Здоровье

БУДУЦЬ НОВЫЯ МЕДЫЦЫНСКІЯ ДЫНАСТЫІ!

Сёння на Лунінеччыне працуе паўтаратысячны калектыў медыкаў. Узначальвае яго Мікалай КОЧЫК. Напярэдадні прафесійнага свята звярнуліся да Мікалая Пятровіча з просьбай расказаць пра набыткі работнікаў аховы здароўя. Пачалася размова з абмеркавання кадравай праблемы.

— Па сутнасці, сёння забяспечанасць медыцынскімі кадрамі на Лунінеччыне праблемай назваць нельга. Сітуацыя нашмат лепшая, чым некалькі год таму. Штогод прыязджаюць маладыя спецыялісты, многія застаюцца працаваць. Спрыяюць гэтаму выдатныя ўмовы работы ў новай раённай бальніцы. Зараз у нас на практыцы – пяцікурснікі з Гродзенскага медуніверсітэта. Яны проста ў захапленні ад дыягнастычнага абсталявання, умоў лячэння хворых і не хаваюць свайго жадання прыехаць да нас пасля вучобы. Дарэчы, сёлета чакаем 11 маладых урачоў. Гэта дазволіць амаль поўнасцю зняць кадравае пытанне. Вядома ж, сустракаць выпускнікоў ВНУ клопатна. Першая праблема, якую даводзіцца вырашаць – жыллё. Заўсёды насустрач ідуць раённыя ўлады. Дзякуючы іх клопату, урачам даем пакоі ў інтэрнатах, выдзелены 3 службовыя кватэры ў Лунінцы і 2 – у Мікашэвічах. Маладыя спецыялісты ахвотна карыстаюцца магчымасцю ўступіць у жыллёва-будаўнічы кааператыў. 12 урачоў будуюць уласныя дамы. У Лахве, Кажан-Гарадку, Палесскім, Краснай Волі, Міжлессі, Вульцы 2 паклапаціліся пра тое, каб выдзеліць медыкам домікі, пабудаваныя па Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі. Гэта – выдатны стымул замацаваць маладых спецыялістаў. Пра тое, што на Лунінеччыне асталёўваюцца маладыя сем’і ўрачоў сведчыць факт: зараз 20 нашых маладых матуль знаходзяцца ў водпуску па догляду за дзецьмі. Мы цярпліва чакаем, калі яны вернуцца да сваіх прафесійных абавязкаў – лячэння хворых. А пакуль паклапаціліся пра годную для іх замену. Вельмі спадзяемся, што на Лунінеччыне зноў паявяцца выдатныя медыцынскія дынастыі, якімі здаўна славіўся наш раён.

— Мікалай Пятровіч, ці хапае кваліфікаваных спецыялістаў, здольных эфектыўна працаваць на сучасным абсталяванні новай бальніцы?

— Мы іх гадуем самі. Так, урачы аддзялення гемадыялізу Алена Казун і Ірына Гардзіевіч прыйшлі сюды пасля працы ў Дварэцкай і Дубаўскай амбулаторыях. Пасля неабходнай вучобы і перакваліфікацыі яны прыступілі да работы, і сёння пацыенты адрасуюць спецыялістам толькі ўдзячныя словы. Увогуле, абсталяванню нашай бальніцы можа пазайздросціць любая ўстанова аховы здароўя вобласці. Маем выдатнаае рэанімацыйнае аддзяленне, дзе ёсць усё неабходнае для таго, каб доўгі час падтрымліваць жыццё ў арганізме хворага. У тым ліку – апарат для штучнай вентыляцыі лёгкіх як дарослага чалавека, так і дзіцяці. Ёсць 4 сучасныя аперацыйныя блокі, адзін з іх – у радзільным аддзяленні. Ды і сама радзільная зала аснашчана ў адпаведнасці з усімі найноўшымі патрабаваннямі. Нашы ўрачы асвоілі правядзенне лапараскапічных аперацый на жоўцевыводзячых шляхах. Пасля такога хірургічнага ўмяшальніцтва пацыент хутчэй ідзе на папраўку. У бальніцы працуе камп’ютарны тамограф, ёсць магчымасць аператыўна правесці любое рэнтгеналагічнае абследаванне. Абсалютна ў новых умовах дзейнічае лабараторыя. Сучасны аналізатар на працягу гадзіны выдае ўсе параметры, неабходныя для ўстанаўлення дакладнага дыягназу.

— Ці задаволены работай вясковых амбулаторый і ФАПаў, якіх у раёне 24?

— Пра гэта лепш спытаць у пацыентаў, але нараканняў на работу вясковых медыкаў не паступае. Між тым, на іх плячах – найбольш адказны ўчастак. Вясковы медык – выратавальнік, ад прафесіяналізму і рашучасці якога залежыць далейшы ход лячэння хворага чалавека. У якасці прыкладу можна прывесці работу загадчыкаў Язвінскай амбулаторыі Вольгі Мірошкінай і Лахаўскага ФАПа – Ніны Герасімовіч. Яны – узор адданасці прафесіі і людзям. Зрэшты, добрых слоў заслугоўваюць усе вясковыя медработнікі. Тым больш, што зараз шмат увагі ўдзяляецца стварэнню выдатных умоў для хворых і забеспячэнню даступнасці медыцынскай дапамогі. На працягу пяцігодкі абсалютна новы выгляд набылі медыцынскія ўстановы ва ўсіх 16 аграгарадках. А мы паклапаціліся пра тое, каб забяспечыць іх неабходнымі ўрачэбнымі кадрамі. Сардэчна віншую калег з прафесійным святам. Упэўнены, што мы і надалей будзем свята прытрымлівацца клятвы Гіпакрата, пільна стаяць на варце аховы здароўя нашых жыхароў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть