ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ І ДОБРЫЯ СПРАВЫ паспрыяюць зніжэнню тэмпаў развіцця ВІЧ-інфекцыі
Прафілактыка яе і венерычных захворванняў стала галоўнай тэмай вучобы з куратарамі, якая прайшла ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Удзел у абмеркаванні прынялі загадчыца аддзела прафілактычнай дэзінфекцыі Людміла Кляўцэвіч, урач-інфекцыяніст Анатоль Раковіч, раённы дэрматавенеролаг Жанна Немец, валеолаг Жанна Кулеш і псіхолаг Святлана Дмітрыева.
Па стану на 01.05.2009 г. у Беларусі зарэгістравана 9998 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, з іх 380 – выяўлена за 4 месяцы гэтага года. Найбольшая колькасць пражывае ў Гомельскай вобласці (5212), Мінску (1401) і Мінскай вобласці (1275). Па Брэсцкай вобласці на тую ж дату зафіксаваны 721 выпадак. Па-ранейшаму сумнае лідэрства ўтрымліваюць Пінск (347), Брэст (123), Баранавічы (620) і наш раён (42). Прыкра, але сітуацыя па ВІЧ-інфекцыі на Лунінеччыне працягвае пагаршацца. У эпідэмічны працэс уцягнуты 7 адміністрацыйных тэрыторый.
ВІЧ-інфекцыя – невылечнае захворванне, пры якім паражаецца і павольна разбураецца імунная сістэма арганізма. Яна мае некалькі стадый развіцця, апошняя з якіх называецца СНІД. Крыніцай захворвання з’яўляецца інфіцыраваны чалавек. Існуюць тры асноўныя шляхі перадачы – палавы, пры траплянні віруса ў кроў і ад маці – да дзіцяці. Па меркаванню большасці даследчыкаў, заражэнне праз бытавыя кантакты (поціск рукі, абдымкі, сяброўскія пацалункі, карыстанне агульнымі сталовымі прыборамі, ваннай, санвузлом, купанне ў басейне, лазні) не даказана. Нельга “падчапіць заразу” праз посуд, ежу, дзвярныя ручкі. Вірусы імунадэфіцыту, выяўленыя ў катоў, цялят, малпаў і іншых жывёлін, не ўяўляюць небяспекі для чалавека.
Якія ж прафілактычныя меры прымаюцца сёння? Спецыялісты заклікаюць да здаровага ладу жыцця, выкарыстання прэзерватываў пры выпадковых палавых кантактах, ігнаравання наркотыкаў, правядзення ў спецыялізаваных установах праколвання вушэй і нанясення татуіровак.
АНАНІМНА І БЯСПЛАТНА
Абследавацца на ВІЧ-інфекцыю (СНІД) можна:
– у філіяале №1 “Мікашэвіцкая бальніца” УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” (вул. Першамайская, 18, каб. 19) з 08.00 да 19.00, тэл. 2-25-28.
Пракансультуюць па пытаннях ВІЧ-інфекцыі:
– урач-інфекцыяніст УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” (вул. Чырвоная, 100, каб. 22), тэл. 2-61-33.