Общество

ЗДАРОВАЯ АДУКАЦЫЯ

Гледзячы на маленькіх першакласнікаў, многія бацькі ў будучым вядома ж хочуць убачыць сына або дачку, поўнымі сіл. Таму галоўнай задачай настаўнікаў і выхавальнікаў разам з перадачай ведаў з’яўляецца захаванне здароўя хлопчыкаў і дзяўчынак. Як абстаяць справы на Лунінеччыне, даведаліся ўдзельнікі абласной калегіі па тэме “Упраўленне сістэмай псіхолага-педагагічнага і медыка-валеалагічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах рэгіёна”.

Начальнікаў упраўлення і аддзелаў адукацыі Брэсцкай вобласці павітаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Ён расказаў аб прыярытэтах і перспектывах развіцця раёна.

Загадчыца ясляў-садка №1 Любоў Гутарава прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства мультымедыйную прэзентацыю аб псіхолага-педагагічным суправаджэнні дзяцей і іх падрыхтоўцы да школы. Музычнае прывітанне выхаванцаў і знаёмства з фрагментамі спецыяльных заняткаў пакінулі добрае ўражанне.

“Мацярынскую школу”, як адну з форм эфектыўнага супрацоўніцтва з сям’ёй, прадставілі ў яслях-садку №10. А візіт у адрамантаваную ДЮСШ пацвердзіў магчымасць моладзі паўнацэнна займацца абраным відам спорту.

Асабліва спадабалася выступленне клуба “Здаравячок” па прапагандзе здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных звычак у лунінецкай СШ №4. Яе кіраўнік Ірына Дубянчук прадставіла тэматычную прэзентацыю, правяла па выставах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Асобную ўвагу праблеме рэабілітацыі і аздараўленню дзяцей надалі ў Язвінскай СШ. Дырэктар Галіна Ждановіч расказала пра краіны, якія прымаюць вучняў на аздараўленне, пахваліўшыся дасягненнямі ў гэтым напрамку і планамі: у перыяд сёлетняга ўздыму прастудных захворванняў школа не зачынялася на каранцін, а гарачай парой тут упершыню прыме юных адпачываючых летні лагер.

Апошнім пунктам маршрута стала Дварэцкая яслі-садок-сярэдняя школа. Тут жа прайшоў “круглы стол”, у ходзе якога абмяркоўвалася шэраг пытанняў. Тэму здароўя школьнікаў і шляхі яго ўмацавання ўзняла намеснік галоўнага ўрача па дзяцінству і родадапамозе цэнтральнай раённай бальніцы Валянціна Трухановіч. Медыкаў хвалююць частыя ў школьным ўзросце захворванні органаў дыхання, стрававання і нервовай сістэмы. “Вельмі часта даводзіцца бачыць дзяцей, якія літаральна “вісяць” на мабільных тэлефонах. Што датычыць кап’ютараў, то юнакі і дзяўчаты перавышаюць дазволеную норму карыстання імі, ад чаго пакутуюць органы зроку. Таму галоўная задача настаўнікаў і бацькоў – абмяжоўваць моладзь у “сяброўстве” з гэтай тэхнікай”, – адзначыла Валянціна Іванаўна.

З сістэмай работы па стварэнню спрыяльных для здароўя ўмоў у адукацыйных установах пазнаёміла галоўны спецыяліст Наталля Цяльпук. 30,7 працэнта вучняў наведваюць спартыўныя секцыі, а ў 7-мі дашкольных установах дзейнічае 15 санаторных груп. Вялікая ўвага надаецца праходжанню штогадовай медыцынскай камісіі, якая дапамагае сачыць за агульным станам дзяцей.

У гэтым плане кіраўніцтву Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага дапамагаюць асвоеныя інавацыйныя тэхналогіі. Тут вядуцца “пашпарты здароўя”, якія спрыяюць выяўленню праблем кожнага гімназіста і вызначэнню з далейшымі дзеяннямі. Як расказаў дырэктар Сяргей Высоцкі, дзякуючы такой справе павышаецца рэйтынг вучэбных дасягненняў, а гэта – адна з важнейшых задач на сённяшні дзень.

Не менш важным застаецца арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу. Разам з прысутнымі пытанне разгледзела начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г. Брэста Алена Бярковіч. Праблемы не абмінулі і абласны цэнтр: хвалюе пераўкамплектаванасць груп у дзіцячых садках, дастаўка выхаванцаў на перапоўненым гарадскім транспарце. Жорсткія патрабаванні прад’яўляюцца да прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і “Водаканала”. Шмат увагі надаецца тэхнічнай аснашчанасці ўстаноў адукацыі: мадэрнізуецца асвятленне, набываецца новая мэбля.

Пра выкананне Пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь “Аб зацвярджэнні санітарных правілаў і норм” паведаміў начальнік аддзела адукацыі Драгічынскага райвыканкама Дзмітрый Ігнатчык. Тое, што мадэрнізацыя аб’ектаў, на якіх гатуецца ежа для дзяцей – залог якаснай работы і належнага абслугоўвання, падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. Больш за ўсё яго трывожаць шматлікія парушэнні санітарных патрабаванняў, дапушчаныя адказнымі асобамі. Каля 50 працэнтаў заўваг датычаць абсталявання харчаблокаў, забеспячэння іх кваліфікаванымі работнікамі. Міхаіл Андрэевіч заклікаў кіраўнікоў быць больш патрабавальнымі да сваіх падначаленых. Паводзіны вучняў, іх фізічная актыўнасць, аб’ём і тэмпы вучэбнай нагрузкі таксама прымусілі зрабіць пэўныя вывады.

Размова атрымалася зацікаўленай, прынцыповай. І варта спадзявацца, што яна паспрыяе далейшаму падтрыманню здаровага ладу жыцця ў школах і дзіцячых садках Брэстчыны!

Аляксандр МАЦКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть