Здоровье

Халодная «зброя» дахаў: ці пагражаюць лунінчанам ледзяшы?

Усе мы штогод сутыкаемся з небяспекай, якую тояць у сабе дахі дамоў. Зіма з папераменнымі замаразкамі і адлігамі прыводзіць да ледзяных нарастаў. Гэта праблема, у літаральным сэнсе, навісае над намі, уяўляючы сур’ёзную небяспеку. Вырашылі праверыць, наколькі «надзейныя» снежныя і ледзяныя карнізы райцэнтра.

Як аказалася, камунальнікі ў «шапку не спяць». На вуліцах Гагарына і Савецкая работнікі на аўтавышцы чысцілі дахі ад снегу і наледзі. Некаторыя магазіны райцэнтра агарадзілі небяспечныя ўчасткі сігнальнымі стужкамі, каб засцерагчы няўважлівых пешаходаў ад бяды. Гіганцкіх ледзяных «забойцаў» убачылі на некаторых прыватных дамах. Зрэшты, яны не нясуць ніякай небяспекі пешаходам. А вось шматлікія тратуарныя дарожкі палохаюць скарынкай лёду, замаскіраванай снегам. Варта ступаць больш уважліва, каб пасля не гаварыць вядомую фразу з кінафільма: «Паслізнуўся. Упаў. Ачнуўся – гіпс».

Каб не стаць ахвярай ледзяшоў, ні ў якім разе не хадзіце пад стрэхамі, карнізамі, балконамі дамоў, забараняйце дзецям гуляць на гэтых небяспечных участках. Калі падчас руху па тратуары вы пачулі наверсе падазроны шум, не спыняйцеся і не падымайце галаву, каб разглядзець, што там здарылася. Трэба як мага хутчэй прыціснуцца да сцяны, брыль даху паслужыць схованкай. Не варта пакідаць аўтамабілі паблізу будынкаў і збудаванняў. Неабходна таксама памятаць, што часцей за ўсё ледзяшы ўтвараюцца каля труб вадасцёкаў, таму гэтыя месцы фасадаў дамоў вельмі небяспечныя. Іх неабходна абыходзіць бокам.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть