Здоровье

І хвароба ЗАГАРТОЎВАЕ…

Эпідэмія прастудных захворванняў пачынаецца з такой жа непазбежнасцю, як восень змяняе зіма, а вясну – лета. Загадчыца аддзела эпідэміялогіі РЦГіЭ Галіна КАНАПАЦКАЯ і намеснік загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі №68 Таццяна МЕДЗІНА даюць дакладныя рэкамендацыі паводзін пры вострых рэспіраторна-вірусных інфекцыях і грыпе.
Ці можна ахарактарызаваць становішча з захворваннем у нашым раёне ў параўнанні з сітуацыяй у Беларусі?
– Штогод у нашай краіне на грып і ВРВІ хварэе кожны трэці жыхар. Рэгіструецца каля 3 мільёнаў выпадкаў захворванняў. Летась у раёне пацярпелі 15661 чалавек (22 працэнты насельніцтва), у тым ліку 11595 дзяцей да 17-ці год (74 працэнты ад усіх захварэўшых). Па прагнозу Нацыянальнага цэнтра па грыпу пачатак эпідэмічнага ўздыму захворваемасці сёлета чакаецца ў пачатку лютага. 
Нягледзячы на пастаянную прафілактычную работу медыкаў, усё роўна штогод наступае “сезон грыпу”. Можа, гэтыя рэкамендацыі недакладныя?
– Пытанне трэба ставіць па-іншаму: а ці выконваюцца гэтыя рэкамендацыі ў поўнай меры? І відавочны неадназначны адказ. Доктару застаецца толькі паўтарыць: адзінай крыніцай і распаўсюджвальнікам грыпу з’яўляецца хворы чалавек. Пасля кантактаў з ім пачынаюцца праблемы ў здаровых. Найбольшую небяспеку ўяўляюць людзі, якія пры захворванні на грып працягваюць хадзіць на работу. Зносіны з імі цягнуць шырокае распаўсюджванне інфекцыі. Строгі пасцельны рэжым на ўвесь час хваробы і паўнацэнные лячэнне ў хатніх умовах пад кантролем урача да поўнага выздараўлення – лепшая абарона супраць развіцця цяжкіх ускладненняў і гарантыя хуткага аднаўлення сіл. Калі ўсё ж захварэлі, не займайцеся самалячэннем. Звяртайцеся да спецыялістаў, лячыцеся дома і ні ў якім выпадку не “пераносьце інфекцыю на нагах”!
У нашым горадзе адкрыты шэраг спартыўных аб’ектаў. Але ж заняткамі спортам, якія дапамагаюць загартоўваць арганізм, захапляецца пераважна моладзь. А як быць пажылым людзям і маленькім дзецям? 
– Вядома, што каток і басейн наведваюць не толькі моладыя людзі, але і прадстаўнікі пенсійнага ўзросту. Па статыстыцы тры чвэрці захварэўшых на грып – дзеці. І гэта бацькі павінны пераканаць сваіх сыноў і дочак у тым, што актыўнасць абарончых сіл чалавека знаходзіцца ў прамой залежнасці ад агульнага стану яго здароўя. А лепшы прыклад – уласны. Чым мацнейшы чалавек, тым лягчэй спраўляецца ён з любой інфекцыяй, у тым ліку з грыпам. У барацьбе з хваробай дапамагае ўсё, што садзейнічае ўмацаванню арганізма. Важную ролю адыгрываюць фізічная культура і загартоўванне.
Каб узмацніць супраціўляемасць, трэба забяспечыць патрэбу арганізма ў вітамінах. У халодныя месяцы года раім есці пабольш агародніны і садавіны, багатых на вітамін С, а пры недахопе іх – прымаць аскарбінавую кіслату ці полівітаміны. Тады працэсы абмену рэчываў працякаюць лепш, харчаванне тканак павышаецца, сценкі крывяносных сасудаў становяцца менш пранікальнымі. Гэта змяншае шкоднае ўздзеянне вірусу грыпу.
Дзейнасць арганізма ажыццяўляецца рытмічна з вядомай паслядоўнасцю. У гэтым – залог здароўя. Захаванне разумнага распарадку дня павышае супраціўляемасць арганізма інфекцыям. Хвіліны, якія выдатковаўеце на штодзённую фіззарадку, ствараюць добры настрой і павышаны рабочы тонус на цэлы дзень. Штодзённыя прагулкі на свежым паветры, асабліва ў вячэрні час, умацоўваюць сон і дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы. Катэгарычная адмова ад курэння – лепшая абарона ад цяжкіх захворванняў лёгкіх, сэрца і сусудаў.
Выконвайце рэкамендацыі ўрачоў, тады ніякі грып вам не страшны. Будзьце здаровы!
Цяпер па тэлебачанні рэкламуецца столькі прэпаратаў ад прастуды, што і ў паліклініку звяртацца не трэба!
– Любыя лекі – гэта хімія. Адносіцца да іх трэба вельмі асцярожна. Толькі парады сапраўдных спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй могуць паскорыць працэс выздараўлення. У аптэках гарадоў і вёсак аформлены тэматычныя вітрыны з лекавымі сродкамі, што прымяняюцца для прафілактыкі і лячэння грыпу, вострых рэспіраторна-вірусных інфекцый, іншых прастудных захворванняў. Маецца вялікі асартымент процігрыпозных лекаў айчынных вытворцаў па даступных цэнах. У перыяд эпідэміі грыпу раім прымаць сродкі, якія садзейнічаюць павышэнню імунітэта: полівітамінныя і антыаксідантныя комплексы, прэпараты расліннага паходжання. Самы вядомы – вітамін С. Калі яго ўжываць у адпаведных дозах, ён аблягчае працяканне прастуды. Рэкамендуем таксама выкарыстоўваць супрацьвірусныя прэпараты і народныя сродкі абароны. Часцей уключайце ў рацыён натуральныя кісламалочныя прадукты, свежыя фрукты і гародніну, асабліва цыбулю і часнок, і ваш арганізм атрымае дадатковы шанс у барацьбе з інфекцыяй.   
Усё ж самым эфектыўным сродкам у барацьбе з прастудай многія лічаць антыбіётыкі. Калі ж урач прызначае, асабліва захварэўшым дзецям, толькі гарачае піццё і вітаміны, бацькі абураюцца: доктар – не прафесіянал…
– Антыбіётыкі дзейнічаюць толькі на бактэрыі, але не на вірусы. Пры прастудзе часцей за ўсё ставяць дыягназ – вострая рэспіраторна-вірусная інфекцыя. Мала таго, што антыбіётыкі ў гэтым выпадку не прынясуць карысці, – яны шкодныя. Гэтыя лекі знізяць уласную актыўнасць імуннай сістэмы і перашкодзяць арганізму змагацца з вірусамі, што выклікалі прастуду.
Натуральна, што бацькі, перажываючы за дзяцей, тлумачаць частыя прастуды дрэнным імунітэтам і стараюцца вылячыць сыноў і дочак ад прастуды як мага хутчэй. Але, па статыстыцы, дзеці хварэюць у асноўным 10 разоў у год. Навукоўцы лічаць гэта нормай, хаця практыкі, праводзячы прафілактычную работу, усімі сіламі імкнуцца знізіць гэты паказчык. Вострыя рэспіраторна-вірусныя інфекцыі ўзнікаюць пры нармальным імунітэце, што не мае вопыту сустрэчы з гэтым вірусам. Дзіця часта хварэе, але ж і выздараўлівае. Значыць, арганізм змагаецца і ў гэтай барацьбе загартоўваецца. Медыкі раяць: як толькі спала тэмпература, праз дзень вядзіце дзіця ў сад. Калі доўга сядзець дома, за гэты час у дашкольнай установе могуць цыркуляваць новыя вірусы, з якімі арганізм выздаравеўшых хлопчыка ці дзяўчынкі яшчэ не знаёмы. Не дапускайце, каб дзіця зноў захварэла.
Апрацавала Таццяна ВАСІЛЬЕВА.   
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть