АДЗІН РАЗ У ГОД САДЫ ЦВІТУЦЬ…
10 год таму дзеці, якія першымі з нашай школы адпачывалі ў Швейцарыі, адзначылі гэту падзею пасадкай дрэва. Летась яблынька дала добры ўраджай. І кожны год – цвіце!
Нядаўна грамадскасць Дзятлавіч адзначыла 10-годдзе супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй “Хардвальд Опфікон Глатбург” са Швейцарыі. Партнёрскія сувязі ўстанавіў былы дырэктар нашай школы Іван Фёдаравіч Тадорскі. У маі 1999-га першая група – 40 дзяцей – правяла месяц у швейцарскіх сем’ях. За прайшоўшы час у гэтай краіне аздаравілася 205 вучняў. Многія з іх ужо сталі выпускнікамі, працягнулі адукацыю ў ВНУ ці спецыяльных навучальных установах, атрымалі прафесію, увогуле ўступілі ў дарослае жыццё.
Супрацоўніцтва адбываецца па некалькіх напрамках. Галоўнае – аздараўленне вучняў за мяжой. Швейцарцы матэрыяльна падтрымліваюць дзяцей-інвалідаў сельсавета (на здымку – іх бацькі дзякуюць дабрачынцам), у свой час прывозілі медыцынская прылады і абсталяванне ў якасці гуманітарнай дапамогі. Дружба паміж сем’ямі дзвюх краін дазволіла развіваць сапраўды народную дыпламатыю.
Аказваецца, багатыя швейцарцы рэдка супрацоўнічаюць з дабрачынцамі. Беларускіх дзяцей бяруць звычайна сем’і так званага “сярэдняга класа”. Цяпер многія з іх пацярпелі ад наступстваў сусветнага фінансавага крызісу. Галоўны банк Швейцарыі абанкруціўся. Яго падтрымала дзяржава за кошт сродкаў падаткаплацельшчыкаў. У гэтых умовах няпроста дзейнічаць членам арганізацыі – ім даводзіцца хадзіць літаральна з працягнутай рукой. Але дабрачынцы прывыклі да цяжкасцей. Вераніка ўжо рыхтуе сабе змену, шукае новых міласэрных людзей. Сёлета на аздараўленне ў Швейцарыю запрошаны 12 вучняў. Замежныя госці сустрэліся з іх бацькамі, выказалі свае пажаданні і парады па падрыхтоўцы да летняга адпачынку.