Здоровье

За здароўем!

аптекаЗгадзіцеся, нават чалавеку, які адчувае сябе не вельмі добра і яго нічога не турбуе, акрамя ўласнага здароўя, куды прыемней заходзіць за гаючымі лекамі ў памяшканне, дзе светла і чыста, утульна і хораша. Дзе на вокнах – не проста фіранкі, а ўвасабленне дызайнерскай думкі – прыгожыя жалюзі, дзе гожа размясцілася сучасная мэбля, што нясе зручнасць не толькі работнікам, а, перш за ўсё, наведвальнікам. Менавіта такой на мінулым тыдні прыняла лунінчан абноўленая цэнтральная раённая аптэка. Таму і не дзіўна, што многія з іх задаволена звярталіся да фармацэўтаў: “З наваселлем!”.

Дакладней было б сказаць – з абнаўленнем. Рамонт гэтага без перабольшання важнага аб’екта наспеў даўно. За амаль 40 год эксплуатацыі ў аварыйны стан прыйшла электрычная праводка. З яе і вырашылі пачаць. Зразумела, што ў старым будынку недахопы пачалі  “чапляцца” адзін за другі. Урэшце Брэсцкім РУП “Фармацыя” было прынята рашэнне зрабіць у цэнтральнай раённай аптэцы №68 г. Лунінца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, за што загадчыца ўстановы Аляксандра Агіевіч шчыра ўдзячна кіраўніцтву на чале з Вячаславам Гніціем. Абласная структура ўзяла на сябе і фінансаванне ўсіх работ. Кропкай адліку стала 1 красавіка.

Нягледзячы на велізарны фронт работ, установа не зачынялася ні на дзень: пакуль ішоў рамонт дапаможных памяшканняў, асноўная зала працавала ў звычайным рэжыме. Як толькі наспела неабходнасць распачаць рамонт у памяшканні, дзе рэалізоўваюцца лекі, два рабочыя месцы з касавымі апаратамі абсталявалі ў пакоі з уваходам са двара. Пры навядзенні глянцу ў кабінетах тут стараліся ні на крок не адступіць ад строгіх патрабаванняў, якія прадугледжвае статус аб’екта. Нягледзячы на гэта, сёння тут у кожным памяшканні здолелі ўдала спалучыць эстэтыку са зручнасцю.

Абноўлены выгляд ЦРА №68 стаў чарговым крокам на шляху паступальнага развіцця аптэчнай сістэмы Лунінеччыны, якая налічвае 18 устаноў. Дзве з іх – у пасёлку Сельгастэхніка і будынку лунінецкага КБА – адкрыліся летась. Прычым першая ў поўным сэнсе слова мае сацыяльнае прызначэнне: ні наплывам наведвальнікаў, ні выручкай пахваліцца тут не могуць. Тым не менш, было прынята рашэнне пайсці насустрач жыхарам і для іх зручнасці адкрыць аптэчную ўстанову ва ўскраінным мікрараёне. З уводам сёлета новай аптэкі ў Лахве, на Лунінеччыне не засталося фармацэўтычных устаноў, якія б не адпавядалі ўсім строгім патрабаванням.

Сёння ў раёне паспяхова выконваецца адпаведны сацыяльны стандарт: 1 аптэка на 2,65 тысячы жыхароў у Лунінцы і на 3,27 тысячы – у вёсках раёна. На дасягнутым спыняцца не збіраюцца. Асаблівыя старанні зараз скіраваны на далейшае паляпшэнне культуры абслугоўвання наведвальнікаў, павышэнне прадукцыйнасці працы, актывізацыю інфармацыйнай работы з насельніцтвам, у тым ліку і па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

“Аптекарь, яко добрый гражданин, повинен быть искусен, честен, совестен, благоразумен”. Гэтыя словы са старажытных летапісаў па-сёння з’яўляюцца працоўным крэда згуртаванага калектыву работнікаў аптэк Лунінеччыны.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть