Здоровье

ЛЮБІЦЕ СЯБЕ, А НЕ ЦЫГАРЭТЫ!

Цыгарэта даўно стала неад’емнай часткай сучаснага жыцця. І хаця барацьба з курэннем вядзецца на самых розных узроўнях, пазбавіцца ад шкоднай звычкі наўрад ці ўдасца цалкам. Але гэта не такая ўжо недасягальная мэта, як сведчыць наша апытанне. Мяркуйце самі…

Аляксандр ДУБІНІЧ, галоўны санітарны ўрач раёна:
– Мае адносіны да курэння самыя што ні на ёсць негатыўныя. Мінула 7 год, як цыгарэты ў рукі не бяру, хаця стаж курыльчышка быў даволі вялікі. Пакутаваў, праўда, пэўны час, але гэта, з пазіцыі сённяшняга дня, здаецца дробяззю. Раю настроіцца ўнутрана, ісці ўпэўнена да сваёй мэты, і ўсё атрымаецца.

Уладзімір МАСЛА, упраўляючы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у Лунінцы:
– Сусветны дзень без тытуню сустракаю ў ліку праціўнікаў супраць курэння. З гэтай шкоднай звычкай расстаўся 4 гады таму. У мае часы многія юнакі пачыналі “смаліць”, калі прызываліся ў армію: толькі адзінкі былі раўнадушныя да перакураў.
Да выбару: курыць ці не – трэба прыйсці ўсвядомлена. Вядома, цяжка давядзецца, але дапаможа настойлівасць!

Віктар ГЕЦМАН, супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:
– Тытунёвага дыму паспрабаваў яшчэ школьнікам – на вялікіх пераменках, каб не бачылі настаўнікі. Стараўся, каб не заўважылі майго “захаплення” і бацькі, хаця, напэўна, яны здагадваліся. І вось ідзе трэці год, як стаў раўнадушным да цыгарэт, аб чым ні разу не пашкадаваў!

Святлана МАКСІМЧЫК, першы сакратар гаркама БРСМ:
– Асабіста не куру, таму аднадумцаў згуртоўваем такіх жа. Штомесяц арганізоўваем вучобу актыва сакратароў “пярвічак”, на сустрэчу з якімі запрашаем спецыялістаў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Актыўна распаўсюджваем брашуры і буклеты аб шкодзе курэння. Папулярнасцю карыстаюцца акцыя “Абмяняй цыгарэту на цукерку”, тэматычныя дыскатэкі і класныя гадзіны. Наперадзе чакаюць выязныя сустрэчы па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Аляксандр РАМАНОВІЧ, начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызму райвыканкама:
– Напэўна, не знойдзецца чалавека, які хоць раз у жыцці не паспрабаваў смак цыгарэт. Зведаў яго і я, калі вучыўся ў інстытуце. Займаючыся лёгкай атлетыкай, усведамляў, што прафесійны спорт і курэнне – паняцці несумяшчальныя. Не аспрэчваць гэтую ісціну дапамагалі лекцыі па лячэбнай і спартыўнай медыцыне. Мой тата курыць, і браць з яго такі прыклад не надта хочацца. Сам не куру і іншым раю: цаніце здароўе і займайцеся спортам!

Хтосьці з чытачоў можа спытаць: “Дзе ж аргументы “за” курэнне?”. Не сталі іх прыводзіць свядома. У кожнага знойдуцца свае тлумачэнні, але яны ніколі не будуць раўнацэнныя паняццям “выдатнае здароўе”, “добрае самаадчуванне” і “прыўзняты настрой”. Любіце сябе, а не цыгарэты!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть