Здоровье

Дар у імя жыцця

Акцыя па бязвыплатнай дабрачыннай здачы донарскай крыві прайшла на Лунінеччыне. На гэты раз да яе далучыліся больш як 20 землякоў.

Матыў стаць донарам у кожнага свой, але аб’ядноўвае іх жаданне дапамагчы іншым. Нягледзячы на тое, што ўдзел у акцыі ўсе прымалі па ўласным жаданні, раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа падарыла донарам сувеніры. Старшыня Таццяна Кацуба расказала, што падобная практыка, калі кроў здаюць дабравольцы, прымяняецца ва ўсім свеце.

Аказваецца, трапіць у рады донараў не так проста. Існуе абмежаванне па ўзросце: кроў могуць здаваць толькі тыя, каму ад 18 да 60 год. Улічваецца і ўзровень гемаглабіну. Для мужчын і жанчын нормы розныя, аднак, калі паказчык вельмі высокі ці нізкі, чалавек да працэдуры не дапускаецца.

Ад лабаранта, які вызначае групу крыві, дабравольцы накіроўваюцца на агляд да ўрача-тэрапеўта. Пасля – атрымліваюць стандартны набор донара: сладасці і шклянку чаю. У размове даведаўся, што кроў можна здаваць толькі раз у два месяцы. А вось аб’ём яе, незалежна ад росту і вагі донара, ад таго, наколькі часта ён дзеліцца часткай жыцця, адзін для ўсіх – 450 мілілітраў. Аднолькавым быў і адказ на пытанне, што задаваў дабравольцам: “Якія адчуванні?”.

– Галоўнае адчуванне – пачуццё выкананага абавязку, магчымасць выратаваць нечае жыццё.

Яркі прыклад – у Валянціны Шведавай. Адзін з урачоў пайшоў на прамое пераліванне крыві для яе дзіцяці. Жанчына паабяцала, што таксама па-дзеліцца сваёй, каб выратаваць жыццё іншаму. І выканала абяцанне.

– Акцыі ў падтрымку ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя і Сусветнай арганізацыі аб пераходзе да 2020 года на сістэму рэгулярнай бязвыплатнай дабрачыннай здачы крыві сумесна з супрацоўнікамі Ганцавіцкай станцыі пералівання крыві на Залескай амбулаторыі працягнем і ў далейшым, – адзначыў намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Эдуард Канапацкі. – Далучыцца да іх можа кожны.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть