З пачатку года ў Лунінецкім раёне зарэгістравана 110 крадзяжоў
МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

З пачатку года ў Лунінецкім раёне зарэгістравана 110 крадзяжоў

Крадзяжы з жылля, а таксама разнастайнай асабістай маёмасці грамадзян даволі распаўсюджаны.

Аператыўныя зводкі паказваюць, што прадметам пасягальніцтва з’яўляецца ўсё, што заўгодна: ад аднаго рубля, каструль, прадуктаў харчавання, адзення, веласіпедаў, мабільных тэлефонаў, аўтамабільных магнітол да дорагакаштуючай камп’ютарнай і відэатэхнікі, ювелірных вырабаў і буйных сум грошай. Часта грамадзяне самі праяўляюць неабачлівасць, не прымаючы належных мер па захоўванні сваёй маёмасці. Вялікай даверлівасцю вызначаюцца састарэлыя людзі, якія могуць пусціць незнаёмцаў у дом ці кватэру, або пакінуць жыллё, забыўшы зачыніць дзверы на замок. Бывае, што безнагляднымі застаюцца гаспадарчыя пабудовы, куды таксама ёсць свабодны доступ.

Як паведаміў «ЛН» начальнік міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Аляксандр ВЯРЭНІЧ, з пачатку года на Лунінеччыне зарэгістравана 110 крадзяжоў, нераскрытымі застаюцца 48. Напрыклад, яшчэ зімой шляхам падбору ключоў злачынца трапіў у гараж у райцэнтры, адкуль прыхапіў два наборы інструментаў. Вясной з дачнага ўчастка паблізу Яжавок “зніклі” 150 кілаграмаў металалому. У іншым выпадку гаспадар не знайшоў на лесвічнай пляцоўцы пакінуты там веласіпед… І падобных фактаў, на жаль, шмат.

Асноўнымі прычынамі і ўмовамі ўчынення крадзяжоў з’яўляюцца бяспечнасць і лішняя даверлівасць пацярпелых (гаспадары самі пускалі ў дом нячыстых на руку грамадзян; іншы раз злодзеі траплялі ўнутр праз незачыненыя форткі і дзверы, у тым ліку на балконе); сумеснае распіццё спіртных напіткаў у сумніўнай кампаніі; неналежная абарона жылых памяшканняў і адсутнасць ахоўнай сігналізацыі.

Калі раптам штосьці здалося падазроным, не губляйцеся ў сітуацыі і звяртайцеся ў міліцыю. А тым, хто здае кватэру, рэкамендуем правяраць дакументы кватарантаў і ўстанавіць іх месца рэгістрацыі. 

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть