Захоўваюць і прымнажаюць традыцыі
Общество

Захоўваюць і прымнажаюць традыцыі

 Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што Лунінецкая аўташкола ДТСААФ да 90-годдзя заснавання абароннага таварыства падышла з добрымі фінансава-эканамічнымі паказачыкамі, упэўнена крочыць у будучае, дынамічна развіваецца і паспяхова вырашае пастаўленыя дзяржаўныя задачы. На ўрачыстым сходзе, прысвечаным юбілейнай даце, дырэктар Пётр РУДОВІЧ адзначыў:

– За гады існавання Лунінецкай аўташколы тут падрыхтавана 29 тысяч вадзіцеляў розных катэгорый для народнай гаспадаркі і 5 тысяч – для арміі. За вялікую работу, якая праведзена ў гэтым напрамку, самых цёплых слоў заслугоўваюць былыя дырэктары Адам Пілевіч і Віктар Крашчук, работнікі – Зінаіда Ярмушэвіч, Канстанцін Пліс, Міхаіл Хілюк, Уладзімір Вярэніч, Людміла Дырда, Павел Шкляр, Міхаіл Паўлюкавец, Барыс Гнедзька, Ганна Туміловіч, спартыўныя лідары – Аляксандр Бабіч і Віктар Лужанін.

Жыццё паказвае, што работа масавай арганізацыі ДТСААФ па-сапраўднаму патрэбна краіне і грамадству. Супрацоўнікі абароннага таварыства захоўваюць і прымнажаюць традыцыі некалькіх пакаленняў, удасканальваюць методыкі выкладання ваенна-прыкладных дысцыплін, надаюць важную ўвагу патрыятычнаму і фізічнаму выхаванню.

Самаадданая праца ўсяго калектыву, а ён у нас невялікі – усяго 12 чалавек,  дазваляе дасягаць высокіх вынікаў у фінансава-гаспадарчай дзейнасці. За мінулы год даход склаў 315 тысяч 535 рублёў, прыбытак – 96920 рублёў. А рэнтабельнасць дасягнула 48,1 працэнта, што з’яўляецца лепшым паказчыкам сярод аўташкол ДТСААФ у Рэспубліцы Беларусь.

Матэрыяльная база школы пастаянна ўдасканальваецца, рэгулярна набываюцца больш сучасныя камп’ютары, абнаўляецца праграмнае забеспячэнне. За апошнюю пяігодку за кошт уласных сродкаў набылі толькі вучэбнага аўтатранспарту на суму эквівалентную 105 тысячам долараў ЗША. Парк папоўніўся новым аўтобусам “Мерсэдэс-Бэнц” для вучэбных мэтах. Да таго ж, атрымалі ліцэнзію на ажыццяўленне пасажыраперавозак у межах краіны.

Не забываем, што адной з важных задач ДТСААФ з’яўляецца развіццё і папулярызацыя тэхнічных відаў спорту. У нашым раёне вельмі папулярны мотабол, таму шмат увагі надаём таму, каб захаваць добрыя традыцыі. Разумеем, што вялікага мотаболу не будзе, калі не рыхтаваць змену. “Ракета” – адзіная з 10 каманд, што сёлета бралі ўдзел у першынстве Рэспублікі Беларусь, існуе на сродкі аўташколы. Прыемна, што ў асноўным складзе мотабольнай каманды “Лунінец” – таксама нашы выхаванцы: Аляксандр Баброўскі, Уладзіслаў Даніловіч, Генадзь Жук, Вадзім Русак, Раман Молчан, Сяргей Казун і Аляксандр Лужанін. Дарэчы, апошні летась выступаў за нацыянальную каманду на чэмпіянаце Еўропы ва Францыі і стаў бронзавым прызёрам.

За апошнія 5 год наша аўташкола ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў Рэспубліцы Беларусь. У гэтым вялікая заслуга намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай часці Аляксандра Насковіча, выкладчыка Аляксандра Сыціна, майстроў вытворчага навучання ваджэнню Мікалая Караваевіча, Уладзіміра Молчана, Васіля Сыцэвіча, Анатоля Свібовіча, Паўла Рудовіча, Валерыя Латышэвіча, Валянціна Якубовіча, галоўнага бухгалтара Таццяны Сыцэвіч і бухгалтара Валянціны Хамко.

Віншую калектыў, ветэранаў, спартсменаў, трэнераў і ўсіх членаў ДТСААФ з юбілеем! Жадаю моцнага здароўя, сямейнага шчасця, дасягнення пастаўленых мэт і далейшых поспехаў дзеля дабрабыту і росквіту добраахвотнага абароннага таварыства.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть