Заставацца вернымі – прафесіі, лунінеччыне, людзям
Здоровье

Заставацца вернымі – прафесіі, лунінеччыне, людзям

неварНапрыканцы мінулага тыдня вынікі работы за 2013 год падводзілі ў сферы аховы здароўя раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч, які браў удзел у нарадзе, назваў медыцынскую галіну індыкатарам настрою ў грамадстве. Гэтую думку ў інтэрв’ю нашай газеце падтрымаў галоўны ўрач установы аховы здароўя “Цэнтральная раённая бальніца” Ігар Леанідавіч НЕВАР: – Гэта насамрэч так. Сёння ў сферы аховы здароўя насельніцтва Лунінеччыны працуюць амаль 1700 чалавек – 192 урачы, 784 прадстаўнікі сярэдняга і 662 – малодшага медыцынскага персаналу. Штодня яны сустракаюцца з людзьмі, якія звяртаюцца да іх са сваім болем, праблемамі і спадзяваннямі на тое, што ім абавязкова дапамогуць пераадолець хваробы. І, трэба сказаць, надзеі гэтыя ўпаўне абгрунтаваныя. Пяцьдзесят пяць урачоў нашага раёна маюць першую кваліфікацыйную катэгорыю, 53 – другую, а 3 спецыялісты ў сваім урачэбным майстэрстве здолелі ўзяць самую высокую прафесіянальную планку, пацвердзіўшы адпаведнасць вышэйшай катэгорыі. Да таго ж, у раёне створаны, не пабаюся гэтага слова, выдатныя ўмовы для лячэння хворых. Ёсць цэнтральная раённая бальніца на 276 ложкаў, філіял №1 “Мікашэвіцкая бальніца” на 140 ложкаў, чатыры ўчастковыя стацыянары, дзе адначасова могуць папраўляць здароўе да 120 чалавек. Дастаткова запатрабаванай застаецца і бальніца сястрынскага догляду, дзе знаходзяцца 15 пажылых хворых людзей. Акрамя гэтага, амбулаторную дапамогу аказваюць Лунінецкая і Мікашэвіцкая паліклінікі, 4 амбулаторыі пры ўчастковых бальніцах і 12 самастой-ных урачэбных амбулаторый, з якіх 9 – урача агульнай практыкі. Ёсць 6,5 брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. Як разумееце, на ўтрыманне ўсяго гэтага “арсеналу” патрэбны немалыя сродкі. Дастаткова сказаць, што летась з мясцовага бю-джэту на гэтыя мэты выдаткавана больш як 121 мільярд рублёў, з якіх амаль 6 мільярдаў пайшлі на набыццё вельмі важнага і патрэбнага абсталявання. Як ведаеце, закуплены першы ў рэспубліцы перасовачны дыягнастычны комплекс “Скрынэкспрэс”, які дапаможа на ранніх стадыях выяўляць небяспечныя захворванні лёгкіх і малочнай залозы. Для раённай бальніцы набыты відэакалонаскоп, а для Мікашэвіцкай за сродкі РУВП “Граніт” – фібрагастраскоп. Пастаянна абнаўляецца абсталяванне рэанімацыйнага і радзільнага аддзяленняў, аперацыйных залаў. Іншымі словамі, робіцца ўсё для таго, каб медыцынская дапамога была не толькі своечасовай і даступнай, але і якаснай. – Ці можаце пацвердзіць гэта лічбамі? – У раёне, пачынаючы з 2010 года назіраецца ўстойлівае зніжэнне агульнай смяротнасці насельніцтва. Зараз гэты паказчык складае 13,6 праміле. Адначасова адзначаецца павелічэнне нара-джальнасці – 11,8 праміле. І ўсё ж дэмаграфічная сітуацыя на Лунінеччыне пакуль застаецца трывожнай. Нягледзячы на вышэй пазначаныя станоўчыя факты, смяротнасць пакуль пераважае над нараджальнасцю. Часцей за ўсё паміраюць людзі ад хвароб сістэмы кровазвароту, ад старасці і ад новаўтварэнняў. Лічу, што сёння варта больш уважліва ставіцца да дыспансерызацыі насельніцтва. Своечасова выяўляць асоб з груп рызыкі і тым самым папярэджваць непажаданыя наступствы самых розных хвароб. Датычыць гэта як кардыялагічных, так і анкалагічных хворых. Дарэчы, выпадкаў выяўлення анкалагічных захворванняў на апошніх стадыях у раёне становіцца ўсё менш, але гэты паказчык у нас пакуль горшы за сярэднеабласны. Вялікія спадзяванні ўскладваем на новае абсталяванне, пра якое казаў вышэй. Яно дапамагае выяўляць хваробы на ранніх стадыях, а значыць, дазволіць істотна павялічыць колькасць тых, хто здолеў пераадолець небяспечную хваробу. – У ходзе нарады начальнікам аддзела лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву абласнога ўпраўлення аховы здароўя Ігарам Максімавым была звернута ўвага на павелічэнне на Лунінеччыне колькасці выпадкаў суіцыду. Гэты факт сам па сабе дастаткова трывожны сігнал, але ці не сведчыць ён, у тым ліку, аб кадравых праблемах? У раёне ж дагэтуль няма кваліфікаванага псіхатэрапеўта. – На жаль, летась колькасць выпадкаў суіцыду павялічылася ў параўнанні з 2012 годам амаль у чатыры разы: з 6 да 23-ох. Прычым 19 грамадзян, якія добраахвотна развіталіся з жыццём, знаходзіліся ў працаздольным узросце. Большасць з іх – жыхары сельскай мясцовасці. Адсутнасць названага вамі спецыяліста, магчыма, паўплывала на такое становішча, але толькі ўскосна. Нельга сказаць, што нашы медыкі бяздзейнічалі: праве-дзена вялікая колькасць сустрэч і гутарак у працоўных калектывах, наладжана псіхалагічная дапамога на базе раённай паліклінікі, працуе “тэлефон даверу”, кансультацыйную дапамогу аказваюць урач псіхіятр-нарколаг і псіхолаг, ёсць патрэбная літаратура… Але ж пэўна бачны пралікі. Разумеем, што да кожнага асобна ўзятага чалавека дайсці складана, аднак імкнуцца да гэтага трэба. Верагодна, не ў той ступені, якая патрэбна, наладжана ў нас сёння сувязь з прадстаўнікамі органаў улады на месцах, праваахоўнікамі, якія маглі б своечасова падказваць адрасы тых, хто трапіў у “групу рызыкі”, знаходзячыся на мяжы паміж свядомасцю і безразважлівасцю. Магчыма, варта выйсці на супрацоўніцтва са свяшчэннаслужыцелямі, якія дапамогуць чалавеку зразумець, што зводзіць рахунак з жыццём – смяротны грэх, у якім чалавек ужо ніколі не здолее раскаяцца… – У гэтым сэнсе варта прыгадаць яшчэ адну антыграмадскую з’яву, якая стаіць побач з вышэй пазначанай бядой – п’янства і алкагалізм. Якое адлюстраванне яна знаходзіць у медыцынскіх лічбах і фактах? – Колькасць смерцяў ад выпадковага атручвання алкаголем засталася на ўзроўні 2012 года – 14 выпадкаў. Заданне па штогадовым зніжэнні гэтага паказчыка на 5-7 працэнтаў не выканана. Але ж станоўчая дынаміка заўважана і ў гэтай справе: менш стала асоб, у якіх дыягнаставаны алкагольны псіхоз. Значыць, дало пра сябе ведаць ранняе выяўленне алкагольнай паталогіі і яе своечасовае і якаснае лячэнне. Пра гэта сведчыць і змяншэнне колькасці хранічных алкаголікаў. Станоўчы ўплыў аказвае актыўная прафілактычная работа сярод падлеткаў – колькасць непаўналетніх, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, зменшылася на 12 працэнтаў. Акрамя гэтага, за мінулы год з дыспансернага ўліку знялі 140 чалавек, якія цярпелі ад гэтай сацыяльнай хваробы. Пэўны станоўчы вынік дала і тая акалічнасць, што летась на базе нашай паліклінікі ўкаранілі кадзіраванне ад алкагольнай залежнасці. На жаль, спецыяліст, які практыкаваў аказанне гэтай запатрабаванай паслугі, не так даўно пераехаў у адзін з абласных цэнтраў… – Ці не сведчыць гэта пра тое, што маладыя ўрачы не зацікаўлены надоўга затрымлівацца ў палескай глыбінцы? – Сёння ўкамплектаванасць урачамі ў нас складае 98 працэнтаў пры каэфіцыенце сумяшчальніцтва 1,3. Са 192 урачоў 18 знаходзяцца ў водпуску па догляду за дзецьмі. Урачоў пенсійнага ўзросту – 33. Асабліва востра адчуваецца недахоп хірургаў і ўрачоў акушэр-гінеколагаў. Летась на працу прыбылі 24 выпускнікі медыцынскіх ВНУ, у тым ліку 7 маладых спецыялістаў і 12 урачоў-інтэрнаў. Сем урачоў, якія праходзілі інтэрнатуру на базе цэнтральнай раённай бальніцы, сталі паўнапраўнымі маладымі спецыялістамі самых розных медыцынскіх профіляў. На жаль, за гэты ж час выказалі жаданне пакінуць наш калектыў 14 чалавек. Прычыны самыя розныя. Варта ўлічыць, што і кіраўніцтва раёна, і мы са свайго боку заўсёды стараемся зрабіць усё для таго, каб медыцынскія кадры, асабліва ўрачы, затрымаліся на Лунінеччыне. Аднак удаецца гэта не заўсёды. Думаю, што ад’язджаюць, перш за ўсё, тыя, хто з самага пачатку не меў намеру звязаць лёс з Лунінеччынай. І гэта крыўдна, бо ў раёне створаны выдатныя ўмовы як для лячэння хворых, так і для работы медыцынскага персаналу. Будзем спадзявацца, што 23 маладыя спецыялісты, якія прыедуць да нас сёлета, ацэняць гэта па вартасці і будуць больш адданымі палескай глыбінцы і яе працавітым людзям. Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть