Общество

ЗА БЯСПЕЧНАЕ ЖНІВО

Пытанням бяспекі працы ў час уборачнай кампаніі заўсёды надаецца вялікая ўвага. Тым не менш, у многіх арганізацыях АПК дапускаюць парушэнні патрабаванняў заканадаўства, не вырашаюць існуючыя праблемы і ў поўнай меры не забяспечваюць рэалізацыю палажэнняў Дэрэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 г. № 1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.

Летась у сельгасвытворчасці ў краіне траўміраваны 487 работнікаў. Працягваецца сумная практыка і сёлета, на працягу студзеня-чэрвеня загінулі 22 чалавекі і 74 атрымалі калецтвы з цяжкім наступствамі. Найбольш траўманебяспечны перыяд назіраецца падчас жніва. Мінулагодняя статыстыка адзначае, што за месяц з 18 ліпеня па 18 жніўня пры выкананні ўборачных работ у краіне загінулі 3 чалавекі, яшчэ 11 атрымалі траўмы з цяжкім вынікам.

Прыкра, што прычыны з года ў год адны і тыя ж: невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, парушэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны і адпаведных інструкцый. Дапускаліся таксама выпадкі алкагольнага атручвання; парушэння правілаў бяспекі пры эксплуатацыі транспартных сродкаў, машын, механізмаў, абсталявання; невыкананне патрабаванняў бяспекі працы іншымі работнікамі; недастатковае навучанне і інструктаванне. Акрамя таго, падчас уборачных работ назіраецца аслаблены кантроль з боку кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак.

У ходзе месячніка бяспекі працы, які працягнецца да 18 жніўня, прадугледжана правядзенне праверак арганізацый, занятых вытворчасцю сельгаспрадукцыі, маніторынгаў і іншых мерапрыемстваў, а таксама захаванне працоўнай і вытворчай дысцыпліны, патрабаванняў правілаў унутранага працоўнага распарадку, інструкцый па ахове працы і іншых нарматыўных прававых актаў.

Віктар КЕЗЬ, галоўны дзяржаўны інспектар працы Пінскай МРІТ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть