Жыццё вартае таго, каб за яго змагацца!
Здоровье

Жыццё вартае таго, каб за яго змагацца!

onkologiya

Рак з даўніх часоў лічыцца ворагам чалавецтва, а іншы раз нават своеасаблівым «прысудам». Старажытныя ўрачы сцвярджалі, што гэтую хваробу лепш не чапаць, не ўмешвацца ў яе працяг. Пра тое, што лічаць сучасныя спецыялісты, расказвае ўрач-анколаг раённай паліклінікі Рэгіна Швіткова.

– Анкалагічныя захворванні ў апошнія гады ператварыліся ў страшнае бедства. Ці так гэта?

– Усяго на ўліку ў раёне знаходзіцца 1648 анкалагічных хворых. Сёлета зарэгістраваны 207 новых выпадкаў. Трэба адзначыць, што медыцына не стаіць на месцы. Нельга разглядаць рак, як немінучую смерць. Ёсць людзі, якія з названым захворваннем жывуць больш за 20-30 год. І ў нашым раёне ёсць такія прыклады.

Дарэчы, таксама знаёма з мужчынай, у якога некалькі гадоў таму выявілі рак падстраўнікавай залозы з метастазамі ў брушной поласці. Яму зрабілі аперацыю, правялі хіміятэрапію. Урачы з вобласці казалі, што “пражыве максімум паўгода”. Мінула амаль пяць… Не ведаю, ці можна вылечыць рак на апошніх стадыях, але гэты чалавек пастаянна бывае ў руху, нешта робіць. Заўсёды сцвярджае, што калі заняты, то забывае на час пра боль і хваробу (М.А.).

– Да каго звярнуцца, каб атрымаць накіраванне на кансультацыю да анколага?

– Гэта можа зрабіць участковы тэрапеўт, хірург і нават фельчар даўрачэбнага кабінета.

– Што ўяўляе сабой абследаванне?

– Спачатку выслухоўваем скаргі, збіраем анамнез: ці былі праблемы раней, якога характару. Далей аглядваем. Калі пацыент прыходзіць ужо з вынікам папярэдніх абследаванняў, супастаўляем з цяперашнім станам. Калі ёсць неабходнасць, назначаем паўторную кансультацыю.

– Назавіце найбольш распаўсюджаныя месцы лакалізацыі рака ў хворых у нашым рэгіёне?

– У жанчын – грудзі і палавыя органы: шыйка маткі, яечнікі; у мужчын – прастата. У тых і іншых захворванню нярэдка падвяргаюцца лёгкія, страўнік, тоўсты кішэчнік, ныркі, скура.

– Наколькі наперад рушыла медыцына ў плане дыягностыкі анкалагічных захворванняў на Лунінеччыне?

– На сённяшні дзень існуе вялі-кая колькасць метадаў выяўлення: біяпсія, анкамаркеры, мамаграфія і іншыя. Набыты дыягнастычны рэнтгенаўскі комплекс «Скрынэкспрэс», у склад якога ўваходзяць пульмаскан і лічбавы мамограф, дазваляе праводзіць скрынінг з мэтай прафілактыкі і ранняй анкапаталогіі.

Жыхары таксама маюць магчымасць здаць аналіз крыві на выяўленне спецыфічных бялкоў, якія выпрацоўваюцца клеткамі злаякасных пухлін. Гэтую працэдуру прызначае анколаг.

– Часам чалавек ідзе да доктара з трывожнымі сімптомамі, спрабуе растлумачыць свой стан,
а ўрач «супакойвае»: маўляў, усё гэта толькі здаецца, аналізы ў парадку. І пацыент, баючыся быць настойлівым, больш не звяртаецца за дапамогай.

– Сапраўды, такая сітуацыя можа быць. У нейкім сэнсе гэта тлумачыцца перагрузкай медыкаў. Напрыклад, 15 хвілін, адпушчаныя па нарматыве тэрапеўту на прыём, не дазваляюць поўнасцю выслухаць пацыента. Але трэба разумець, што здароўе чалавека нікому не павінна быць так дорага, як яму самому. Настойлівасць у барацьбе з ракам нярэдка мае вырашальнае значэнне. З кожным годам з’яўляюцца новыя, больш удасканаленыя прэпараты і метады барацьбы. Сцвярджэнне, што рак – прысуд, ужо састарэла.

– Прынята лічыць, што рак скуры выклікае празмернае захапленне загарам.

– Захворванне можа быць выклікана не толькі празмерным уз-дзеяннем сонца. Сёлета ў раёне па гэтай прычыне выяўлены 41 выпадак. Часта самі па сабе ці пасля траўмы перараджаюцца некаторыя віды радзімак, папілом. Варта звярнуць увагу, як яны сябе паводзяць. Калі на іх з’яўляецца ранка, якая не гоіцца працяглы час, трэба абавязкова звярнуцца да спецыяліста. Таксама павінна насцярожыць, калі радзімка або папілома стала змяняць колер, форму, ці памер.

– Рак малочнай залозы – адно з самых цяжкіх захворванняў, якія сустракаюцца ў жанчын. Што рабіць, калі выяўляецца нейкае ўшчыльненне?

– Неабходна з вынікам абследавання і здымкам ісці на прыём да спецыяліста. Як правіла, большасць утварэнняў добраякасныя. Аднак вырашаць, якое лячэнне неабходна, будзе толькі ўрач. Маюць месца выпадкі позняга звароту за медыцынскай дапамогай. Усяго ж за 9 месяцаў гэтага года на Лунінеччыне выяўлена 15 выпадкаў.

Штогод у рамках месячніка супраць рака малочнай залозы на тэрыторыі раёна праводзім агляд малочных залоз, а таксама  кансультацыі з наступным даабследаваннем, арганізоўваем выезды ў сельсаветы, арганізацыі, распаўсюджваем метадычны матэрыял і паказваем відэафільмы.
Другое месца сярод злаякасных новаўтварэнняў у жанчын у нашай краіне займае рак шыйкі маткі. Для яго характэрны размеркаванне пацыентаў з пікам захворвання: 35-39 год і ў 60-64. Сёлета выяўлена 5 выпадкаў анказахворванняў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы.

– Назавіце групы рызыкі?

– На першым месцы – спадчыннасць. Хвароба можа перадавацца па матчынай лініі. Па-другое, змяніліся некаторым чынам паводзіны прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Нарадзіўшы адно дзіця, яны спяшаюцца выйсці на работу, а прыродай прызначана выкарміць малыша грудзьмі. Правільнае рэпрадуктыўнае жыццё складаецца яшчэ і з рэгулярных палавых кантактаў. Іх адсутнасць – трэці фактар рызыкі. Правакуюць развіццё рака і аборты. Асабліва небяспечна спыненне цяжарнасці для непаўналетніх.

– Як жа змагацца, а яшчэ лепш папярэдзіць страшнага ворага?

– Самае галоўнае – трэба быць уважлівым да свайго арганізма. Рэкамендуецца правільна харчавацца, больш рухацца, не курыць, не захапляцца спіртным, рэгулярна наведваць медыцынскія ўстановы. У Японіі, напрыклад, медагляд праводзіцца два разы на год прама на рабочых месцах. Калі супрацоўнік з гэтым не згодны, то вымушаны будзе пакінуць установу. Калі і ў нашай краіне былі б такія жорсткія патрабаванні, то своечасова выяўлялася б  намнога больш сур’ёзных захворванняў. Ёсць пацыенты, якія проста праходзілі медагляд або дыспансерызацыю і не падазравалі пра свой дыягназ, таму што рак на першай-другой стадыях развіваецца латэнтна і бязбольна.

Сёння анкалагічную хваробу можна перамагчы. Не бойцеся звяртацца да спецыялістаў, праходзіць абследаванне. Дай Бог усім у добрым здароўі дажыць да старасці.

Гутарыла Марына АРЭШКА.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть