Заўсёды ў сэрцах родны край
Общество

Заўсёды ў сэрцах родны край

Едучы па Кажан-Гарадку, погляд міжволі падае на жоўтыя трубы, якія зімой і летам “упрыгожваюць” амаль кожную сядзібу аграгарадка. Гэта сведчанне таго, што жыхары карыстаюцца сучаснымі выгодамі — прыродным газам. Большасць вуліц забяспечаны цэнтральным водаправодам. Развітая інфраструктура ўключае ў сябе некалькі магазінаў, паштовае аддзяленне, філіял ашчаднага банка, участковую бальніцу, сельскі Дом культуры… А рэчка Цна ды непаўторныя краявіды наваколля робяць старажытнае мястэчка прыцягальным для жыцця.

Між тым, 29 год таму катастрофа на Чарнобыльскай АЭС ледзь не перакрэсліла існаванне населенага пункта. Зямля, шчодра пасыпаная радыеактыўным попелам, уяўляла для жыхароў вялікую небяспеку. Стаўшы зонай з правам на адсяленне, кожны мог пакінуць абжытыя мясціны, ды толькі скарыстацца гэтым адважыліся нямногія.

Дзякуючы клопату дзяржавы, вёска не толькі не загінула, але набыла больш высокі статут аграгарадка і сённяшняе аблічча. Не засталіся без увагі і землі мясцовай гаспадаркі СВК “Гарадоцкі”, — штогод на забруджаныя плошчы выдзяляюцца бясплатныя мінеральныя ўгнаенні. Гэта дазваляе вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю, што пацвярджаецца лабараторнымі даследаваннямі.

Прыкладна пяць год таму гаспадарка ўвайшла ў дзяржаўную праграму “Бульбаводства”. З таго часу плошчы, адведзеныя пад вырошчванне другога хлеба, складаюць не менш як 200 гектараў, сёлета, у прыватнасці, 235. Перавагу аддаюць беларускім сартам Скарб, Журавінка, Брыз. Да пасадкі прыступілі 13 красавца. Наяўнасць двух сучасных бульбасаджалак дазваляе адначасова весці работы на розных участках, за дзень засяваючы па 15-20 гектараў. У свой час “Гарадоцкі” быў ініцыятарам пасадкі бульбы ў грэбні, цяпер жа ад гэтай ідэі адмовіліся. Як расказаў галоўны аграном Сяргей Скіба: грэбні нарэзвалі пасля марозлівай зімы, каб зямля хутчэй прагрэлася. Цяпер жа зімы сталі цёплымі, вёсны раннія і патрэба ў праграванні адпала. Да таго ж, такая тэхналогія даволі затратная.

Городокский 2Работа звяна па пасадцы бульбы на ўчастку №1, размешчаным непадалёк ад Кажан-Гарадка, вялася пад кіраўніцтвам брыгадзіра Уладзіміра КРЫВАНОСА. Ён расказвае:

— Да Чарнобыльскай аварыі з сям’ёй пражываў у Кажан-Гарадку. Калі ж здарылася бяда, спалохаліся за здароўе і жыццё дзяцей. Сыну тады было 2 годзікі, дачушцы 1 месяц. Выехалі ў Растоўскую вобласць. Як толькі дзеці падраслі, не стрымалі ні цёплае мора, ні ўтульныя ўмовы для жыцця, ні работа. Настальгія па радзіме паклікала дамоў праз 10 год. Зараз у нас усё добра: жывем, працуем.

1986 год для трактарыста Васіля БІРЫЛЫ больш запомніўся прызывам у армію. Калі дэмабілізаваўся, усе страхі, якімі жыла Лунінеччына пасля аварыі на ЧАЭС, паступова развейваліся. Жыхар суседняга Дрэбска ўладкаваўся на работу ў “Гарадоцкі” без асаблівага апасення. Ажаніўся на мясцовай дзяўчыне, атрымаў добраўпарадкаванае жыллё ў аграгарадку, дзе падрастаюць дзеці.

Городокский 1Падабаецца жыць тут і вадзіцелю аўтамабіля ГАЗ-53 Івану РАКОВІЧУ. Неаднаразовы пераможца спаборніцтваў на перавозцы зерня ад камбайнаў, ён старанна выконвае любую работу. У гэтыя веснавыя дні яго задача своечасова падвозіць бульбу да саджалак. Выконвае па 3-4 рэйсы.

На дзень выхаду “ЛН” у гаспадарцы засадзілі бульбай больш як палову адведзеных плошчаў.

Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть