Здоровье
Аляксандр ДУБІНІЧ: “ПРАГРАМА ПРАКТЫЧНА ВЫКАНАНА, АЛЕ РАССЛАБЛЯЦЦА НЯВАРТА…”
У малой зале райвыканкама адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і венерычных захворванняў. Асноўнае пытанне, якое разгледзелі яго ўдзельнікі, датычыла ходу выканання адпаведнай Дзяржаўнай праграмы на 2006-2010 гг., а таксама абласнога і раённага планаў мерапрыемстваў за 2009 год.
Першай слова ўзяла загадчыца аддзела прафілактычнай дэзінфекцыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людміла Кляўцэвіч. Яна адзначыла, што, дзякуючы агульным намаганням, удалося дасягнуць стабілізацыі па распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі на тэрыторыі Лунінеччыны. Калі за 2006-ы і 2007-ы гады было зарэгістравана па чатыры выпадкі, за 2008-ы – тры, то летась – шэсць. Рост відавочны, аднак, гаворачы мовай спецыялістаў, у коле пацыентаў заўсёды ёсць “недаабследаваныя”. Тым не менш, кумулятыўная колькасць ВІЧ-інфіцыраваных сёння складае 46 чалавек. Гэты паказчык па яе распаўсюджанасці ніжэйшы за сярэднерэспубліканскі ў 1,2 раза і ў столькі ж – вышэйшы за сярэднеабласны. У эпідэмічны працэс уцягнуты Лунінец, Мікашэвічы і 6 вёсак раёна. Большасць выпадкаў ВІЧ на момант рэгістрацыі выяўлялася ў маладых людзей ва ўзросце да 35 год. Асноўныя шляхі перадачы – ін’екцыйнае ўвядзенне наркатычных рэчываў (35 чалавек) і палавы (11). Сярод усіх ВІЧ-інфіцыраваных – 12 жанчын і 34 мужчыны. Калі звяртаць увагу на іншыя крытэрыі, то 30 асоб не маюць пэўнага віду дзейнасці, 5 – вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, 11 – рабочыя. За ўвесь перыяд дзеяння Дзяржаўнай праграмы зарэгістравана 4 лятальныя выпадкі ад ВІЧ-інфекцыі. На дыспансерным уліку стаяць 43 чалавекі. Устаноўлены дыягназы: “СНІД” – аднаму пацыенту, “прэ-СНІД” – пецярым, “ВІЧ-інфекцыя. Асімптомная стадыя” – 37-мі. Антырэтравірусную тэрапію ў цяперашні час атрымліваюць трое інфіцыраваных. На Лунінеччыне нарадзілася 3 малышоў ад хворых маці. На шчасце, усе яны здаровыя. Вядома, што распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі і венерычных захворванняў садзейнічае павелічэнне колькасці спажыўцоў наркотыкаў. На ўліку ў ЦРБ і РАУС стаяць 56 чалавек, з іх 36 – жывуць у Мікашэвічах. Экспрэс-дыягностыка ажыццяўлецца ў прыёмных аддзяленнях бальніцы і яе філіяла, а таксама ў наркалагічных кабінетах. Летась на наркатычнае ап’яненне было абследавана 115 грамадзян. Станоўчы вынік выяўлены ў 50-ці пацыентаў. У Мікашэвічах працуе ананімна-кансультацыйны пункт, які наведваюць 32 пастаянныя наркаспажыўцы. Летась выдадзена 4212 шпрыцаў, вернута – 4176. Людміла Паўлаўна дала добрую ацэнку прафілактычнай работы аддзелаў райвыканкама. Даклад Л.П. Кляўцэвіч дапоўнілі сваімі выступленнямі першы сакратар райкама БРСМ Святлана Максімчык і намеснік дырэктара раённага фізкультурна-спартыўнага клуба “Здароўе” Вольга Курапава. Завяршаючы пасяджэнне, галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Дубініч заўважыў: Дзяржаўная праграма па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і венерычных захворванняў на 2006-2010 гады практычна выканана. Але расслабляцца няварта, і ўжо сёння адпаведным службам і арганізацыям трэба разгледзець рабочыя варыянты на бліжэйшую перспектыву, каб намечаныя планы былі больш практычнымі і зручнымі для выканання.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.