«Лунінец — здаровы горад»
Здоровье

«Лунінец — здаровы горад»

лунинец здоровый город

На базе гімназіі райцэнтра адбыўся фестываль здароўя, удзел у якім принялі прадстаўнікі гарадскіх навучальных устаноў. Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта «Лунінец — здаровы горад».

У інфармацыйна-кансультацыйным пункце гасцей сустракалі гаспадары з групы валанцёраў “Атланты”. Хлопчыкі і дзяўчынкі раздавалі памяткі і буклеты. Вялікая актавая зала ў бібліятэцы ледзь умясціла ўсіх вучняў разам з настаўнікамі. Іх віталі арганізатары — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Трэгубава, псіхолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Дзмітрыева і ўрач-валеолаг УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Жанна Кулеш. Яны пажадалі дзецям не расслабляцца на асенніх канікулах: не сядзець падоўгу за камп’ютарамі, бываць на свежым паветры, правільна харчавацца, не забываць аб загартоўванні арганізма. З уважлівасцю паслухалі прысутныя выступленні педыятра Марыны Пашкелевіч і стаматолага Ганны Жук.

Што ведаюць юныя землякі пра здаровы лад жыцця ўвогуле, сведчыла іх работа па станцыях. У спортзале панавала атмасфера прыўзнятага настрою і гарачага саперніцтва. Гучныя воклічы балельшчыкаў настройвалі каманды на перамогу. За хуткасцю і трапнасцю спартсменаў сачыў галоўны суддзя спаборніцтваў — настаўнік фізкультуры Віктар Казун. У выніку першае месца занялі гімназісты, другое — вучні СШ №4, трэцяе — СШ №1.

Станцыя “Інтэлектуальная” паклікала ўдзельнікаў на тэматычны брэйн-рынг. Віктарына складалася з некалькіх тураў. Самыя правільныя адказы на пытанні далі гаспадары. “Серабро” заваявалі прадстаўнікі СШ №3, “бронзу” — СШ №2.

У малой актавай зале размясцілася станцыя “Творчая”, дзе юнакі і дзяўчаты стваралі калажы “Я выбіраю здароўе”. Колькі фантазіі, выдумкі і крэатыву праявілі вучні! Журы доўга вагалася з выбарам пераможцы. Урэшце, лепшай прызнана калектыўная работа СШ №3. У тройку прызёраў увайшлі таксама СШ №1 і СШ №4.

Любая дэгустацыя прадуктаў харчавання, асабліва карысных для здароўя, вельмі папулярная, тым больш, у школьнікаў! У мясцовай сталоўцы смачную прэзентацыю падрыхтавалі калектывы філіялаў: “Лунінецкі хлебазавод” ААТ “Берасцейскі пекар”, “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства і ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Удзельнікі фестывалю здароўя вярталіся дамоў падсілкаванымі, з дыпломамі, прызамі і цудоўным настроем!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть