Замошша: подых мінулага з надзеяй на будучыню
Общество

Замошша: подых мінулага з надзеяй на будучыню

Палявая дарога вілася ўздоўж высокага лесу. Прыгожыя мясціны, няма сумненняў, што яны багатыя на грыбы ды ягады. Раптам перад намі паўстаў невялікі надзел, засаджаны бульбай. Непадалёк – сад са старымі пладовымі дрэвамі і размешчаным пасярэдзіне драўляным калодзежам. Падалося, што гаючая вадзіца ўжо даўно нікому не патрэбна, аднак вядро, што на сонцы ззяла бляскам, сведчыла аб памылковасці такіх думак. Значыць, рэдакцыйны аўтамабіль узяў правільны накірунак: вітаем цябе, хутар Замошша!

Яго тэрыторыя ўваходзіць у склад Бастынскага сельсавета, а адзіная вуліца мае аднайменную з хутарам назву. У самым пачатку стаіць крыж-абярэг, побач – вясковы пагост, дзе сярод некалькіх  магіл ёсць і помнік ахвярам фашызму. Па словах мясцовых старажылаў, колькі дзесяцігоддзяў таму ў Замошшы вірліва ішло жыццё. Налічвалася шмат дамоў, у якіх гучаў дзіцячы смех. Працавалі і школа, і магазін, і кузня. Жудасныя карэктывы ў прывычны лад хутаран унесла Вялікая Айчынная. Многіх расстралялі немцы, спалілі хаты, больш мала-дзейшых і мацнейшых вывезлі. Пазней памяць загінуўшых ушанавалі ў помніку.

Жахі вайны і сёння можа прыгадаць 83-гадовая Галіна Бірыла. Нягледзячы на сталы ўзрост, жанчыну дома не засталі. Перасоўваючыся з дапамогай палкі, яна заві-халася на агародзе. Пакуль чакалі, быў час агледзець падворак. Старыя гаспадарчыя пабудовы, акуратныя градкі з памідорамі і гарбузамі, нідзе ні травінкі пустазелля. Гучным брэхам заявіў пра сябе сабака Лысы, збоку прамурлыкаў кот. “От, нехта выкінуў, як за ягадамі ў лес пайшоў, а мне шкода… Гадую яго”, – заўважыла Галіна Карлаўна і запрасіла ў хату. У пакоі чыста і ўтульна, на падлозе – саматканыя дываны, на ложках – самаробныя пакрывалы і падушкі ў вышываных навалачках. Усе абразы ўпрыгожаны маляўнічымі ручнікамі, на бачным месцы ў шафе і на стале – фотаздымкі блізкіх. Не скарылася часу старэнькая магнітола, і па вечарах радуе бабулю перадачамі радыё.

– Нас у бацькоў было пяцёра: 4 дачушкі і сынок. Тату, як і многіх землякоў, расстралялі, – голас Галіны Карлаўны задрыжаў, – перад адступленнем немцы ўсіх прымушалі перасяліцца ў Бастынь. А тут жа засталіся агароды, вось ён і пайшоў, каб паглядзець, як спеюць клубніцы. І ўсё, больш у жывых яго і не бачылі… Адзін Бог ведае, колькі нацярпеліся, колькі нагаладаліся ў дзяцінстве! Усяляк было, а свой век даводзіцца дажываць у доме, які мама будавала з дапамогай родных. Мой муж памёр, ужо больш як 20 год мінавала. Толькі сынок Валодзька з сям’ёй і радуе. Яны жывуць у Бастыні каля царквы. Выгадавалі на радасць унука Дзімку і ўнучку Настачку. Не забываюць, штодня наведваюцца ў госці: то прадукты прынясуць, то лякарствы. Няма здароўя аніяк, даймаюць хваробы дый годзе… Страўнік, ногі, зрок. Але прывычных клопатаў не кідаю – трэба і бульбу дагледзець, пазбіраўшы жукоў, худобу накарміць – у мяне каты, сабака, дзве куры і певень. Мала… Летась было сем, але пяць загінула: то ліса схопіць, то каршун пацягне.

На жаль, не ўдалося пагутарыць са Сцепанідай Акінчыц, якой ідзе 94-ты год. Яна нарадзілася ў Велуце, а ў Замошша выйшла замуж. Сёння яе хата сіратліва паглядае завешанымі вокнамі, а на дзвярах вісіць замок. У канцы чэрвеня жвавая бабулька пайшла ў чарніцы і… прапала. Яе шукалі родныя, супрацоўнікі міліцыі, паляўнічыя. Праз два дні Сцепаніду Рыгораўну знайшоў сын прыкладна ў трох кіламетрах ад хутара. Знясіленую жанчыну даставілі ў бальніцу. На шчасце, усё абышлося, і цяпер матулю забрала да сябе дачка, што жыве пад Брэстам.

Зачыненыя дзверы былі і ў іншым доме, куды трапілі толькі на падворак. Яго гаспадыня Ніна Акінчыц родам з Пінска. Замошша – малая радзіма мужа Анатоля Францавіча. Любімага чалавека Ніна Мікалаеўна, на жаль, пахавала, а вось сямейнай традыцыі праводзіць тут кожны дачны сезон не кінула. Белым колерам цвіце бульба, а на мяжы віднеюцца пчаліныя вуллі. Жанчына – выдатная кулінарка, вось і ў час нашага візіту, відавочна, адправілася за ягадамі.

Прыязджаць сюды не раз нас запрасілі чарговыя “дачнікі” Га-ліна і Валянцін Марцінкоўскія. У іх ёсць добраўпарадкаваная кватэра ў Лунінцы, аднак аддаюць перавагу вясковай цішыні, свежаму паветру і рабоце на зямлі. І гэта дае свой плён: перад вокнамі радуе водар руж, цягнуцца да неба памідоры і перцы ў цяпліцы, патрабуе ўвагі шматлікая жыўнасць на падворку. Куды вокам не кінь – усюды адчуваецца гаспадарчая рука Валянціна Казіміравіча. А ўжо ўтульнасць і камфорт залежыць ад Галіны Рыгораўны. Яны даўно навучыліся разумець адзін аднаго з паўслова – усё ж 40 год разам! 19 ліпеня адзначаць рубінавае вяселле. За бацькоў шчыра радуюцца дачушкі Эла і Наталля. Яны маюць свае сем’і, а бабуля і дзядуля з нецярпеннем чакаюць у госці 2 унукаў і 3 унучак. Ужо на развітанне Марцінкоўскія расказалі, што пакінуць свой дом у спадчыну дзецям. А, значыць, ёсць надзея, што ўладкаванае больш за 100 год таму паселішча не знікне з карты Лунінеччыны і будзе жыць!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть