Здоровье

ЯК ПАПЯРЭДЗІЦЬ ГРЫП СУЧАСНЫМІ МЕТАДАМІ, ці Аб карысці імунізацыі

У абмеркаванні злабадзённай праблемы прынялі ўдзел: ад ДУ «Лунінецкі райЦГіЭ” – загадчык эпідэміялагічнага адзела Галіна Мікалаеўна КАНАПАЦКАЯ, ад УАЗ «Лунінецкая ЦРБ” – раённы педыятр Валянціна Іванаўна ТРУХАНОВІЧ, загадчыкі раённай паліклінікі – Людміла Нічыпараўна ЕЛІЗАВА, тэрапеўтычнага аддзялення – Марыя Васільеўна КУРСЕВІЧ, дзіцячай кансультацыі – Ірына Андрэеўна СОЦ.
Вядучы: Восенню разам з непагаддзю і халадамі на нас навальваецца яшчэ адна напасць – грып. Цяжкае захворванне надоўга выбівае з каляіны, пагаршае здароўе, зрывае важныя планы. З высокай тэмпературай праводзім у ложку тыдзень, а то і два.
Г.М. Канапацкая: Грып і вострыя рэспіраторна-вірусныя захворванні займаюць першае месца ў свеце па частаце і колькасці хвароб і складаюць 90 працэнтаў інфекцый. Усіх ВРВІ налічваецца 200 разнавіднасцей, але больш складана пачынаецца і працякае грып.
Л.Н. Елізава: Самае небяспечнае – ускладненні грыпу. Ён абвастрае хранічныя захворванні – астму, дыябет, хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Самым частым ускладненнем грыпу з’яўляецца запаленне лёгкіх. Гэта хвароба займае 5-ае месца сярод прычын смерці ў дзяцей і пажылых людзей.
Вядучы: Традыцыйна абараняемся ад прастудных захворванняў народнымі сродкамі, галоўны з якіх – часнок. У гэты перыяд года нават выхаванцы дзіцячых дашкольных устаноў носяць «каралі” з зубкамі карыснай расліны.
М.В. Курсевіч: Ніхто не забараняе ўжываць часнок. У прафілактычных мэтах таксама рэкамендуем прымаць супрацьвірусныя медыцынскія прэпараты – аксалінавую мазь, арпетол, рэмантадзін. Для падтрымання імунітэту неабходны полівітаміны, імунастымулюючыя сродкі – настойкі жэншэня, эхінацэі. Трэба ўжываць больш фруктаў і гародніны, якія ўтрымліваюць вітамін С, часцей бываць на свежым паветры. Але гамеапатычныя сродкі і загартоўка арганізму не з’яўляюцца гарантыяй ад інфекцый.
В.І. Трухановіч: Вышэйназваныя метады толькі павялічваюць агульную супраціўляльнасць арганізму, не абараняючы непасрэдна ад вірусу. Адзіны надзейны сродак прафілактыкі грыпу і яго ўскладненняў – прышчэпка.
І.А. Соц: Асабліва небяспечная інфекцыя для дзяцей, якія адносяцца да групы рызыкі. Гэта малышы, што часта і працяглы тэрмін хварэюць; юныя жыхары раёна, якія наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з хранічнымі захворваннямі.
В.І. Трухановіч: Вакцынацыя малышам праводзіцца з 6-месячнага ўзросту. Малодшае дзіця на грудным ускормліванні можна абараніць, зрабіўшы прышчэпку кормячай маме. Неабходна таксама правесці вакцынацыю ўсім членам сям’і, дзе гадуецца немаўля. Калі ўдасца закупіць дастатковую колькасць вакцыны, плануем прышчапіць усіх дзяцей ад 6-ці месяцаў да 16-ці год. 
І.А. Соц: Спадзяемся, што мамы ўсвядомяць простую ісціну. Толькі калі дзіця прышчэплена, яно застрахавана ад рызыкі ўскладненняў грыпу – гэта пнеўманіі і энцэфаліты, якія могуць стаць прычынай смяротных зыходаў.
В.І. Трухановіч: Існуюць часовыя супрацьпаказанні вакцынацыі – вострае захворванне ці абвастрэнне хранічнага, што вызначыць доктар. У свеце яшчэ не знойдзены сродак, які гарантуе 100-працэнтную абарону ад грыпу. Але нават у тых рэдкіх выпадках, калі пасля прышчэпкі пачнецца грыпападобнае захворванне, яно будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў. Ад прышчэпкі ж захварэць немагчыма.
І.А. Соц: Мэтазгоднасць штогадовай вакцынацыі вызначаецца тым, што, па-першае, новы вірус грыпу па сваіх уласцівасцях адрозніваецца ад мінулагодняга; па-другое, цітр антыцел пасля вакцынацыі зніжаецца на працягу года.
Вядучы: Многіх патэнцыяльных хворых палохаюць так званыя поствакцынальныя рэакцыі, якія нагадваюць грыпозны стан.
Г.М. Канапацкая: Трэба падкрэсліць, што вакцына, якую набыў раён, – інактывіраваная, гэта значыць, не ўтрымлівае ніякіх вірусаў і таму практычна не дае поствакцынальных наступстваў.
Л.Н. Елізава: Гэта вакцына паказана практычна кожнаму чалавеку. Рэдкім выключэннем з’яўляюцца пацыенты, якія не пераносяць курынага бялку – на яго аснове ствараюцца ўсе вакцыны.
М.В. Курсевіч: Асноўныя сімптомы грыпападобнага захворвання – высокая тэмпература, кашаль, боль у горле, насмарк ці закладзенасць носу, ламота ў целе, галаўны боль, дрыжыкі, стамляемасць. Вакцынальныя наступствы маюцца ў адзінкавых выпадках і не такія моцныя. Звычайная мясцовая рэакцыя арганізму на ўвядзенне іншароднага цела: пачырваненне ў месцы прывіўкі, ацёк, агульнае лёгкае недамаганне. У гэтых выпадках прымаем жарапаніжаючыя сродкі, у складзе якіх маюцца парацэтамол ці ібуфен.
В.І. Трухановіч: Наяўнасць у некаторых пацыентаў поствакцынальных наступстваў сведчыць аб тым, што арганізм адрэагаваў на вакцыну і пачаў выпрацоўваць абаронныя антыцелы.
Вядучы: У вытворчых калектывах пытанні стану здароўя работнікаў ускладзены на спецыялістаў па ахове працы, прафсаюзныя арганізацыі. 
Л.Н. Елізава: Асноўны шлях перадачы вірусу грыпу ад чалавека да чалавека адбываецца праз рэспіраторныя кроплі пры кашлі ці чыханні, што ад хворага трапляюць у рот ці нос людзей, якія знаходзяцца побач.
М.В. Курсевіч: Да групы высокай рызыкі заражэння грыпам адносяцца прадстаўнікі сацыяльнай сферы – медыкі, настаўнікі, работнікі гандлю, якім абавязкова трэба прышчэпвацца.
Г.М. Канапацкая: Летам накіравалі лісты на адрас 35-ці найбольш буйных прадпрыемстваў з прапановай абараніць ад грыпу сваіх працаўнікоў, закупіўшы вакцыну для іх прышчэплівання. Адгукнуліся – менш як трэцяя частка.
Л.Н. Елізава: Адзначу, што на працягу некалькіх год за ўласныя сродкі набываюць вакцыну і абараняюць ад масавага захворвання работнікаў у шэрагу калектываў, большасць якіх паклапаціліся аб гэтым і сёлета. Гэта 11 аб’ектаў гаспадарання: РУВП «Граніт”, «Куб-Граніт”, ААТ «Спецжалезабетон”, «Лунінецкі малочны завод”, «Палессеэлектрамаш”, «Палімер”, ВПУП «Вікторыя”, РВУ «Лунінецрайгаз”, раённы вузел электрасувязі, хлебазавод, ПМК-19.
Г.М. Канапацкая: Аптымальны тэрмін правядзення вакцынацыі – з другой паловы верасня да другой паловы лістапада, таму што ўздым захворваемасці ВВРІ і грыпам у нашай краіне прыпадае на лістапад-сакавік. Для стварэння паўнацэннай абароны пасля прышчэпкі арганізму неабходна ад 14 да 30 сутак – час выпрацоўкі антыцел. Абаронны ўзровень іх захоўваецца ад некалькіх месяцаў да паўгода з далейшым зніжэннем.
М.В. Курсевіч: У групу высокай рызыкі развіцця постгрыпавых ускладненняў трапляюць і старыя звыш 65-ці год, якія па прычыне ўзросту пакутуюць на хранічныя захворванні. Наогул усе дарослыя, хто хоча зрабіць прышчэпку ад грыпу, могуць звярнуцца ў кабінет №51 раённай паліклінікі.
Г.М. Канапацкая: Вакцынацыя дапаможа стварыць той узровень калектыўнага імунітэту, які забяспечыць павышэнне ўстойлівасці насельніцтва да гэтай інфекцыі і дазволіць пазбегнуць эпідэміі.
Л.Н. Елізава: На сёння ў раёне выпадкаў грыпу не зарэгістравана. Але не чакайце хваробы. Каб застрахавацца ад грыпу, абараніць сябе, зрабіце прышчэпку.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть