Лячыць? Ці так пройдзе?
Здоровье

Лячыць? Ці так пройдзе?

гриппУпершыню пра грып прыгадаў Гіпакрат яшчэ ў 412 годзе да нашай эры. На працягу двух тысячагоддзяў гэта каварнае захворванне неаднаразова выклікала эпідэміі і пандэміі, якія забіралі жыцці соцень тысяч і мільёнаў людзей. На шчасце, цяпер мы маем магчымасці не толькі абмежаваць распаўсюджванне грыпу, але і эфектыўна яго лячыць, папярэджваючы развіццё ўскладненняў.
Вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі – група захворванняў, якія выклікаюцца мноствам узбуджальнікаў, перадаюцца паветрана-кропельным шляхам і характарызуюцца вострым паражэннем дыхальнай сістэмы чалавека. Найбольш часта сустракаюцца пачырваненне слізістых, пяршэнне і боль у горле, асабліва пры глытанні, закладзенасць носа, асіпласць голасу, кашаль, павышэнне тэмпературы (часцей не больш як 38 градусаў).
З усёй сукупнасці вострых рэспіраторных вірусных інфекцый асобна вы-дзяляецца грып. Для яго характэрны востры пачатак з павышэння тэмпературы да максімальных значэнняў нават у першыя суткі хваробы, а таксама слабасць, разбітасць, галаўны боль у вобласці лба, ломка ў мышцах і суставах, боль у вобласці вачэй. Праз некалькі гадзін дадаюцца прыкметы паражэння дыхальных шляхоў. Вірус здольны парушыць работу многіх органаў і сістэм арганізма і вызваць сур’ёзныя ўскладненні.
Каб папярэдзіць заражэнне грыпам, неабходна пазбягаць кантакту з тымі, у каго назіраецца праяўленне прастуды; абмежаваць наведванне месцаў вялікага скаплення людзей; праветрываць памяшканні; пастаянна і старанна мыць рукі з мылам; пазбягаць рукапацісканняў, абдыманняў, пацалункаў; не дакранацца да вачэй, носа і рота; апранацца згодна з надвор’ем. Найбольш небяспечны грып для дзяцей да 5 год, цяжарных жанчын, асоб, старэйшых за 60 год і тых, хто пакутуе на хранічныя захворванні.
Асноўны шлях перадачы віруса – рэспіраторны: кроплі пры кашлі, чыханні ад хворага чалавека трапляюць у нос ці рот людзей, што знаходзяцца побач.
Калі падазраваеце ў сябе грып, не хадзіце на работу ці вучобу, заставайцеся дома, выклікайце ўрача. Не займайцеся самалячэннем!
Не ператварайце кватэру ў лазарэт. Калі ёсць магчымасць – пакладзіце хворага ў асобны пакой. Неабходна выдзеліць яму індывідуальныя пасцельныя прыналежнасці, посуд і сталовыя прыборы. Важна захоўваць меры перасцярогі: апранаць маску, мыць рукі з мылам, паласкаць горла дэзінфіцыруючымі растворамі і прымаць супрацьвірусныя прэпараты, а яшчэ абавязкова праветрываць памяшканні.
Калі ў хворага знік апетыт – гэта той выпадак, калі ад ежы можна адмовіцца. Галоўнае піць больш цёплай вадкасці (не менш як 2,5 літра ў дзень). Гэта могуць быць сокі, морсы, чай з лімонам, кампоты (асабліва з сухафруктаў), травяныя адвары і настоі. Можна спрабаваць есці крыху лёгкіх страў – суп з агародніны, булён, адварную курыцу, кашы.
У перыяд эпідэміі грыпу прымайце прэпараты, якія садзейнічаюць павышэнню імунітэта: полівітамінныя і антыаксідантныя комплексы, вітамін С, а таксама прэпараты расліннага паходжання. Часцей уключайце ў рацыён натуральныя кісламалочныя прадукты, свежую садавіну і агародніну, асабліва цыбулю і часнок, і ваш арганізм атрымае дадатковы шанц у барацьбе з інфекцыяй!
Ваша здароўе – у вашых руках, а ранні зварот да спецыяліста дазволіць яго захаваць. Будзьце здаровы!
Таццяна МЕДЗІНА, намеснік загадчыка ЦРА №68.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть