Здоровье

«Разам – да здаровага сэрца»

сердце18-19 красавіка праводзіцца Рэспубліканская медыка-асветніцкая акцыя ў мэтах прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Звярнуць увагу на сваё здароўе заклікаюць работнікі раённай паліклінікі.

Урач-валеолаг Жанна КУЛЕШ:

– У Сусветны дзень здароўя, які, дарэчы, адзначаецца ўжо 65 год, выбіраецца тэма, якая адлюстроўвае нейкую прыярытэтную праблему грамадства. Сёлета вызначылі прафілактыку артэрыяльнай гіпертэнзіі, ад якой церпіць кожны трэці жыхар у свеце. Яна павышае рызыку развіцця інфаркту, інсульту, ныркавай недастатковасці. Калі высокі артэрыяльны ціск не кантраляваць, ён можа прывесці да арытміі, сардэчнай недастатковасці, парушэння зроку. Колькасць людзей з АГ з узростам павялічваецца: з дзесяці чалавек ва ўзросце ад 20 да 40 год церпіць адзін, ад 50 да 60 год – пяць.

Дэмаграфічныя страты выкліканы шэрагам хвароб. Артэрыяльная гіпертэнзія сярод фактараў рызыкі займае 2-3 месца разам са злоўжываннем алкаголем, прапусціўшы наперад толькі курэнне. Яна з’яўляецца вядучай прычынай інсульту – узнікае ў 85 працэнтаў хворых з павышаным артэрыяльным ціскам, знаходзіцца на першым месцы ў структуры прычын выклікаў брыгад хуткай дапамогі.

Загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Ірына ІГОЛКА:

– Ва ўсіх установах аховы здароўя арганізавана правядзенне змярэння артэрыяльнага ціску ўсім пацыентам, якія ўпершыню ў бягучым годзе звярнуліся за медыцынскай дапамогай. У 25 працэнтаў хворых выяўлена артэрыяльная гіпертэнзія. Гэта пацвярджае, што многія пацыенты нават не ведаюць, што ў іх павышаны артэрыяльны ціск. На жаль, нават тыя, што ведаюць, адносяцца да гэтага легкадумна і не жадаюць лячыцца, таму што нармальна сябе адчуваюць. Можна вызначыць і трэцюю катэгорыю групы рызыкі: тыя, хто лечацца, але недакладна і нерэгулярна. Аднак артэрыяльную гіпертэнзію нездарма называюць “маўклівым забойцам”. Шмат год яна шкодзіць сэрцу і сасудам і, калі не праводзіць своечасовае і дакладнае лячэнне, незваротна вядзе сваю ахвяру да інсульту, інфаркту, невідушчасці, слабасці сардэчнай мышцы. Але гіпертэнзію можна трымаць пад кантролем. Калі даводзіцца прымаць лекі, то змяненне ладу жыцця можа спрыяць лепшаму іх дзеянню. Простыя намаганні з боку чалавека з павышаным артэрыяльным ціскам могуць прывесці да яго значнага зніжэння.  

Урач-кардыёлаг Ірына КЛЮКА:

– У ліку рэкамендацый ўрачоў першая – дыетычны падыход да спынення гіпертэнзіі. Карысныя садавіна, агародніна, нятлустыя малочныя прадукты, наогул, прадукты з нізкім утрыманнем тлушчаў, чырвонага мяса, ласункаў, салодкіх напіткаў. Абавязкова – зніжэнне вагі. Абмяжуйце ўжыванне солі. На стале няхай перавалодвае рыс, авёс, вотруб’е, гародніна і садавіна, бульба, свежыя мяса, птушка, рыба. Адмова ад алкаголю дабавіць вам здароўя. Забяспечце сабе здаровы сон у начны час. Ужывайце калій, на які багатыя ўрук, фасоль, марская капуста, чарнасліў, ізюм, гарох, печаная ў “мундзіры” бульба, а таксама ялавічына, свініна, траска, хек, скумбрыя, кальмары, аўсянка, зялёныя гарошак і цыбуля, тамат, рэдыс, вінаград, абрыкосы і персікі. Арганізму таксама неабходны кальцый і магній. Першага шмат утрымліваецца ў малочных прадуктах, зелені і ласосі, другога – у жытнім і пшанічным хлебе з вотруб’ем, аўсянай, прасяной, грэчневай кашах, бураках, моркве, зялёным салаце і пятрушцы, чорных парэчках, грэцкіх арэхах, міндалі. Штодня трэба ўжываць 500 мг вітаміну С. Адмоўцеся ад курэння – гэта галоўны фактар рызыкі інфаркту міякарда. Пазбягайце стрэсаў. Навучыцеся “закрываць вочы” на дробязі і не хвалявацца з-за абставін, якія вам немагчыма змяніць. Займайцеся фізічнымі практыкаваннямі 5-7 разоў на тыдзень па 30-40 хвілін. На жаль, да гіпертэнзіі ёсць спадчынная схільнасць. Пакажыце дзіцяці прыклад, каб яно з маленства пасябравала са спортам.

У дні акцыі ўрачы правядуць сустрэчы ў працоўных калектывах, а памочнікі ўрачоў, “узброеныя” танометрамі і інфармацыйнымі матэрыяламі, выйдуць у грамадскія месцы. 18 красавіка артэрыяльны ціск будуць змяраць у аптэцы і ўніверсаме, 19-га – на чыгуначным вакзале. Людзі, у якіх выявяць схільнасць да гіпертэнзіі, будуць накіроўвацца на прыём да кардыёлага.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть