Общество

ЗА 10 АКУНЁЎ – У ТУРМУ

Апошнім часам на тэрыторыі раёна павялічылася колькасць злачынстваў супраць экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя. Самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца незаконная здабыча рыбы і паляванне.

Нягледзячы на тое, што са снежня 2007 года санкцыі па гэтых відах злачынстваў сталі больш жорсткія, а віноўныя могуць быць пакараны пазбаўленнем волі да 6 год, некаторыя грамадзяне па-ранейшаму лічаць, што рыбалка і паляванне ім дазволены ў любы час і любым месцы. Акрамя гэтага, яны карыстаюцца забароненымі прыстасаваннямі і спосабамі.

Жыхар Мікашэвіч Пінчук М.І. з дзяцінства захапляецца рыбалкай. Зараз яму 55 год, але з часам прыцягальнасць да лоўлі рыбы толькі ўзрасла. На працягу апошніх некалькіх год ён неаднаразова трапляў у поле зроку супрацоўнікаў інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, якія папярэджвалі, што за незаконную лоўлю сеткай ён будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак, словы не былі пачуты браканьерам, і ў снежні 2007-га суд назначыў яму пакаранне ў выглядзе штрафу, засяродзіўшы ўвагу на тым, што пры паўторным затрыманні ўзбудзяць крымінальную справу. Яе ўзбудзілі летась і прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі. Аднак, улічваючы станоўчыя характарыстыкі абвінавачваемага, устанавілі выпрабавальны тэрмін адзін год.

На некалькі месяцаў грамадзянін Пінчук забыў пра сваё захапленне, а ў лістападзе мінулага года зноў быў затрыманы за незаконную лоўлю рыбы і аштрафаваны. Але багатыя водныя ўгоддзі прыцягвалі зноў і зноў. Праз месяц забароненым прыстасаваннем ён злавіў 10 акунёў і ў чарговы раз трапіў “у сеткі” правасуддзя.

На пытанне дзяржаўнага абвінавацеля, чаму нягледзячы на ўсе папярэджанні і судзімасці, ён працягваў незаконна здабываць рыбу, браканьер адказаў:

– Рыбалка – мая хвароба!

Улічваючы, што злачынства ўчынена ў перыяд выпрабавальнага тэрміна, суд прыгаварыў Пінчука М.І. да 2 год і 1 месяца пазбаўлення волі з адбываннем у выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Гэта мінімальнае пакаранне, нягледзячы на тое, што ўрон за 10 акунёў склаў толькі 72 740 рублёў.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть