На прызы МФК «Базар»
Здоровье

На прызы МФК «Базар»

мини_футболСёлета ў першынстве раёна па міні-футболе, якое праходзіла ў рамках раённай спартакіяды школьнікаў, бралі ўдзел 23 каманды. Чацвёрты год фундатарам гэтых спаборніцтваў выступае галоўны трэнер МФК “Базар” Віктар Грыневіч.

У спартыўнай зале СДЮШАР сабраліся фіналісты — каманды Мікашэвіцкай і Лунінецкай гімназіі, СШ №1 г.Лунінца і Дзятлавіцкай СШ. Амаль 5 гадзін працягваліся спаборніцтвы. Яшчэ ў першым туры лунінецкія гімназісты заявілі аб тым, што маюць сур’ёзны намер на перамогу і ўзялі верх над мікашэвіцкімі “калегамі” — 3:0. Дзятлаўчане — мінулагоднія чэмпіёны — у стартавым матчы перайгралі вучняў з СШ №1 (6:4). У другім туры з мінімальнымі адрывамі гімназісты з Лунінца перамаглі футбалістаў з Дзятлавіцкай СШ (2:1), а каманда СШ №1 — гімназістаў з Мікашэвіч (4:3). Заключны трэці тур прынёс “вікторыю” дзятлаўчанам над мікашэвіцкімі гімназістамі (6:2), лунінецкім гімназістам — над СШ №1 (6:4).

У выніку ўпершыню пераможцамі гэтых спаборніцтваў сталі гімназісты з Лунінца. На другім месцы — Дзятлавіцкая СШ, на трэцім — СШ №1. Лепшым іграком турніру названы Кірыл Журыба (СШ №1).

Уладзімір ВАБІШЧЭВІЧ, настаўнік фізкультурыі Лунінецкай гімназіі:

— Вельмі задаволены сваімі падапечнымі, хаця прымусілі пахвалявацца. Але лічу, што поспех не выпадковы. Вясной мы сталі пераможцамі ў футбольным першынстве, а цяпер вось і ў міні-футболе дабіліся поспеху. Хаця было няпроста. Настройваліся на кожную гульню, але самай складанай аказалася апошняя — з СШ №1. Дзякуй арганізатарам, МФК “Базар”, суддзям і сапернікам за цудоўнае пераднавагодняе спартыўнае свята.

Віктар КАНАПАЦКІ, настаўнік фізкультуры Дзятлавіцкай СШ:

— Шкада, што не ўдалося замацаваць мінулагодні поспех. Але юнакі стараліся. Крыху не пашанцавала: гульню з моцным сапернікам — лунінецкімі гімназістамі — давялося праводзіць без адпачынку. На фоне стомленасці не здолелі прадэманстраваць лепшае, на што былі гатовы. Між тым, у цэлым задаволены выступлением падапечных.

Аляксей ГНЕДЗЬКА, настаўнік СШ №1 г. Лунінца:

— Упершыню дайшлі да фіналу. Гэта цудоўна. Трапіць у прызёры з 23 каманд — гэта дасягненне. Віншую ўсе каманды і ўсіх прыхільнікаў спорту з Новым годам і Калядамі!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть