Здоровье
АБАРАНІЦЕ СВАЁ ДЗІЦЯ!
З 23 па 30 красавіка праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі.
Ва ўсім свеце робяць прышчэпкі супраць мноства інфекцый. Ад якіх жа хвароб абаранілі нас бацькі, калі ў маленстве прывялі прышчапіцца?
Туберкулёз у любым узросце паражае лёгкія, лімфавузлы, косці, унутраныя органы, суправаджаецца пахуданнем, павышанай тэмпературай цела, слабасцю і патлівасцю, кашлем, кровахарканнем. Хворых ізалююць ад сям’і і лечаць ў тубдыспансеры на працягу некалькіх год.
Усе астатнія хваробы таксама лечацца толькі ў стацыянары і працяглы час.
Дыфтэрыя выклікае таксічнае паражэнне сасудзістай і нервовай сістэм, запаленчы працэс з налётам у зеве і гартані. Параліч дыхальных мышцаў можа прывесці да смяротных зыходаў.
Слупняк суправаджаецца працяглымі болямі ў ране, перасмыкваннем мышцаў, павышанай патлівасцю, павышэннем тэмпературы цела да 40 градусаў, сутаргамі, парушэннем глытання. Працяглы прыступ можа прывесці да смерці.
Каклюш развіваецца з прыступамі сутаражнага кашлю з пашырэннем вен шыі, можа выклікаць спыненне дыхання. Асабліва небяспечны для дзяцей да года.
Грып працякае з высокай тэмпературай цела, болямі ў мышцах, зеве, кашалем, слабасцю, насмаркам. Выклікае ўскладненні: вострыя бранхіт, атыт і сінусіт, вірусныя пнеўманію, менінгіт і арахнаідыт. Вірус можа запусціць імуналагічныя працэсы ў арганізме чалавека і весці да хвароб накшталт чырвонай ваўчанкі і іншых.
Поліяміэліт характарызуецца павышэннем тэмпературы цела, паражэннем нервовай сістэмы (паралічы ног, тулава, шыі). Тыя, хто перахварэў, пры спрыяльным зыходзе становяцца інвалідамі.
Вы жадаеце такіх праблем свайму дзіцяці? Тады паспявайце своечасова прышчапіцца! Надзейная абарона ад інфекцый, узбуджальнікі якіх паўсяместна цыркулююць ў знешнім асяроддзі, – вакцынацыя.
Ала ДАБРАДЗЕЙ, загадчык педыятрычнага аддзялення Мікашэвіцкай паліклінікі.