Здоровье

Ваша здароўе

давлениеМЕРАЕМ ЦІСК
Вымярэнне артэрыяльнага ціску з’яўляецца адным з асноўных метадаў дыягностыкі артэрыяльнай гіпертаніі.
Замеры неабходна рабіць у адзін і той жа час напрацягу 10 дзён, запісваць і паказваць урачу на чарговым прыёме. Для хворых на арытмію і ў мэтах павышэння дакладнасці праводзьце серыю з 3-х вымярэнняў. За гадзіну да працэдуры нельга курыць, піць каву, прымаць прэпараты групы адрэнаміметыкаў (у тым ліку нафцізін, эфедрын і яго вытворныя), выконваць вялікія фізічныя нагрузкі.
Вымярэнне праводзіцца седзячы (абапіраючыся на спінку крэсла, з расслабленымі і не складзенымі на крыж нагамі, рука павінна ляжаць на стале), у спакойнай абстаноўцы, пасля 5-хвіліннага перапынку. У час вызначэння ціску нельга актыўна рухацца і размаўляць. У асаблівых выпадках дапускаецца ажыццявіць працэдуру, лежачы або стоячы.
Напэўна, хоць раз у жыцці ўсе карысталіся ручным танометрам. Манжэта мацуецца на ўзроўні сэрца. Мембрана фанендаскопа размяшчаецца на кропцы пульсацыі плечавай артэрыі (арыентавана ў вобласці локцевай ямкі). Трэба хутка накачаць паветра ў манжэту з дапамогай грушы і затым павольна выпускаць яго. Першы пачуты ўдар (гук) адпавядае значэнню сісталічнага (верхняга) ціску, узровень спынення тонаў – дыясталічнаму (ніжняму). Калі гукі слабыя, трэба падняць руку, некалькі разоў сагнуць яе і паўтарыць вымярэнне. Памятайце, што нармальны ўзровень артэрыяльнага ціску для дарослых – 120/80 мм рт.сл.
Наталля ЗАСТУПНЕВІЧ, урач-тэрапеўт УАЗ “Лунінецкая ЦРБ”.

МЕНІНГАКОКАВАЯ ІНФЕКЦЫЯ. ПРА ШТО ПАВІННЫ ВЕДАЦЬ?
Часцей за ўсё ад яе пакутуюць малышы да 3 год.
Менінгакок найбольш актывізуецца падчас эпідэміі грыпу, а яго пачатковыя клінічныя праяўленні нагадваюць звычайную прастуду. Узбуджальнiк iнфекцыi перадаецца ад чалавека, хворага цi здаровага (носьбiта) з кроплямi слiзi пры кашлі, чыханнi, размове. Заражэнню спрыяюць вялiкая колькасць людзей, парушэнне рэжыму тэмпературы i вiльгацi.
Часцей за ўсё ў тым, што заражаюцца дзецi, вiнаваты бацькi. З паяўленнем немаўляці ладзяць радзiны, хрэсьбiны i г.д. I нiхто не задумваецца, што сярод гасцей могуць знаходзiцца носьбiты менiнгакоку. Акрамя гэтага, мамы і таты часта бяруць малышоў, калi адпраўляюцца па магазiнах i крытых рынках.
Прафiлактычная вакцынацыя супраць менiнгакокавай iнфекцыi ў краiне не праводзiцца, таму пры падазрэннi на захворванне выклiкайце ўрача або хуткую дапамогу. Гуляйце з дзiцём толькi на адкрытым паветры, пазбягайце паездак у грамадскiм транспарце, удзелу ў святочных мера-прыемствах, звязаных з нараджэннем дзiцяцi.
Аляксандр ЯБЛУНОЎСКІ,
урач-педыятр філіяла №1 “Мікашэвіцкая бальніца”.

НЕ ДАПУСКАЙЦЕ ЁДНАГА ГОЛАДУ!
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ёдадэфіцытныя захворванні адносяцца да найбольш распаўсюджаных неінфекцыйных расстройстваў. Беларусы пакутуюць на ёдную недастатковасць лёгкай і сярэдняй ступеняў.
Ёд – асноўны элемент, які ўдзельнічае ў сінтэзе гармонаў шчытападобнай залозы. Яго дэфіцыт правакуе ўзнікненне эндэмічнага дыфузнага і вузлавога зобу, гіпатырэозу, крэцінізму, заўчаснага старэння, павялічвае рызыку рака шчытавідкі, зніжае інтэлектуальны патэнцыял усяго насельніцтва, што пражывае ў зоне ёднай недастатковасці.
Чалавеку ў суткі патрэбна 148 мікраграмаў гэтага элементу. У рамках дзяржаўнай праграмы праводзіцца абагачэнне ёдам пітной вады, хлебабулачных і малочных вырабаў. Яго ўтрымліваюць таксама морапрадукты, грэцкія арэхі, радыска, морква, хурма, чорнаплодная рабіна. Штодзённае ўжыванне ёдаванай солі пазбавіць ад неабходнасці купляць дорагакаштуючыя біялагічныя дабаўкі і лякарствы. Дасольвайце ежу ў канцы варкі, тушэння ці смажання страў. Смела выкарыстоўвайце яе ў кансервацыі.
Памятайце, трэба быць асцярожнымі пры прыёме любых прэпаратаў, якія ўтрымліваюць ёд. Самапрафілактыкай займацца нельга! Нават той жа ёдамарын, рэкламу якога часта бачым па тэлевізары, назначаецца ўрачом і толькі па медыцынскіх паказаннях! Не забывайце раз у год правяраць стан шчытападобнай залозы.
Ігар НЕВАР, галоўны ўрач УАЗ “Лунінецкая ЦРБ”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть