Здоровье

Рэцэпты онлайн

16

З другой паловы студзеня ў раённай паліклініцы пачалі выдаваць электронныя рэцэпты – пластыкавыя карткі для набыцця выпісаных прэпаратаў. Праўда, пакуль яны дзейнічаюць толькі ў адной аптэчнай сетцы – Брэсцкае РУП “Фармацыя”. “Лунінецкія навіны” даведаліся, як працуе сістэма і што будзе далей.

У будні дзень у паліклініцы заўсёды мнагалюдна. Каля кабінетаў – невялікія чэргі. Пытаю ў рэгістратара электронны рэцэпт. Запатрабаваўшы пашпарт, адправілі ў кабінет №10 (ён працуе 9.00 да 19.00, акрамя суботы і нядзелі). Тут выдалі персанальную электронную карту для медабслугоўвання, якая прывязваецца да асабістага нумара амбулаторнай карты. Усё прайшло даволі хутка і бясплатна.

– Для гэтых мэт атрымалі каля дзесяці тысяч электронных картак, – расказала загадчыца паліклінікі Людміла Елізава. – Пакуль іх проста прапануем, не навязваем. Карыстацца могуць толькі гараджане. Паколькі гэта пілотны праект, чалавек сам вырашае, афармляць электронны рэцэпт ці не. Згаджаюцца не ўсё. Калі эксперымент завершыцца паспяхова, то ў перспектыве такія карты з’явяцца ва ўсіх. У выпадку страты грамадзянін абавязкова павінен паведаміць у паліклі-ніку. Тады старая картка блакіруецца і выдаецца новая. У вобласці ў пілотным праекце «Электронны рэцэпт» задзейнічаны пяць рэгіёнаў. Для ўдзелу абавязковай умовай з’яўлялася ўстаноўка кожнаму спецыялісту на працоўным месцы камп’ютара з доступам у інтэрнэт.

Упершыню з навінкай сутыкнулася Юлія ГОЛІК(на здымку). Жанчыне патрэбен рэцэпт. Каб яго выпісаць, медсястра на камп’ютары ўвяла асабістыя дадзеныя пацыенткі.

– Прэпараты выпісваем па непатэнтаванай міжнароднай назве. А ў аптэцы чалавек ужо сам выбірае, ад якога вытворцы купляць прэпарат, – тлумачыць тэрапеўт Галіна Велясюк. – Акрамя гэтага, указваюцца дазіроўка, правілы прыёму і тэрмін дзеяння рэцэпта.

У агульнай базе ўрач таксама бачыць усю гісторыю прызначэнняў і можа паглядзець, ці сапраўды пацыент набываў лекі. Праўда, на тэставым этапе медыкі вымушаны праводзіць двайную работу: нават тым, у каго ёсць электронная карта, яны дубліруюць рэцэпт на паперы. Пакуль гэта – неабходнасць. Па-першае, страхуе ад магчымых збояў у сістэме. Па-другое, дае пацыенту права выбару: справа ў тым, што ў пілотным праекце ўдзельнічаюць толькі дзяржаўныя аптэкі «Белфармацыі».

– На сённяшні дзень яшчэ не існуе нарматыўнага дакумента, які б адмяніў папяровыя бланкі. Таму выдаем два рэцэпты. Калі пацыент хоча набыць прызначаны прэпарат у прыватнай аптэцы, то ён, як і раней, можа спакойна гэта зрабіць па папяровым, – удакладніў намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Анатоль Баран. – Электронныя рэцэпты больш за іншых павінны ацаніць пацыенты з храніч-нымі захворваннямі. Ім больш не прыйдзецца адседжваць чаргу толькі дзеля таго, каб зноў выпісаць неабходны прэпарат. Даволі зручна стане пажылым, якія з месяца ў месяц прыходзяць у паліклініку. Калі сістэма цалкам запрацуе, звяртацца да ўрача неабходна будзе толькі на абавязковыя агляды.

Са сваім электронным рэцэптам Юлія Голік адправілася ў цэнтральную раённую аптэку №68 «Белфармацыі». Правізар счытала штрыхкод з карткі і на экране манітора бачыла, што прызначылі пацыенту.

Намеснік загадчыцы ЦРА №68 Таццяна Медзіна ўпэўнена, што ідэя электронных рэцэптаў – правільная. Але фармацэўты змогуць ацаніць яе па вартасці толькі пасля завяршэння тэставага перыяду. Таму што пакуль яны таксама афармляюць продаж лекаў на паперы і ў камп’ютары, што зацягвае абслугоўванне.

– Вось, напрыклад, папрасіў чалавек прэпарат, які «правялі» ў сістэме. А потым ён вырашыў адмовіцца ад пакупкі, або замяніць на аналагічны ад іншага вытворцы. Аптэкар ужо не зможа нічога адмяніць. Спадзяюся, што ў будучым гэты момант будзе да-працаваны, – выказала пажаданне Таццяна Уладзіміраўна. – Па электронным рэцэпце ў нашых аптэках прадастаўляюцца скідкі на прэпараты: 2-працэнтныя – на замежнай вытворчасці і 5-пра-цэнтныя – на айчынныя. Яны не распаўсюджваюцца на лекавыя сродкі, прыгатаваныя па індывідуальных прызначэннях, а таксама на прэпараты, у якіх памер гандлёвай надбаўкі роўны або меншы за памер прадастаўляемай скідкі.

Дарэчы, электронныя рэцэпты – толькі першы этап запуску электроннай праграмы аховы здароўя. У будучым плануецца абагульніць у адзінай рэспубліканскай карпаратыўнай сетцы ўсю медыцынскую інфармацыю па кожным пацыенце. Тады пластыкавая карта цалкам заменіць і звыклыя папяровыя амбулаторныя карты.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть