Здоровье
АТЛУСЦЕННЕ – ФАКТАР РЫЗЫКІ
14 лістапада – Сусветны дзень барацьбы супраць цукровага дыябету
Рост захворваемасці на дыябет рэгіструецца паўсюдна ва ўсіх краінах свету. На сёння ад яго пакутуюць больш як 180 мільёнаў чалавек. Урачы прагназуюць павелічэнне колькасці хворых у 2025-ым да 330 мільёнаў…
Цукровы дыябет – гэта стан павышанага ўзроўню глюкозы ў крыві. Дыягназ выстаўляецца на падставе лабараторнага вызначэння. У развіцці хваробы пэўную ролю адыгрывае спадчынная схільнасць, перанесеныя вірусныя інфекцыі, парушэнне якасных і колькасных характарыстык у харчаванні, зніжэнне рухальнай актыўнасці, празмерная маса цела, наяўнасць хранічных стрэсаў, курэнне, злоўжыванне алкаголем.
Пры цукровым дыябеце асноўнай прычынай інваліднасці і смяротных зыходаў з’яўляюцца сасудзістыя ўскладненні. У цячэнні і прагнозе захворвання шмат што залежыць не ад медыкаў, а ад самых хворых. Гэта – прытрымліванне дыеты, самакантроль узроўню глюкозы ў крыві, дакладнае выкананне ўрачэбных рэкамендацый, рацыянальны рэжым дня, заняткі лячэбнай фізкультурай, выключэнне шкодных звычак. Асабліва важная асабістая адказнасць пацыентаў за сваё здароўе!
У лунінецкай паліклініцы арганізавана «Гарачая лінія”. Кансультацыйную дапамогу ўрач-эндакрынолаг Наталля Яўгенаўна Кашкевіч акажа 14 лістапада з 15 да 16 гадзін па тэлефоне 2-42-30.
Жанна КУЛЕШ, урач-валеолаг.