Здоровье

ЧАЛАВЕКА ЛЕЧЫЦЬ ЧАЛАВЕК

10 кастрычніка – Сусветны дзень псіхічнага здароўя
Вынікі даследаванняў, якія праведзены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, сведчаць, што да 2020 года псіхічныя захворванні стануць адной з галоўных прычын інвалідызацыі насельніцтва планеты.
Дэпрэсіўны стан – гэта здаровая рэакцыя чалавека на страты, жыццёвыя цяжкасці і праблемы. Мы часам адчуваем тугу, раздражнёнасць, сум, прыгнечанасць, апатыю. Перыядамі даводзіцца пакутаваць ад страты кахання ці сяброў, расчараванняў ва ўзаемаадносінах. Мы перажываем за сваё здароўе, а таксама самаадчуванне нашых бацькоў, мужа ці жонкі, дзяцей. Але калі гэтыя праблемы суправаджаюцца пачуццём бездапаможнасці, бязвыхаднасці, а стан глыбокай маркоты цягнецца некалькі тыдняў, то гэта, магчыма, ужо не проста прыгнечанасць. Хутчэй за ўсё, гэта – першыя прыкметы клініч-най дэпрэсіі. Да асноўных праяў яе адносяцца:
– зніжэнне настрою на працягу двух і больш тыдняў. Ён можа быць тужлівым, прыгнечаным, суправаджацца раздражнёнасцю, плаксівасцю, трывогай, хваляваннем;
– зніжэнне псіхічнай і фізічнай актыўнасці, павышаная стамляльнасць, цяжкасці пры спробе засяродзіцца;
– немагчымасць атрымаць задавальненне ад таго, што звычайна яго выклікала, і страта ранейшых інтарэсаў.
Акрамя асноўных сімптомаў, могуць сустракацца таксама і дадатковыя:
–  зніжэнне самаацэнкі і ўпэўненасці ў сабе;
– песімістычны погляд на будучыню;
– парушэнне сну (бяссонніца сярод ночы, дрэннае засынанне ці ранняе прачынанне);
– зніжэнне ці павышэнне апетыту, страта ці прыбаўленне ў вазе;
–  рассеянасць;
– думкі аб нежаданні жыць.
Калі не лячыць дэпрэсію, гэта прывядзе да зніжэння працаздольнасці, псіхічнага і фізічнага знясілення, злоўжывання алкаголем, транквілізатараў, наркатычнай залежнасці, а ў цяжкіх выпадках – да самазабойства. Прыкладна 15 працэнтаў дэпрэсіўных хворых, якія не звярталіся за дапамогай да спецыялістаў, заканчвалі жыццё самагубствам.
Калі знаходзіце сімптомы дэпрэсіі, не варта панікаваць. Важна ведаць, што хвароба – адно з тых душэўных расстройстваў, якія найбольш паддаюцца лячэнню. У 80 працэнтах выпадкаў хутка дасягаюцца станоўчыя вынікі. Асноўныя метады лячэння – розныя віды псіхатэрапіі і медыкаментозная тэрапія.
На жаль, нашы людзі часта пачынаюць лячыцца, калі зусім “прыцісне”, а ўжо пра псіхалагічныя праблемы і казаць няма чаго. Візіт да псіхатэрапеўта, а тым больш да псіхіятра лічыцца ў нас чымсьці зусім незвычайным, пакідаючым ці не пляму ў біяграфіі. Між тым, ва ўсім свеце гэта практыка існуе ўжо даўно і зарэкамендавала сябе. На Каўказе ёсць прымаўка: “Чалавека лечыць чалавек”. Часта менавіта псіхатэрапія і ёсць адзіна дакладны шлях лячэння ад дэпрэсіі.
На базе цэнтральнай раённай бальніцы функцыянуе псіхатэрапеўтычны кабінет. Ён размешчаны ў Залескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі па адрасе: зав. Бальнічны, 4, каб. 25. Прыём вядзе ўрач-псіхатэрапеўт Яўген Васільевіч Арэхва. Дадатковая інфармацыя па тэлефоне 41-1-48.
Мікалай КОЧЫК, галоўны ўрач ЦРБ, Аляксандр Дубініч, галоўны санітарны ўрач раёна. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть