ЗдоровьеПроисшествия

Побач з пазітыўнымі момантамі – негатыўныя тэндэнцыі

карлюкУ першым паўгоддзі пракуратурай раёна сумесна з РАУС рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей у барацьбе са злачыннасцю і забеспячэннем законнасці. Гэта дазволіла змякчыць уздзеянне негатыўных працэсаў і спрыяла ўмацаванню законнасці і правапарадку на Лунінеччыне. Расказвае пракурор раёна Аляксандр КАРЛЮК:

– Колькасць злачынстваў, зарэгістраваных у раёне ў першым паўгоддзі, знізілася на 18,2 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012-га і склала 252. Парадаваў той факт, што не было рабаўніцтваў (летась – 6), а таксама  менш учынена крадзяжоў – 108 супраць 169. Раскрывальнасць па лініі крымінальнага вышуку склала 70,7 працэнта, што з’яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў у вобласці. Між тым, побач з пазітыўнымі момантамі прасочваюцца і негатыўныя тэндэнцыі. Колькасць прычыненых цяжкіх цялесных пакалечанняў узрасла да 8, летась – 1. Аналіз паказаў, што часцей вінаватыя – гэта асобы, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напіткамі і праяўляюць агрэсіўнасць. Як правіла, такая катэгорыя грамадзян збіраецца каля гандлёвых кропак, дзе на “100 грам” можна заўсёды ў каго-небудзь папрасіць. Атрымаўшы міласціну, з бутэлькай у руках шчаслівыя выпівохі накіроўваюцца ў двары і пад’езды прылягаючых жылых дамоў. У працэсе распіцця нярэдка ўзнікаюць канфлікты, якія іншы раз заканчваюцца трагічна. На момант учынення злачынства 6 асоб знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, 5 – нідзе не працавалі, 2 – неаднаразова судзімыя. Тройчы да няшчасця прыводзілі сваркі ў сем’ях, дзе пануе алкагалізм.

– Зразумела, што складана прадугледзець паводзіны выпівох у той ці іншы момант. Але ж, калі своечасова браць іх на ўлік і праводзіць адпаведную работу, то злачынстваў магло быць куды менш…

– Згодны. Але ў тым і справа, што асобы, патэнцыяльна схільныя да ўчынення злачынстваў своечасова не выяўляюцца, на прафілактычныя ўлікі не ставяцца, адпаведна і належная індывідуальна-папераджальная работа з імі не праводзіцца. Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя, якая склалася з аховай грамадскага парадку на тэрыторыі Лунінца і Мікашэвіч. Па прычыне неўкамплектаванасці кадрамі ў Лунінцы нясе службу толькі адзін пешы нарад на адным маршруце патрулявання ў перыяд з 16.00 да 1.00, а ў выхадныя дні – з 17.00 да 2.00 гадзін. У горадзе гранітаздабытчыкаў – тая ж карціна. У той час маладыя людзі – “аматары” спіртных напіткаў, а таксама раней судзімыя, збіраюцца групамі ў грамадскіх месцах, ужываюць спіртное. Як следства – канфлікты, масавыя бойкі, якія своечасова праваахоўнымі органамі не прадухіляюцца.

У маі прыкладна ў 2 гадзіны ночы на плошчы Леніна ў Лунінцы нецвярозы 26-гадовы мужчына нанёс удар нажом у вобласць грудной клеткі і прычыніў цяжкія цялесныя пакалечанні 21-гадоваму лунінчаніну. Пацярпелы на працягу некалькіх гадзін знаходзіўся ў стане комы ў рэанімацыйным аддзяленні раённай бальніцы. Толькі своечасовае аказанне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі дапамагло пазбегнуць смерці. Як стала вядома, паміж дзвюма групамі маладых людзей узнік канфлікт, які перарос у масавую бойку, у якой яшчэ пяць удзельнікаў атрымалі цялесныя пакалечанні рознай ступені цяжкасці.

У ахове грамадскага парадку недастаткова выкарыстоўваюцца сілы і сродкі добраахвотных народных дружын, што неаднаразова адзначалі ў актах рэагавання. Гэта прывяло да павелічэння на 8,6 працэнта колькасці злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах, на 50 працэнтаў – хуліганстваў.

– Наколькі актуальнымі застаюцца праблемы алкагалізацыі насельніцтва, а таксама распаўсюджвання наркотыкаў і псіхатропных рэчываў?

– На 1 ліпеня ў раёне зарэгістравана 1527 хворых на алкагалізм. Штогадовы продаж спіртнога на чалавека складае 1,55 літра. Невыпадкова злоўжыванне алкаголем стала вынікам узнікнення многіх здарэнняў, якія прывялі да гібелі людзей. Так, з 8 чалавек, што загінулі на пажарах, 5 на момант узгарання былі нецвярозымі. Два дарожна-транспартных здарэнні ўчынены п’янымі вадзіцелямі. Кожнае трэцяе злачынства ў першым паўгоддзі здзейснена асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Сітуацыю маглі б палепшыць такія меры, як абмежаванне рэжыму работы гандлёвых аб’ектаў, якія ажыццяўляюць рэалізацыю алкагольных напіткаў, правядзення дадатковых культурных, спартыўных і іншых прафілактычных мерапрыемстваў антыалкагольнай накіраванасці.

Сур’ёзную занепакоенасць выклікае распаўсюджванне наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Па афіцыйнай статыстыцы ад наркатычнай хваробы пакутуюць 64 чалавекі. Распаўсюджванню наркотыкаў спрыяе прыгранічнае знаходжанне рэгіёна, праблема ўжывання атруты ў маладзёжным асяроддзі, у тым ліку ў месцах масавага адпачынку – дыскатэках, барах. Каб спыніць наркаманію, патрабуецца максімальна зладжаная работа ўсіх праваахоўных органаў. Трэба адзначыць, што аператыўнымі падраздзяленнямі выяўляюцца асобы, якія ўжываюць наркатычныя сродкі і дробныя збытчыкі наркотыкаў. Неабходна ўзмацніць намаганні па выяўленню буйных паставак наркатычных сродкаў, дзейнасці арганізаваных злачынных груповак, фактаў збыту пры правя-дзенні культурна-масавых мерапрыемстваў.

– Што на ваш погляд трэба зрабіць, каб палепшыць сітуацыю?

– Штомесяц праводзіць аналіз крымінагеннай сітуацыі ў раёне, па выніках якога прымаць арганізацыйна-практычныя меры, у тым ліку, накіраваныя на рашэнне праблем, звязаных з умацаваннем правапарадку, барацьбой з п’янствам, алкагалізмам і распаўсюджваннем наркатычных сродкаў.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть