памнажэння жыцця, гэта значыць, дзеля нараджэння дзяцей.

              А вось нашы продкі добра ведалі, як трэба выхоўваць іх, разумелі, што жыць ў сям’і  трэба вучыць чалавека з дзяцінства.Высока яны цанілі сямейны саюз. Яны свята разумелі, што Дзеці- гэта дар Божы. Ведалі, што на чале стаіць Гаспадар- Бацька.І як тут не звярнуцца да ўспамінаў Якуба Коласа і яго вечнай паэмы, энцыклапедыі жыцця беларускага народа “Новая зямля” : “Сям’я была працавітая, набожная. І хоць жылі ў лесе, у леснічоўцы, але маліліся аднаму Богу і шанавалі яго. З іконай перасяляліся з месца на месца. На покуці толькі бацьку дазвалялася садзіцца. Скрозь на лаве сядзелі дзеці. Дзяцей вучылі працаваць змалку, вучылі хрысціцца, вучылі царкоўнай грамаце. Бога любілі і  шанавалі. А яшчэ больш бацькава слова. Ён быў галоўным для ўсіх:

        Стаялі хлопцы і маўчалі,

        На бацьку коса паглядалі…

            Добра яны ведалі цану бацькавага слова. Так, гаспадар-галава ў хаце. Ён адказваў за ўсё, што адбывалася ў сям’і.Тое ж адзначаў і Ф. Затворнік :“ Сям’я- царква. Ён галава ў сям’і, аберагае яе чысціню, бо адказны ён перад людзьмі і Богам да добрае слова і злое зелле ў сваёй сям’і”.

          Асаблівую ролю ў выхаванні дзяцей выконвала і Гаспадыня-Маці. Да гэтага вобраза ва ўсе часы захаваліся самыя цёплыя і пяшчотныя адносіны. Чытаю пра матчыны ўрокі вядомай сёння паэтэсы Р.Баравіковай, а здаецца, што чую словы сваёй матулі. Яны запрашаюць мяне ў дзяцінства, у святочную казку дзіцячых сноў. “ Мама вярталася з царквы з пасвячонай пасхай. Так, гэта быў Вялікдзень.

         “Хрыстос уваскрэс !”- радасна казала мама і цалавала мяне ў шчаку.

         “ Ваісціну ўваскрэс!”- адказвала я ёй , яшчэ не разумеючы сэнсу гэтых слоў, як і многіх іншых. А потым з вераю, замілаваннем ,нібы Богу, расказвала мне пра веру, пра грахі людскія,  жыццё з добрымі памкненнямі. А сёння я сваім дзецям і ўнукам паўтараю матчыну навуку. Як яна  любіла жыццё, так люблю і я яго. Гэтаму вучу блізкіх. Кожны чалавек праз усё жыццё праносіць успаміны, звязаныя з матуліным словам, часам суровым. Маці песціць і патрабуе . “ Але заплюшчы вочы і задумайся, не палянуйся разважаць,-  зноў сцвярджае У. Ліпскі,- і ты адразу зразумееш  цану матчынай ласкі і цяпло матчынай шчакі і сілу матчынага слова”.

           У сям’і павінны быць згода і паразуменне, бо шлюб- гэта Свяшчэннае Таінства Нябёсаў. Толькі такая сям’я вартая ўвагі, і ў ёй словы бацькоў будуць прыкладам для дзяцей. Маці і бацька заўсёды на вачах.Іх адносіны-ключ да выхавання  будучых мужчыны і жанчыны. Пра такія сем’і кажуць: у іх жыццё, як мёду піццё.

         Так было.Так ёсць. Так будзе.

Марына Краўчук, настаўнік беларускай мовы і літаратуры  ДУА “ Сярэдняя школа № 2 г. Мікашэвічы”

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть