Здоровье

Імунізацыя работнікаў – турботы работадаўца і прафсаюзаў

прививкаЗахворваемасць вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі  (ВРІ) і грыпам дагэтуль застаецца адной з самых актуальных медыцынскіх і сацыяльна-значымых праблем у свеце.

На Лунінеччыне штогод ад іх пакутуе кожны чацвёрты жыхар. Дзякуючы праводзімым апошнім часам прышчэпкам, якія ахопліваюць 35 працэнтаў насельніцтва, захворваемасць пачала змяншацца.

Тым не менш, у структуры прычын часовай непрацаздольнасці сярод працуючых 40-50 працэнтаў складаюць  захворванні ВРІ і грыпам. Для работадаўцы гэта выліваецца ў буйныя сумы, якія расходуюцца на аплату масавых выпадкаў часовай  непрацаздольнасці, калі са снежня па сакавік хварэе ад 35 да 50 працэнтаў насельніцтва рэгіёна. Падлічана, што эканамічны ўрон толькі ад 1 выпадку захворвання грыпам у нашай краіне складае ў сярэднім 40 долараў ЗША, а кошт лячэння ў стацыянары абыходзіцца дзяржаве ў 200 долараў ЗША.

Вірус грыпу лёгка перадаецца пры размове, чыханні, кашлі. Заразіцца можна на рабоце, у грамадскім транспарце, магазіне, на рынку. Дзеці могуць захварэць у школе ці дзіцячым садзе. Дарослыя па прычыне захворвання грыпам як мінімум на працягу 5 дзён вымушаны прапускаць работу, а пры ўскладненым цячэнні хваробы – да 1 месяца.

У сучасных умовах найбольш эфектыўнай і эканамічна выгаднай мерай абароны з’яўляецца вакцынацыя насельніцтва. Аналізуючы вынікі імунізацыі ў 2012 годзе адзначана, што захворваемасць на грып і ВРІ сярод прышчэпленых асоб была на 81,8 працэнта ніжэй, чым сярод непрышчэпленых.

Для дасягнення значнага эфекту неабходна вакцынацыя не менш як 40 працэнтаў работнікаў калектыву.

Летась у арганізацыях аховы здароўя раёна было прышчэплена 26091 чалавек (35% насельніцтва). З іх 2530 – за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый, што на 8,3 працэнта менш, чым у папярэднім годзе. Такая статыстыка сведчыць, што кіраўнікі і прафсаюзныя лідары прадпрыемстваў і арганізацый не ўдзяляюць належнай увагі захаванню здароўя сваіх работнікаў.

У рамках правядзення падрыхтоўчай работы па абароне насельніцтва ад грыпу ў эпідсезон 2013-2014 гадоў Лунінецкі райвыканкам прыняў рашэнне “Аб імунізацыі насельніцтва ў 2013 годзе”, якім вызначана кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый выдзяліць фінансавыя сродкі  на закуп вакцыны супраць грыпу для імунізацыі сваіх супрацоўнікаў, а на прадпрыемствах, дзе налічваецца 1000 і больш работнікаў, для ахопу вакцынацыяй не менш як 40 працэнтаў працуючых.

Арганізаваць работу можна на дагаворных умовах ва УЗ “Лунінецкая ЦРБ”. Кансультацыі можна атрымаць у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па тэлефонах: 2-66-27, 2-67-38.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть