Язвінкі: вёска, у якой хораша жыць
Общество

Язвінкі: вёска, у якой хораша жыць

язвинкиРазам з аграгарадкамі на Лунінеччыне развіваюцца і звычайныя вёскі. Адна з іх – старадаўнія Язвінкі, якія сёлета адзначаць 400-годдзе. Прырастае населены пункт новабудоўлямі. Толькі за першае паўгоддзе 5 сем’яў вяскоўцаў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

Як расказаў старшыня Дварэцкага сельсавета Аляксандр Віднікевіч, у 325 дварах тут пражывае амаль тысяча чалавек. Улічваючы блізасць Язвінак да горада (8 кіламетраў) частка працаздольнага насельніцтва занята на прадпрыемствах і арганізацыях райцэнтра, другая – на палях і фермах СВК “Дварэцкі”. Ёсць і тыя, хто выязджае на заробкі ў краіны бліжняга замежжа.

Язвінкі аднымі  з першых на Лунінеччыне былі газіфікаваны. Ёсць у вёсцы водаправод. З 10 вуліц, 5 – асфальтаваных. Працуюць дзіцячы садок, школа, амбулаторыя, сельскі Дом культуры, бібліятэка, пошта, лясніцтва, магазін райспажыўтаварыства. Штодзень дастаўляе сюды хлебабулачныя вырабы Лунінецкі хлебазавод. Функцыянуюць і некалькі прыватных ларкоў па подажу харчовых і прамысловых тавараў. Дадатковы заробак вяскоўцаў – гэта клубніцы і бульба. Кароў людзі амаль не трымаюць. Упраўляцца на прысядзібных участках дапамагаюць прыватнікі, якія маюць ва ўласнасці сваю тэхніку. У аднаго з прадпрымальнікаў ёсць абсталяванне для размолу зерня. Грамадскім транспартам вёска забяспечана добра: дзейнічаюць зручныя для людзей чыгуначныя і аўтобусныя маршруты.

 язвинки4Нягледзячы на тое, што паштовае аддзяленне Вольга МУЗЫКА ўзначаліла толькі тры месяцы таму, справы ў яе ладзяцца:

– Радуюся зладжанай рабоце паштальёнаў Алены Германовіч, Тамары Каховіч і Вольгі Шэлест. Яны выдатна правялі чарговую падпісную кампанію. Усе даведзеныя заданні выканалі. Не пакрыўдзілі вяскоўцы і “Лунінецкія навіны”. На гэты раз прыхільнікаў газеты пабольшала на 34 чалавекі. І гэта, нягледзячы на тое, што ў вёсцы працуе распаўсюджвальнік раёнкі.

язвинки6Два разы на тыдзень загадчыца Язвінскай амбулаторыі агульнай практыкі Вольга Мірошкіна праводзіць прыёмы хворых на ФАПе ў Ракітна. Дапамагае ёй у рабоце загадчыца ФАПа, акушэр Соф’я Валько.

– Падчас клубнічнага сезону людзі ў нашых вёсках не хварэюць, – кажа Вольга Васільеўна. – Ёсць магчымасць удзяліць пільную ўвагу тым, хто стаіць на ўліку. Сваім транспартам дастаўляем людзей на рэнтген у раённую бальніцу, выязджаем па выкліках на дом, наведваем інвалідаў, ветэранаў вайны і працы.

язвинки3Прасторная зала з шырокім выбарам харчовых і прамысловых тавараў – так знутры выглядае адкрыты летась пасля рэканструкцыі магазін тавараў паўсядзённага попыту.

Пад кіраўніцтвам Валянціны Коўшык працуюць прадаўцы Наталля Германовіч, Ала Скіба і Валянціна Шабан. Падтрымлівае парадак Настасся Барысевіч. Наколькі асартымент гандлёвай кропкі задавальняе густы пакупнікоў, пацікавіліся ў маладой жанчыны:

– Прыехала з Мінска да бацькоў. Магазін выдатны. Шмат найменняў тавараў, добрае абслугоўванне. Найчасцей купляю прадукцыю Лунінецкага малочнага завода. Падабаецца яна нашай сям’і. Малаку, тварагу і сметанковаму маслу з гандлёвай маркай “Малочная кропелька” аддаю перавагу і ў сталіцы.

язвинки7Многія жыхары вёскі працуюць на палях і фермах  СВК “Дварэцкі”.

Непадалёк ад Язвінак размяшчаецца магутная сушыльная гаспадарка сельгаскааператыва: зернеток з сучаснымі сушылкамі і сховішча, разлічанае на захоўванне 10 тысяч тон зерня. Амаль побач узводзіцца і новая малочнатаварная ферма на 720 галоў буйной рагатай жывёлы. Будаўнічыя работы тут ідуць поўным ходам. Тым не менш, кіраўнік сельгаскааператыва Анатоль Кіндрук не выпускае іх з поля зроку. Вось і зараз абмяркоўвае некаторыя нюансы з прарабам ПМК-7 Сяргеем Ятчанка. У Язвінках знаходзяцца і майстэрні машынна-трактарнай брыгады №1 сельгаскааператыва.

язвинки2Нязвыклая цішыня пануе сёння ў школе, дзе яшчэ нядаўна набывалі веды 270 хлопчыкаў і дзяўчынак. 26 з іх сёлета сталі выпускнікамі і развіталіся з дзяцінствам, а іх месцы зоймуць першакласнікі. Для вучняў настаў час праходжання летняй практыкі. З задавальненнем прымае ў ёй удзел учарашняя 10-класніца Наталля ПІНЧУК.

язвинки5Нягледзячы на тое, што будынак Язвінскага СДК даволі непрыкметны на выгляд, жыццё ў ім проста б’е ключом. Каб упэўніцца ў гэтым, варта зазірнуць за сцэну, дзе знаходзяцца, так бы мовіць, адміністрацыйныя пакоі. Тут столькі цікавага і займальнага – падзелкі, карціны, вышыванкі… – што проста вочы разбягаюцца. А самае галоўнае, што ўсё гэта – творчасць вяскоўцаў, чым вельмі ганарыцца мастацкі кіраўнік установы Галіна АБРАМЧУК.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть