Здоровье

“Жанчыны і ВІЧ”

1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Пад такім дэвізам, адлюстроўваючым найбольш актуальныя аспекты праблемы, праводзіцца гэты дзень сёлета. На хвалюючыя многіх людзей пытанні адказвае ўрач-эпідэміёлаг РЦГіЭ Іна ЯРМОЦ.
– Чаму галоўная ўвага ўдзяляецца жанчынам?
– Многія прадстаўніцы прыгожай паловы падвяргаюцца ВІЧ-інфекцыі з-за рызыкоўных паводзін моцнай. Жанчыны могуць заразіцца ад мужчын, якія маюць палавыя адносіны з іншымі партнёрамі ці ўжываюць наркотыкі ін’екцыйным шляхам. Да таго ж, абмежаваныя эканамічныя магчымасці вымушаюць прыгажунь зарабляць сродкі да існавання, прадастаўляючы сексуальныя паслугі за ўзнагароджанне. Гвалт супраць слабой паловы спрыяе хуткаму распаўсюджванню інфекцыі. Задача Сусветнага дня – павысіць узровень інфармаванасці ў розных пытаннях, якія датычаць уздзеяння ВІЧ/СНІД на жанчын і дзяўчын.
– Праблема вядома чалавецтву не адно дзесяцігоддзе. Але толькі цяпер спецыялісты могуць ацаніць новы вірус аб’ектыўна. Якімі лічбамі характарызуюцца маштабы захворвання?
– Адзначу, што яны пераўзышлі самыя сумныя прагнозы 20-гадовай даўніны. Цяпер з ВІЧ пражывае больш як 34 мільёны чалавек. Глабальная эпідэмія забрала каля 30 мільёнаў жыццяў. Штогод заражаецца каля трох мільёнаў чалавек, памірае – каля двух мільёнаў дарослых і дзяцей. Асабліва небяспечнае станові-шча ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. З 2000 па 2009-ы колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, павялічылася ў 3 разы, смяротнасць па прычыне СНІДу – у 4 разы.
– Якая сітуацыя ў нас?
– У Беларусі адзначаны больш як 14 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, на Брэстчыне – 1066. Найбольшая колькасць выяўлена ў Пінску (491), Брэсце (170), Баранавічах (81). У нашым раёне за 25 год зарэгістравана 56 ВІЧ-інфіцыраваных (41 мужчына і 15 жанчын), у тым ліку 2 выпадкі – сёлета. Сярод іх пераважаюць людзі да 35-ці год. Самы распаўсюджаны від перадачы ВІЧ-інфекцыі – ін’екцыйнае ўвядзенне наркатычных рэчываў (70 працэнтаў) і палавы (30%). Найбольш хвалюючая сітуацыя – у Мікашэвічах, дзе пражывае 41 ВІЧ-інфіцыраваны. З іх 37 – заразіліся, ужываючы наркотыкі.
– Вядома, што за ўвесь перыяд назірання сярод ВІЧ-інфіцыраваных памерлі 11 пацыентаў. Відавочна, таксама тыя, хто “сядзеў на іголцы”?. 
– Справа ў тым, што вірус імунадэфіцыту чалавека ў выкарыстаных нестэрылізаваных шпрыцах захоўвае жыццяздольнасць на працягу некалькіх дзён за кошт астаткаў крыві, што знахо-дзяцца ўнутры іголкі. Пры траплянні ў крываток чалавека ВІЧ паражае імунныя клеткі, зніжаючы магчымасці арганізма супрацьстаяць розным захворванням. Калі не змагацца з ВІЧ, то праз 5-10 год развіваецца СНІД. Гэта – апошняя стадыя ВІЧ-інфекцыі, якая вядзе да гібелі чалавека.
– Ці дакладна, што любы ВІЧ-станоўчы чалавек – хворы на СНІД?
– Гэта не так. Пры прымяненні антырэтравіруснай тэрапіі канцэнтрацыя віруса ў крыві змяншаецца, колькасць імунных клетак павялічваецца і стан чалавека пераходзіць у бессімптомную стадыю, зніжаецца рызыка перадачы віруса. Такім чынам, ВІЧ-станоўчы чалавек можа жыць доўгім і паўнацэнным жыццём.
– Нагадайце, калі ласка, як НЕ перадаецца ВІЧ?
– Пры бытавых кантактах паміж людзьмі, праз рукапацісканні і абдымкі, слюну, пацалунак, мачу, кал, пот, слёзы. ВІЧ не перадаецца пры сумесным карыстанні ваннай і туалетам, выкарыстанні сталовых прыбораў і посуду, праз мэблю і тэлефонную трубку і г.д., праз укусы насякомых. ВІЧ не перадаецца праз паветра, таму што не жыве ў навакольным асяроддзі, дзе ён гіне на працягу некалькіх хвілін.
– А якія шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі?
– Іх тры: “кроў у кроў” – пры выкарыстанні нестэрыльных іголак, шпрыцаў, раствораў для ін’екцый, інфіцыраванай донарскай крыві; палавым – пры любым неабароненым (без прэзерватыву) палавым кантакце; ад маці дзіцяці – у час цяжарнасці, родаў і пры грудным ускормліванні.
– Як быць чалавеку, які не падазрае, што ў яго крыві ёсць ВІЧ?
– Такіх выпадкаў шмат. Але сітуацыя няведання – вельмі небяспечная. Чалавек не можа абараніць ад перадачы вірусу сваіх блізкіх і паклапаціцца аб сваім здароўі, гэта значыць – своечасова пачаць спецыяльную тэрапію. Ведаць свой ВІЧ-статус – гэта таксама натуральна, як ведаць аб сваіх іншых хранічных захворваннях. Ведаючы праўду, няхай і горкую, чалавек рэгулярна бу-дзе назірацца ва ўрача, пры неабходнасці – прымаць бясплатнае лячэнне, а таксама абароніць людзей, якія яго акружаюць. 
– Як даведацца аб сваім ВІЧ-статусе?
– Здаць тэст. Гэта можна зрабіць практычна ў любой лячэбна-прафілактычнай установе бясплатна і ананімна – такую магчымасць заканадаўства гарантуе кожнаму грамадзяніну. Хацелася б нагадаць: іншы раз людзі памылкова мяркуюць, што ў іх жыцці не было сітуацый, пры якіх магла б адбыцца перадача віруса. І ўсё ж прайсці тэсціраванне на ВІЧ ці не, зразумела, кожны чалавек вырашае сам.
– Падзяліцеся парадай, як абараніць сябе ад захворвання?
– Практычна ва ўсіх выпадках ВІЧ-інфіцыравання можна пазбегнуць. Даўно вызначаны ўсе магчымыя шляхі і механізмы перадачы. Людзі толькі ўласнымі памылкамі працягваюць падвяргаць сябе рызыцы.
Даведаўшыся аб вірусе, абмяркуйце гэта пытанне са сваімі блізкімі. Даведайцеся аб сваім ВІЧ-статусе. Памятайце: лягчэй пазбегнуць хваробы, чым потым усё жыццё выбіраць сродкі супраць яе.
Гутарыла Таццяна ВАСІЛЬЕВА.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть