“ПАСПРАБАВАЦЬ УСЁ ІМКНЕЦЦА МОЛАДЗЬ,
але гэта можа завяршыцца сумна…”
Такая думка прагучала ў час вучобы з куратарамі райвыканкама, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна па фарміраванню здаровага ладу жыцця, якая адбылася ў актавай зале ДУ «Лунінецкі РЦГіЭ”.
Сустрэча пачалася з узнагароджання пераможцаў агляд-конкурсу творчых работ «Фестываль здароўя”. У намінацыі «Самая здаровая ўстанова агульнаадукацыйная і прафесійна-тэхнічнай адукацыі” лепшым прызнаны Мікашэвіцкая гімназія імя Уладзіслава Нядзведскага, лунінецкія СШ №№ 2 і 3; «Самы здаровы калектыў (прадпрыемства ці арганізацыі)” – раённы аддзел культуры і СШ №4 г. Лунінца; «Лепшая прафсаюзная арганізацыя ў сферы фарміравання здаровага ладу жыцця” – прафесійнага ліцэя прыборабудавання. Іх работы накіраваны на аналагічны конкурс абласнога ўзроўню. Каштоўныя падарункі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама ўручыла в.а. галоўнага ўрача РЦГіЭ Людміла Мароз.
Загадчыца аддзела прафілактычнай дэзінфекцыі Людміла Кляўцэвіч пачала выступленне з аналізу эпідэміялагічнай абстаноўкі па ВІЧ/СНІДу ў краіне, Брэсцкай вобласці і на Лунінеччыне. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, на 1 лютага 2010 года ў Беларусі зарэгістравана 10757 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Трывожным застаецца эпідпрацэс у нашым раёне, які, на жаль, працягвае ўваходзіць у сумную чацвёрку «лідэраў” Брэстчыны. З 46-ці хворых жыхароў Лунінеччыны 36 – маладыя людзі да 35 год. 35 чалавек заразіліся пры ін’екцыйным увядзенні наркатычных рэчываў, яшчэ 11 – палавым шляхам.
На нарматыўных дакументах, якія рэгламентуюць антытытунёвую дзейнасць, спыніла ўвагу ўрач-валеолаг Жанна Кулеш. Прафілактыка суіцыдаў і арганізацыя работы па выкананню патрабаванняў Праграмы дэмаграфічнай бяспекі сталі тэмай выступлення псіхолага Святланы Дмітрыевай. Даволі цікавым атрымаўся дыялог з загадчыкам інфекцыйнага аддзялення УАЗ «Лунінецкая ЦРБ” Анатолем Раковічам.
Завяршылася вучоба раздачай тэматычнага матэрыялу па пытаннях курэння ў забароненых месцах, адзіных дзён здароўя, псіхалагічнай дапамогі і «тэлефону даверу”.