З ДУШОЙ, АДКРЫТАЙ ДЗЕЦЯМ
Общество

З ДУШОЙ, АДКРЫТАЙ ДЗЕЦЯМ

Прафесія настаўніка адносіцца да разраду вечных і будзе запатрабавана да той
пары, пакуль на Зямлі нараджаюцца дзеці. Хутчэй за ўсё, у кожнага з нас у душы
жыве пачуццё вялікага чалавечага прызнання людзям, якія зрабілі ўсё магчымае,
каб мы сталі годнымі грамадзянамі нашага грамадства. У іх ліку – Іван Фёдаравіч
РАШЭЦКІ.


У пісьменніка Валянціна Распуціна
ёсць цудоўны расказ «Урокі французскага”. А ў Івана ў жыцці вельмі важнымі былі
ўрокі фізічнай культуры, якія дапамаглі зразумець, што гэта не толькі ўменне
біць па мячы ці бегчы хутчэй за ўсіх, гэта яшчэ – загартоўка характару, сіла,
энергія, дысцыпліна, прыгажосць, здароўе, падцягнутасць. Гэта асаблівы стан
душы, пры якім і вучоба даецца лёгка, і працуецца з агеньчыкам. З дзяцінства ён
зразумеў, што ў настаўніка фізічнай культуры ёсць «зброя” незвычайнай моцы,
якая здольна ператварыць «гадкіх качанят” у «прыгожых лебедзяў”.

Пасля заканчэння школы юнак
паступіў у тагачасны Брэсцкі педагагічны інстытут. Яго імя – у ліку першых
выпускнікоў факультэта фізічнага выхавання. Па размеркаванню быў накіраваны ў
Язвінскую СШ. Разам з настаўніцкім вопытам набываў і «будаўнічы”. З вучнямі
добраўпарадкавалі стадыён з бегавымі дарожкамі і скачковымі ямамі. Іван
Фёдаравіч хутка знайшоў агульную мову з дзецьмі і з лёгкасцю накіроўваў іх нястрыманую энергію ў належнае рэчышча.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведвалі спартыўныя секцыі, дапамагалі
арганізоўваць спаборніцтвы, удзельнічалі ў іх, выпускалі насценныя газеты,
рэгулярна сачылі за спартыўнымі падзеямі па тэлебачанні, а потым абменьваліся
думкамі. Акрамя гэтага, пад кіраўніцтвам настаўніка рамантавалі спартыўны
інвентар.

Не менш плённа і актыўна працаваў
Іван Фёдаравіч і ў тагачасным СПТВ-160. Тут выкладчык надаваў вялікую ўвагу стварэнню
спартыўнай базы. Многае з таго, што зроблена з непасрэдным удзелам І.Ф.
Рашэцкага, надзейна служыць у фізічнай падрыхтоўцы цяперашніх навучэнцаў
каледжа.

Большую частку сваёй педагагічнай
дзейнасці – 25 год – прысвяціў настаўнік лунінецкай СШ №2. Будучы схільным да
гульнявых відаў спорту, паставіў мэту зрабіць баскетбольную каманду. Атрымалася.
Юнакі 5 год запар станавіліся пераможцамі раённай спартакіяды школьнікаў. Потым
захапіўся валейболам. І зноў поспех. На гэты раз яго прынеслі дзяўчаты, якія
таксама на працягу 5 год былі мацнейшымі на Лунінеччыне. Пазней меркаваў
падрыхтаваць тэнісную каманду, але падвяло здароўе. Вымушаны быў раней пайсці
на заслужаны адпачынак…

Іван Фёдаравіч ганарыцца сваімі
вучнямі. Па слядах свайго настаўніка пайшлі Аляксандр Мірановіч (выкладчык
політэхнічнага каледжа) і Аксана Цяльпук (настаўніца лунінецкай СШ №3). За
міні-футбольную каманду «Базар” выступаюць Ігар Бярозка і Міхаіл Санюковіч.
Пералічваць усіх, не хапіла б старонкі.

Па словах І.Ф. Рашэцкага, урок
фізкультуры – гэта магчымасць добрых, карысных зносін настаўніка і вучня, якія
выклікаюць станоўчыя эмоцыі. Гэта – свайго роду тэатральная пастаноўка, якая
ствараецца педагогам-рэжысёрам для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі
зарад здароўя, адчулі, што значыць пачуццё поспеху, падтрымка каманды,
калектыву.

Фізкультура – адно з самых
актыўных сродкаў фарміравання ў чалавека высокіх маральных якасцей, але гэты
сродак прыходзіць у дзеянне, калі яго выкарыстоўвае зацікаўлены сваёй справай
чалавек, які перажывае за сваіх выхаванцаў і іх будучае, чалавек, у якога ёсць
душа, адкрытая дзецям. Менавіта такім быў і застаецца Іван Фёдаравіч. Зараз яго
часта можна ўбачыць на спартыўных спаборніцтвах, якія праходзяць у горадзе:
футболе, тэнісе, більярдзе, валейболе… Яго вопыт вельмі карысны, таму настаўніка
часта запрашаюць да судзейства.

Калісьці ў Івана Фёдаравіча былі
два куміры – славутыя футбалісты Эдуард Стральцоў і Эдуард Малафееў, таму
невыпадкова і сыну даў гэтае гучнае імя. А зараз у былога настаўніка фізкультуры
два захапленні. Гэта – рыбалка і ўнук Данілка. Дзядуля ўпэўнены, што з малыша
атрымаецца сапраўдны аматар спорту, а, можа, і не проста аматар…

Напярэдадні дня работнікаў
фізічнай культуры І.Ф. Рашэцкі адзначыў 60-гадовы юбілей. Віншуем юбіляра з
цудоўнымі святамі і жадаем, каб спартыўная загартоўка спрыяла моцнаму здароўю,
дабрабыту і ажыццяўленню ўсіх мараў!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть