Здоровье

«Сардэчная» размова з сардэчным доктарам

У яго няма адпачынку і выхадных – яно працуе дзень і ноч. Ад яго работы залежыць жыццё чалавека. Лічыцца, яно здольна адчуваць і перажываць, кахаць і дараваць, радавацца і смуткаваць. А іншыя ўпэўнены, што гэта ўсяго толькі орган для перапампоўвання крыві. Што рабіць, калі ў грудзях зашчыміць і што есці, каб не звяртацца да кардыёлага? На гэтыя і іншыя пытанні можна было атрымаць адказы падчас “Прамой лініі”, праведзенай у рамках абласнога праекта “Здаровае сэрца – залог поспеху”. Адказвае кардыёлаг ЦРБ Ірына Клюка.

– Што рабіць пры рэзкім павышэнні артэрыяльнага ціску?

– Па-першае, ні ў якім разе нельга яго рэзка зніжаць, асабліва ў сталым узросце. Неабходна прылегчы і пастарацца расслабіцца. Можна выкарыстаць адзін з прэпаратаў хуткага дзеяння: каптапрыл, кландзін, ніфедзіпін. Калі пры паўторным вымярэнні паляпшэння не назіраецца ці  з’явіліся болі ў гру-дзях, неадкладна выклікайце “хуткую дапамогу”.

– Як часта неабходна рабіць ЭКГ  у прафілактычных мэтах, калі ў родзе ёсць схільнасць да сардэчна-сасудзістых паталогій? На дадзены момант скаргаў і парушэнняў няма.

– Пры наяўнасці спадчыннасці раім праводзіць абследаванне не радзей, чым раз у год.

– Ад чаго з’яўляюцца задышкі і боль за грудзінай пры фізічнай нагрузцы? ЭКГ, рэнтген лёгкіх і аналізы ў норме.

– Названыя скаргі могуць назірацца пры вегетатыўнай дысфунк-цыі. Акрамя таго, з мэтай выключэння захворванняў сэрца, рэкамендуецца правесці функцыянальныя даследаванні – ацэнку работы сэрца пры фізічных нагрузках.

– Адкуль бяруцца хваробы сэрца?

– Рост захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы абумоўлены рознымі аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі фактарамі. Гэта старэнне насельніцтва, фінансава-эканамічная сітуацыя, павышэнне псіхаэмацыянальнай нагрузкі, змяненне харчавання, умоў жыцця ці працы, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю, маларухомы лад жыцця. Прычын хапае. Але мы, як правіла, задумваемся над імі, калі штосьці пачынае балець.

– Ці ёсць у нашай бальніцы сучасная апаратура, з дапамогай якой можна дасканала прайсці яго абследаванне?

– Ёсць холтараўскае манітараванне: чалавек са спецыяльным апаратам ходзіць суткі. Такім чынам назіраецца кардыяграма сэрца на працягу 24 гадзін, і па яе выніках урач робіць адпаведныя высновы аб стане пацыента.

– Маё пытанне наконт кавы. Распаўсюджана меркаванне, што яна – шкодна. Гэта – міф ці пацверджаны факт?

– Ох, ужо гэта кава! У вялікай колькасці кафеін, безумоўна, негатыўна ўплывае на здароўе чалавека. Аднак адзін-два кубкі не вельмі моцнага напітку ў дзень не ўяўляюць небяспекі. А лепш за ўсё піць слабы зялёны чай, сок, адвар шыпшыны.

– Што рабіць, каб жыць доўга?

– Нават здаровым  пацыентам раю час ад часу мераць свой ціск. У каго  ён павышаны, неабходна абавязкова прымаць прэпараты, якія назначае ўрач, а не суседка, у якой “гэтак жа ціснула ў грудзях”. І спыняць лячэнне самастойна забараняецца. Наогул жа, лепшая прафілактыка – гэта правільны лад жыцця. Трэба  адмовіцца ад шкодных звычак. Напрыклад, 5 цыгарэт у дзень павышаюць рызыку смерці на 40 працэнтаў. Пасіўнае курэнне таксама негатыўна ўплывае на арганізм чалавека. Старайцеся больш рухацца. Пажадана ўжываць менш солі. Карысна есці прадукты, якія ўтрымліваюць калій і магній – марскую капусту, разынкі, чырвоныя буракі, кабачкі, грэчку, гарбузы, нятлустае мяса. Не забывайце, што ежа павінна быць разнастайнай і якаснай.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть