Здоровье

КАРАНІ СЯБРОЎСТВА

Урачыстая цырымонія перадачы апарата для ультрагукавога даследавання органаў адбылася ў цэнтральнай раённай бальніцы. Набыта абсталяванне па праграме ўрада Японіі “Карані травы – грантавая дапамога для праектаў па захаванню бяспекі чалавека”.
Мэта праграмы “Карані трывы” ў Рэспубліцы Беларусь заключаецца ў садзеянні ініцыятывам па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У яе рамках (а дзейнічае праграма з 2004 года) рэалізавана 38 праектаў на суму ў больш як 3 мільёна долараў ЗША. Летась у выніку конкурснага адбору лунінецкія медыкі таксама атрымалі грант на суму 35 тысяч долараў ЗША. На гэтыя грошы і быў набыты сучасны ультрагукавы апарат, які сёння ўстаноўлены ў лячэбным корпусе ЦРБ.
— З моманту аварыі на ЧАЭС прайшоў 31 год. Аднак тэма пераадолення наступстваў катастрофы па-ранейшаму застаецца актуальнай, бо Брэсцкая вобласць з’яўляецца адным з найбольш пацярпелых рэгіёнаў. Паколькі сёння Японія таксама знаходзіцца ў працэсе аднаўлення пасля аварыі на АЭС “Фукусіма-1”, мы ні ў якім выпадку не можам гаварыць, што праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы, гэта толькі іх асабістая справа, — падкрэсліў часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага. Адначасова ён выказаў словы ўдзячнасці за дапамогу, якую беларусы аказалі Японіі пасля фукусімскай аварыі.
У сваю чаргу старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко падзякаваў урад Японіі за ўвагу да праблем лунінчан. Галоўны ўрач ЦРБ Святлана Хлебус расказала, што апошнім часам колькасць выпадкаў анкалагічных захворванняў павялічылася. Набытае абсталяванне дапаможа дыягнаставаць іх на ранніх стадыях, што істотна павялічвае эфектыўнасць лячэння.
Як стала вядома, на новым апараце можна праводзіць усе віды даследаванняў унутраных органаў ( у тым ліку сэрца), а таксама малочнай і шчытападобнай залозаў і сасудаў. З пачатку жніўня 2016 года, калі быў устаноўлены новы апарат, на ім праведзена больш як 15 тысяч даследаванняў.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть