З падарункамі – у сем’і
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас у Дзень маці наведала сям’ю Хамяковых з Вялікіх Чучавіч.
Ірына Герасімаўна і Сяргей Рыгоравіч гадуюць шасцёра дзяцей – 4 дачкі і 2 сыны. Сям’я жыве ў вялікім, светлым доме, узведзеным дзякуючы падтрымцы дзяржавы . Працуюць гаспадары ў мясцовым сельгаскааператыве. Маюць і сваю невялікую гаспадарку. На падворку ёсць карова, парасяты.
У свята (а разам з Валянцінай Ігнатаўнай да мнагадзетнай матулі прыехала актывіст раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Ірына Семянчанка) Ірына Герасімаўна прачула прымала салодкія пачастункі і фрукты ад дэпутата і набор пасцельнай бялізны ад сацыяльнай службы раёна.
У ходзе гутаркі мнагадзетная мама падзялілася сакрэтамі свайго сямейнага шчасця, расказала пра дзяцей. Старэйшая Юля вучыцца ў 10 класе. Дзевяцікласніца Алеся і малодшая Ганначка любяць гатаваць. Чацвёртакласніца Настачка захапляецца музыкай. Максім ва ўсю дапамагае бацьку па гаспадарцы. Самы маленькі Андрушка, агульны любімец, ходзіць у дзіцячы сад.
“Такія сем’і – лепшы прыклад надзейнасці і жыццялюбства . У нашы дні яны, на жаль, сталі рэдкасцю, а ў іх сапраўды ёсць чаму павучыцца. Вядома, такім людзям мы заўсёды будзем аказваць падтрымку», – падкрэсліла Валянціна Верас.