Здоровье

Выхоўваць трэба разам

Эфектыўнае ўзаемадзеянне школы, сям’і і грамадства па прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў і ўжывання наркатычных сродкаў, алкаголю і курэння стала тэмай дня інфармавання падчас бацькоўскага сходу ў Вялікачучавіцкай СШ.
Настаўнікі, бацькі і вучні ўважліва выслухалі ўрача ўчастковай бальніцы Анастасію Ярмаковіч, якая расказала пра шкодны ўплыў ад ужывання алкаголю, наркотыкаў і спайсаў. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Шчатко пазнаёміла з прафілактычнымі мерапрыемствамі, якія праводзяцца з “праблемнымі” вучнямі. Вопытам работы ў СВК “Чучавічы” падзялілася спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Алена Муравейка.
Цікавым і павучальным стаў прагляд кінафільма “Асцярожна! Цывілізацыя”. А колькі радасці прынесла бацькам выступленне іх дзетак!

 

У БАРАЦЬБЕ З ДУРМАНАМ
Ваша дзіця змянілася – страціла цікавасць да ранейшых захапленняў, стала горш вучыцца і прапускаць заняткі, а настрой без бачных прычын рэзка змяняецца ад абыякавасці да моцнай узрушанасці? Гэта можа быць справакавана рознымі фактарамі, у тым ліку і наркотыкамі.
Калі вашы асцярогі пацвердзіліся пачкамі запалак ці папяровымі пакецікамі з «траўкай» у рэчах падлетка, спецыфічным пахам у дзіцячым пакоі, не панікуйце, а паспрабуйце даверліва пагаварыць з сынам ці дачкой.
Падчас гутаркі, імкнучыся пазбягаць абвінавачванняў і папрокаў, выразна сфармулюйце здагадку. Раскажыце пра свае перажыванні за дабрабыт дзіцяці. Гаварыце, што такое наркотыкі і да чаго прыводзіць іх ужыванне, асабліва ў падлеткавым узросце. Падмацуйце словы сумесным праглядам і абмеркаваннем інфармацыі пра дурманлівыя рэчывы на спецыялізаваных сайтах, якіх сёння нямала ў інтэрнэце. Няварта спецыяльна абшукваць дзіця ці сачыць. Бо гэта, як і катэгарычныя забароны, могуць выклікаць рэакцыю пратэсту, якая выліваецца ў пераход на так званыя «цяжэйшыя» наркотыкі, канфлікты з законам.
Адзіны спосаб перамагчы дрэнную прыхільнасць – запоўніць падлеткавае жыццё годнымі і бяспечнымі заняткамі. Паспрабуйце ажыццявіць мару сына ці дачкі. Напрыклад, прафінансаваць якое-небудзь хобі, спрыяць новаму захапленню. Імкніцеся як мага больш часу адводзіць зносінам, і тады ў вас з’явіцца шмат сумесных спраў, хай і такіх дробных, як прагляд кіно, паход па магазінах.
Не апускайце рукі, размаўляйце з падлеткам, настойвайце на звароце да спецыяліста.
Псіхалагічная дапамога функцыянуе ў Брэсце кругласутачна, бясплатна, ананімна па нумары 8-(0162)-40-62-26.
Таксама «тэлефоны даверу» дзейнічаюць на базе Лунінецкай паліклінікі: псіхолаг (панядзелак, 15.00-16.00) – 2-42-52; нарколаг (аўторак, 15.00-16.00) – 2-42-38; філіяла №1 «Мікашэвіцкая бальніца»: нарколаг (чацвер, 15.00-16.00) – 36-671.
Вольга ВАЙТОВІЧ,
урач-нарколаг філіяла №1 «Мікашэвіцкая бальніца».

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть