ЗдоровьеЗдоровьеМикашевичиНовости районаОбщество

“За канавай” Блізкае суседства Століншчыны з Лунінеччынай ці Што аб’ядноўвае два раёны

У  цэнтральнай раённай бальніцы сустрэчу з калектывам, асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб нядаўна правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рыгор Пратасавіцкі.

Выступаючы перад прадстаўнікамі самай гуманнай прафесіі, Рыгор Васільевіч закрануў разнастайныя пытанні. Першае з іх мела непасрэднае дачыненне да медыкаў – пандэмія каронавіруса. Летам хвароба дала людзям перадышку, але заспакойвацца рана. Трывожныя паведамленні з іншых краін аб павелічэнні колькасці захварэўшых прымушаюць быць падрыхтаванымі да горшага. Галоўны ўрач Святлана Хлебус запэўніла, што калектыў гатовы супрацьстаяць бядзе. Вакцынаваны 71 працэнт насельніцтва раёна, зараз актыўна праходзіць працэс рэвакцынацыі.

Далей размова ішла аб цеснай сувязі паміж палітыкай і эканомікай краіны, мэтах інфармацыйнай вайны, якая разгортваецца ў сучасным свеце. Сенатар заклікаў верыць толькі дакладным крыніцам, з разважлівасцю адносіцца да сумніўных паведамленняў і не рабіць паспешлівых высноў з разнастайных “фэйкаў”.

З’яўляючыся старшынёй Столінскага райвыканкама, Рыгор Пратасавіцкі не мог не акцэнтаваць увагу на надзённых клопатах свайго рэгіёна. Сёлета там атрымалі рэкордную ўраджайнасць збожжавых, колькасць прададзенай агародніны вылічваецца сотнямі тон, кожная 13-ая сям’я – мнагадзетная.

“За канавай” – так жартоўна ў народзе называюць блізкае суседства Століншчыны з Лунінеччынай, маючы на ўвазе раздзяляючую іх велічную раку Прыпяць. Нягледзячы на невялі-кую адлегласць, у побыце насельніцтва ёсць шматлікія адрозненні. Там рэспубліканскую вядомасць набылі цяпліцы з агуркамі і памідорамі, нашым брэндам сталі клубніцы. Але ёсць і агульнае, што аб’ядноўвае абодва раёны – гэта працавітасць людзей. Кожны гаспадар займаецца тым, што ўмее рабіць. Дбаючы пра дабрабыт сваёй сям’і, ён адначасова ўносіць уклад у эканамічнае развіццё ўсёй краіны. Асновай з’яўляецца зямля, а стваральная праца на ёй дапамагае ў вырашэнні матэрыяльных пытанняў і дорыць чалавеку маральнае задавальненне.

– Нельга перашкаджаць людзям працаваць. Наадварот, важна выхоўваць любоў да яе, памкненне дасягаць большага, – упэўнены Рыгор Пратасавіцкі. – Абавязкова трэба ганарыцца Радзімай, шанаваць свой край.  Ведаю людзей, якія саромеюцца, што выраслі ў глыбінцы. Гэта недаравальна. Тут карані, аснова асноў, з якіх пачынаецца жыццёвы шлях кожнага земляка.

Пасля заканчэння сустрэчы  Святлана Хлебус правяла для госця невялікую экскурсію па аддзяленнях раённай бальніцы. Сенатар пагутарыў з урачамі і быў прыемна ўражаны добрымі ўмовамі, у якіх праходзяць лячэнне лунінчане. Пры наведванні касметычнага кабінета папрасіў спецыялістаў правесці майстар-клас для калег у Століне. У архіве быў здзіўлены добрым станам дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

– Прасторна, чыста, прыгожа, адчуваецца адказнасць кожнага працаўніка, – адзначыў Рыгор Васільевіч. – Але галоўнае ў іншым: няхай Бог засцерагае людзей ад хвароб, большасць ложкаў пустуе. Наплыву пацыентаў жадаю толькі ў радзільнае аддзяленне, дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі трэба паляпшаць. 

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть