Законы — для людзей
Общество

Законы — для людзей

Вдовенко

Напрыканцы мінулага тыдня адбылося заключнае пасяджэнне дзясятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Верхняя палата адобрыла праекты законаў “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год”,     “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь”, “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”, “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў  у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь” і іншыя дакументы. Больш падрабязна аб выніках работы сесіі расказвае член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна УДАВЕНКА:

– Безумоўна, галоўным дакументам, які быў прыняты на дзясятай сесіі, з’яўляецца бюджэт краіны на 2016 год. Падрыхтоўка гэтага фінансавага дакумента праходзіла няпроста. Яго стваральнікі разумелі, што пад’ём нацыянальнай эканомікі ва ўмовах сусветнага спаду патрабуе жорсткіх абмяжоў-ваючых мер. Разам з тым, вельмі важна забяспечыць сацыяльныя гарантыі насельніцтву Беларусі. На мой погляд, гэтага ўдалося дасягнуць: сацыяльная накіраванасць бюджэту захавана. Па-ранейшаму ў прыярытэце – ахова здароўя і адукацыя. Бюджэтныя асігнаванні прадугледжваюць фінансаванне ў поўнай меры стыпендый, пенсій, дапамог і іншых выплат. Галоўны фінансавы дакумент падтрымлівае рост і дыверсіфікацыю экспарту, стварэнне новых рабочых месцаў, павышэнне выкарыстання дзяржаўнай уласнасці. Па ўсіх артыкулах, усіх накірунках яскрава бачны вектар развіцця і эканомікі, і дабрабыту народа.

Адчувальна зменшыць нагрузку на бюджэт павінен прыняты на сесіі Закон “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”. Прапаноўваемая ім форма супрацоўніцтва дазволіць прыцягнуць у эканоміку дадатковыя рэсурсы, забяспечыць эканомію бюджэтных сродкаў, накіраваць намаганні бізнес-структур на вырашэнне сацыяльна значымых задач, стварыць дадатковыя рабочыя месцы, асвойваючы адначасова выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Раскрыць унутраныя рэзервы эканомікі дапаможа падтрымка малога і сярэдняга бізнесу – у адпаведны Закон таксама ўнесены змяненні і дапаўненні.

Па ініцыятыве Савета Рэспублікі ў Законе “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” замацаваны новыя формы работы дэпутатаў. Упершыню на заканадаўчым узроўні прапаноўваецца ўвасобіць у жыццё правядзенне рэгіянальных сходаў дэпутатаў. Такія сходы будуць праходзіць адзін раз у паўгода і ўдзельнічаць у іх будуць дэпутаты Саветаў усіх тэрытарыяльных узроўняў, у тым ліку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Прадугледжаны ўдзел у рабоце сходаў прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага самакіравання і грамадскіх арганізацый.
Зразумела, што і пытанні на такіх форумах будуць вырашацца злабадзённыя – тыя, што найбольш хвалююць людзей. Дарэчы, гэтым законам дапаўняецца кампетэнцыя выканкамаў абласнога, базавага і пярвічнага ўзроўняў у частцы прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў ніжэйшых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама кіраўнікоў арганізацый, размешчаных на адпаведнай тэрыторыі.

Шэраг навацый унесены ў заканадаўства, якое датычыць сфер будаўніцтва, гандлю, сельскай гаспадаркі, турыстычнай індустрыі. Упершыню на заканадаўчым узроўні ў галіне культуры вызначана месца спонсарства і мецэнатства, устаноўлены прававыя асновы супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі структурамі.

Унесены дапаўненні і змяненні ў Закон “Аб грамадзянстве ў Рэспубліцы Беларусь”. Яны накіраваны на далейшае развіццё прававога рэгулявання адносін у гэтай сферы. Устаноўлена, што тэрмін пражывання на тэрыторыі нашай краіны лічыцца бесперапынным, калі асоба выязджала за яе межы не больш як на тры месяцы на працягу кожнага года за апошнія сем год да звароту з заявай аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Пашыраны падставы для адмовы ў разглядзе заявы на набыццё грамадзянства нашай краіны. Удакладняюцца і палажэнні, якія датычаць выхаду з саставу грамадзян Рэспублікі Беларусь. Так, вызначана, што грамадзянам Беларусі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і над якімі ўстаноўлена апека, можа быць дазволены выхад з грамадзянства па заяве апекуна.

Пэўныя станоўчыя навацыі датычаць тых, хто плануе выбраць нашу краіну месцам для жыхарства і работы. А такіх, дарэчы, нямала. Толькі за 9 месяцаў 2015 года ў нашу краіну прыбыло 24 000 мігрантаў. Пераважаюць сярод іх украінцы (9000 чалавек), кітайцы (6000) і узбекі (1500 чалавек). Цяпер наймальніку не патрэбна дадаткова ўзгадняць намер узяць на работу іншаземца, дастаткова ўпэўніцца ў тым, што чалавек мае неабходную ў гэтым выпадку рэгістрацыю.

Пенсіянерам цікава будзе даведацца, што ніжняя палата адобрыла прапанову адмяніць ільготу для гэтай катэгорыі грамадзян на так званы  транспартны падатак. Увогуле ж павінна падкрэсліць, што прыкметнага павышэння падатковых ставак не плануецца, па-ранейшаму дзейнічае аб’яўлены раней мараторый на падатковую нагрузку.

На сесіі ратыфікавана пагадненне аб займе паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Згодна з ім плануецца выдаткаваць Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь крэдытзайм на абсталяванне 310-ці кабінетаў фізікі, хіміі, інфарматыкі ў вясковых і школах райцэнтраў.

Заключная сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ратыфікавала таксама шэраг міжнародных пагадненняў па шырокаму колу пытанняў  паміж Беларуссю і Расіяй, Кітаем, Сірыяй, Грузіяй, Індыяй, Пакістанам, што ў далейшым будзе садзейнічаць умацаванню ўзаемнага даверу і стратэгічнага ўзаемадзеяння паміж  краінамі.

Запісала Таццяна Вайцяхоўская



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть