Прышчэпка ад грыпу: усё, што трэба ведаць
Здоровье

Прышчэпка ад грыпу: усё, што трэба ведаць

прививка

Восень-зіма — перыяды, калі ўзрастае колькасць захварэўшых на вострыя рэспіраторныя захворванні і грып. Аб тым, што на Лунінеччыне пачалася прышчэпачная кампанія, “ЛН”паведамлялі ў №71 за 16.09.2015г. На жаль, вострыя пытанні наконт вакцынацыі застаюцца ў насельніцтва дагэтуль.

Бясспрэчным лідарам сярод узбуджальнікаў вострых рэспіраторных вірусных інфекцый з’яўляецца грып. Выклікаючы масавыя захворванні, ён наносіць вялікі эканамічны ўрон народнай гаспадарцы. Як з ім змагацца?

Каб развеяць мноства неабгрунтаваных жахаў,  да дыялогу запрасілі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталя ДЗЕГЦЯРОВА.

– Ёсць меркаванне, што грып – нязначнае недамаганне: чыхнуў раз, збіў тэмпературу медыкаментамі і, як кажуць, пайшоў далей. Таму прышчэпвацца зусім неабавязкова…

– Гэта вельмі небяспечная памылка! Грып з’яўляецца адным з самых сур’ёзных вірусных захворванняў, якія існуюць у цяперашні час. У першую чаргу, таксічнае ўздзеянне распаўсюджваецца на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека. Прыгнятаючы імунітэт, ён выклікае другасную інфекцыю – бактэрыяльныя пнеўманіі, міякардыты, атыты, поліарганную недастатковасць і іншыя.

Вірус грыпу перадаецца лёгка і непрыкметна: пры размове, кашлі, чыханні. Заразіцца ім можна на рабоце, у грамадскім транспарце, у магазіне, на рынку. Прынесці хваробу са школы ці дзіцячага сада могуць вашы сыны і дочкі. Дарэчы, у іх і пажылых людзей грып працякае асабліва цяжка. Толькі ўявіце сабе: пасля перанесенага грыпу сярэдняй цяжкасці арганізм здаровага чалавека траціць столькі сіл, колькі хапіла б на адзін год жыцця!

– Наколькі эфектыўная прышчэпка? Як адрэагуе на яе арганізм?

– З 2010 года ў Беларусі для імунізацыі насельніцтва выкарыстоўваюцца вакцыны, якія не ўтрымліваюць жывога віруса грыпу, а толькі яго асобныя часцінкі. Менавіта яны важны для фарміравання абароны супраць грыпу. У састаў вакцыны ўваходзяць тры штамы віруса, найбольш актуальныя для дадзенага эпідсезона. Прычым, вакцыны розных вытворцаў прынцыпова не адрозніваюцца па сваіх саставах. Мясцовыя і агульныя рэакцыі на яе ўвядзенне, як правіла, нязначныя (пачырваненне скуры, балючасць таго месца, непрацяглы галаўны боль – усе сімптомы павінны знікнуць самастойна праз 1-3 дні) ці адсутнічаюць наогул. Тым не менш, індывідуальную непераноснасць яшчэ ніхто не адмяняў, ды і алергічную рэакцыю выключыць на 100 працэнтаў нельга ніколі: любое іншароднае рэчыва, што трапляе ў арганізм, напрыклад, медыцынскі прэпарат, вакцына ці банальныя вітаміны, могуць выклікаць алергію. Таму перад прышчэпкай абавязкова трэба прайсці медагляд.

– На працягу якога часу дзейнічае прышчэпка? Ці можна захварэць, прайшоўшы вакцынацыю?

– Заўважу, што ў пацыентаў імунітэт фарміруецца толькі да таго штама віруса, якім яны перахварэлі. Вакцынацыя ж дазваляе завалодаць абаронай адразу ад усіх трох штамаў грыпу. Такім чынам, чым больш прышчэпленых людзей, тым ніжэй верагоднасць распаўсюджвання інфекцыі.

Абаронны ўзровень антыцел супраць віруса грыпу звычайна фарміруецца праз 2-3 тыдні пасля прышчэпкі і дзейнічае на працягу 6-12 месяцаў.

Трэба памятаць, што вакцынацыя супраць грыпу дапамагае толькі ад яго. Але! Нават калі прышчэплены чалавек захварэе, то, па-першае, сама хвароба працякае ў больш лёгкай форме, па-другое, колькасць ускладненняў менш у дзясяткі разоў! А грып, як вядома, страшны менавіта імі.

Зыходзячы з вопыту мінулых год, дарослыя вымушаны прапускаць работу па прычыне захворвання як мінімум 5 дзён, а ў складаных выпадках – да аднаго месяца. Адсюль – значныя эканамічныя ўроны як асобнаму калектыву ці прадпрыемству, так і ў цэлым дзяржаве.

Дадам, што дзякуючы прышчэпкам, з 2013-га не рэгістраваўся эпідэмічны пад’ём захворвання на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Школы не зачыняліся на каранціны. Уявіце сабе: у тых, хто летась праігнараваў вакцынацыю, узровень захворвання аказаўся вышэйшым на 73,6 працэнта, чым у прышчэпленых. У 2014-ым у нашай вобласці ўдалося не дапусціць каля 33 тысяч выпадкаў заражэння на грып, прадухіліць эканамічны ўрон у памеры больш як 85 мільярдаў рублёў.

– Якія вакцыны цяпер прапануюць лунінчанам?

– У наяўнасці ёсць “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці, “Ваксігрып” – французскай і “Інфлювак” – Нідэрландаў. Да вакцын, як і да іншых лекавых сродкаў, прад’яўляюцца жорсткія патрабаванні. Усе яны праходзяць абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю, пасля якой кожная серыя, што трапляе на тэрыторыю краіны, падвяргаецца ўваходнаму лабараторнаму кантролю.

Сёлета запланавана аха-піць вакцынацыяй каля 40 працэнтаў насельніцтва рэ-гіёна. Вядома, у першую чаргу, ёй будуць падвергнуты пацыенты з высокай рызыкай развіцця ўскладненняў і тыя, хто па роду дзейнасці вымушаны сутыкацца з натоўпам людзей, – асобы з хранічнымі захворваннямі, медработнікі, настаўнікі, дзеці дашкольнага ўзросту, навучэнцы і іншыя.

Гутарыла Наталля Паўлюкевіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть