Общество

Залатыя галасы “ВЫТОКАЎ”

вытокиКаля Дзятлавіцкага ЦСДК рознакаляровыя кветкі дарылі сваю прыгажосць навакольным. Дадатковым аздабленнем былі снапы залатога жыта і самаробныя посцілкі з незвычайнымі ўзорамі – справа мастацкіх здольнасцей вясковых майстрых.
Здымачная група не хавала сваіх уражанняў ад зладжаных аўтэнтычных, сапраўды прафесійных спеваў фальклорнага гурта “Вытокі”, у якім разам са старажыламі вёскі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі больш маладога пакалення.
Усеагульную ўвагу прыцягвала 80-гадовая Надзея Кацуба. Адрасавала паважанай самадзейнай артыстцы некалькі пытанняў і шкадую толькі аб тым, што не магу перадаць непаўторнасць і сакавітасць дзятлавіцкай гаворкі.
– Надзея Кірылаўна, бачыце, у якім захапленні ад творчасці вашага калектыву і сталічныя госці, і выпадковыя гледачы. А ад якога з выступленняў вы асабіста засталіся найбольш уражанымі? Памятаеце?
– Мы ж у ліпені былі на фестывалі ў Вільнюсе. Выступалі ў зале кангрэсаў. На адным з канцэртаў прысут-нічала нават прэзідэнт Літвы… Як жа яе завуць?
– Даля Грыбаускайтэ, – падказвае дырэктар ЦСДК Алена Яскевіч.
– Вось-вось… Расказваць пра гэты цудоўны тыдзень – не хопіць і трох гадзін. Але, шчыра прызнацца, кожны канцэрт для мяне быццам дадае сіл. Мой муж ужо чацвёрты год прыкаваны да ложку, вельмі цяжка даводзіцца. Тут саму б сябе дагледзець… А калі запросяць на выступленне, мяне Алена Дзянісаўна ў клуб прывозіць. Пашчасціла нам на кіраўніка – і прыгожа, і таленавіта ўсё робіць… Паспяваю разам з усімі – і вялікае аблягчэнне душы атрымліваю.
– Скажыце, а чаму ў старэйшых хусткі пад бараду завязаны, а ў маладзейшых – назад? Мне здавалася, што гэта нейкая мясцовая асаблівасць.
– Ды ўсё проста, – да нас зноў далучаецца Алена Дзянісаўна, заўважыўшы, што мая суразмоўніца затрымліваецца з адказам на пытанне. – На полі працаваць канцы хусткі перашкаджаюць, вось і завязваем іх “на магер”, як у нас кажуць. Быццам адлюстроў-ваем, што нам яшчэ працаваць ды працаваць, а старажылам – час адпачываць у хустачках, завязаных па-святочнаму, пад бараду.
– Надзея Кірылаўна, відавочна, вы ў спадчыну перанялі багаты і мілагучны голас, веданне абрадавых і па-за абрадавых твораў. Хто з вашых родных застаўся ў памяці вяскоўцаў сапраўдным спеваком?
– Вядома ж, на пустым месцы нічога добрага не вырасце, але дакладна і адказаць не змагу. Майго бацьку забралі на вайну ў 1944-ым. Потым прыйшла пахаванка. А на маміных руках засталося нас трое. Адной сястры было 12 год, другая толькі нарадзілася, мне – 8 споўнілася. Як ні гаравала мама, а трэба было ставіць дачок на ногі. Тым часам, даслаў ліст адзін з вяскоўцаў-франтавікоў. І напісаў, што наш бацька паранены і ляжыць у шпіталі. Мама – у райваенкамат. Разабраліся нарэшце, а там і бацька вярнуўся. Але, пэўна, гэтыя абставіны каштавалі маці шмат сіл. Праз месяц яна памерла. У бацькі не заставалася выйсця – прывёў другую гаспадыню. Мачаха нас не глядзела. Таму мы імкнуліся хутчэй пайсці на свой хлеб. Старэйшая сястра, як толькі дасягнула 18-ці, паехала ў Растоўскую вобласць. Асталявалася там, а потым і малодшую забрала. Дзякуй Богу, абедзве яшчэ жывуць у Таганрогу. Мне ж наканавана было ў роднай вёсцы застацца…
– А як пазнаёміліся з будучым мужам? Пэўна, спявачка зайздроснай нявестай была?
– Ды хіба спевы багаццем лічыліся? Быццам пасля вайны і савецкі лад жыцця ўмацаваўся, а жаніхі ўсё роўна шукалі, за якой дзяўчынай поля дадуць больш у пасаг. Куды там сіраце? Але грэх скардзіцца, была прывабнай. І рана ўсвядоміла, што з песняй лягчэй жыць. Пачала да старэйшых жанчын прыслухоўвацца, што яны спяваюць у полі ці дома за пралкай, пераймаць словы і мелодыю. Цяпер вось маладзейшым перадаю.
– У тым, што вашы калегі па творчым цэху Алена Яскевіч, Галіна Хартановіч, Людміла Раковіч прыгожа танцавалі “Ойру”, не было нічога дзіўнага. Але ж вы не саступалі ім у хуткасці і прыгажосці рухаў! Уяўляю, як ганарацца вамі вашы дзеці і ўнукі.
– На спадчыннікаў я багатая. Выхавала пяцёра дзяцей, маю 11 унукаў, а праўнукаў ўжо і не злічу…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть